epub
 
падключыць
слоўнікі

Вісарыён Гарбук

Юльчын ранак

 

Ужо колькі разоў, устаючы ранкам, Юлька хацела сама прыбраць пасцель. Ды кожны раз што-небудзь перашкаджала. То ў хаце былі дарослыя, і яна саромелася. То на двары сабака з кошкай схопяцца, а гэта ж — ой як цікава! А звычайна проста не хапала рашучасці. Ложак засцілала маці. І Юльцы заставалася толькі дзівіцца, як у матулі ўсё хутка і хораша выходзіць.

Сёння ж усе нібы змовіліся дапамагчы дзяўчынцы. Падкраўшыся да ўзгалоўя, яе пабудзіла само сонца. Юлька была адна ў хаце, з вуліцы яшчэ не даносіліся галасы сябровак. І — самае галоўнае — Юлька адчула, што сёння яна ўжо можа прыбраць пасцель зусім гэтак жа, як і мама. Ну, вядома, ні мама, ні хто іншы нават не здагадваюцца, на што ўжо здольна Юлька.

Дзяўчынка хуценька спаўзла з ложка, надзела сукенку, якая ляжала поруч на табурэце, і, не бавячыся, перанесла з ложка на табурэт коўдру. У адзін момант коўдра апынулася на падлозе! Каля ног у дзяўчынкі паднялася мяккая копачка, на якую так і захацелася сесці з падскокам. «Што я — маленькая?» — стрымала сябе Юлька і пасля некалькіх спроб усцягнула коўдру на табурэт.

Падушкі былі цяжкія. Адну яшчэ сяк-так удалося пакласці на коўдру, а другую прыйшлося кінуць на падлогу.

Сцягнуўшы з пярыны прасціну, дзяўчынка выбегла на ганак, каб вытрасці яе. Юлька ўскідвала прасціну перад сабой, трэсла, але не, гучных стрэлаў, гэтакіх, як у мамы, не атрымлівалася. Вярнуўшыся ў хату, дзяўчынка пачала ўзбіваць пярыну. Во дзе цяжар!..

Тады Юлька забралася пад пярыну з нагамі і пусціла ў ход усё: галаву, локці, калені. Дзяўчынка пыхкала, падала, упіралася рукамі і нагамі, падымалася і зноў падала, але свайго дамаглася: пярына перавярнулася. Крыху перадыхнуўшы, Юлька замалаціла па ёй кулачкамі: «Вось табе! Вось табе!» У носе заказытала. Юля чыхнула. «На здароўе, дачушка!» — «Дзякую!» — сказала сама сабе дзяўчынка. Ну, цяпер можна заслаць прасціну, а па ёй і коўдру. І зноў трэба то ўзбірацца на ложак, то злазіць. Там пасцель запала, нібы лагчынка, а тут во — нібы купіны...

Нарэшце засталося ўсцягнуць падушкі. Адну на адну. Каб было высока. А рагі затаўчы ўсярэдзіну... І гэта атрымалася! Можна злезці — падзівіцца. Трэба трошкі падправіць коўдру... Ну, вось і ўсё!

Юльчынай радасці не было канца. Падскакваючы, яна пабегла на кухню — памыцца. «Хто гэта так хораша заслаў?» — чулася дзяўчынцы запытанне мамы. Але Юля — сціплая. Яна не кінецца адразу выхваляцца: «Гэта я! Гэта я...» Пачакае, пакуль мама яшчэ раз не перапытае: «Дачушка, няўжо ты сама?» Вось тады ўжо Юля падбяжыць да мамы, прытуліцца. «Я,— скажа ціхенька.— Я цяпер кожную раніцу буду сама прыбіраць у пакоі».

Так думала дзяўчынка, чакаючы маму. Наспех памыўшыся, наспех з’еўшы пірага з малаком, яна то пазірала ў акно, то выбягала на ганак, а маці ўсё не было.

Адчуўшы сябе гаспадыняй у хаце, дзяўчынка перакапала зямлю ў вазонах і паліла іх. Вось як добра, як весела будуць цяпер расці кветкі, напіўшыся вадзіцы. Юлька асцярожна прытулілася шчакой да зялёных лісточкаў. Заўважыўшы, што крыху разліла каля вазонаў ваду, дзяўчынка пабегла на кухню, узяла анучу і выцерла падлогу. У гэты час прыйшла маці.

— Ты, дачушка, толькі прачнулася?

— Ага, мама.

«Мама паверыла! Зараз яна зойдзе і ахне!» — думала Юлька.

Радасная ўзрушанасць дзяўчынкі расла з кожнай хвілінай. А маці ўсё нешта перабірала ў сваім кошыку, даставала бутэлькі з малаком, масла, цыбулю. Нібы нельга потым усё гэта расставіць і раскласці!..

Нарэшце мама зайшла ў пакой. Асцярожна, на пальчыках, затаіўшы дыханне, следам за мамай ішла Юлька.

Агледзеўшы пакой, мама здзіўлена пляснула рукамі:

— Хто ж гэта ў нас прыбраў гэтак хораша?

Юлька з палёгкай уздыхнула.

— Гэта я...

— Памочніца мая любая! — прытуліла маці дачушку.— Работніца мая залатая!

— Я заўсёды буду так,— паабяцала Юлька.

— А цяпер, дачушка,— сказала маці,— ідзі пагуляй. Потым мы з табой возьмемся гаспадарыць — бялізну мыць будзем.

Юлька крутнулася на адной назе і пабегла да сяброўкі.

— Ага,— не ўцярпела, пахвалілася яна,— а мы з мамай сёння будзем гаспадарыць!..

Падумала і дадала:

— Бо я ўжо вялікая...

1961

 


1961

Тэкст падаецца паводле выдання: Гарбук В.С. Горад без папугайчыкаў: Выбр. творы. [Для сярэд. шк. Узросту / Аўт. уступ. артыкула А. Васілевіч; Маст. В. Губараў]. – Мінск, Юнацтва, 1983.— 239 с., іл.
Крыніца: скан