epub
 
падключыць
слоўнікі

Вісарыён Гарбук

Касмічная тайна

 

 

Са мной здарылася неверагоднае. Я стаў мурашыным царом. І ўсё — праз Дзімку. Як гэта здарылася? Ды зусім нечакана.

Дзімка жыве ў суседнім доме. І ўсяго яму шэсць гадоў. Наогул, нядрэннае хлапчаня. Але толькі не любіць мурашоў. Ні вялікіх, ні малых. Было — топча іх на кожным кроку. Дзе толькі ўбачыць.

А я мурашоў паважаю. Ваююць яны, як сапраўдныя салдаты. Нават палонных захопліваюць. Сады і гароды ўласныя маюць.

Ёсць мурашкі, якія вісяць у спецыяльных сутарэннях на столі, а іх таварышы збіраюць з кветак нектар і кормяць іх, кормяць, пакуль тыя ў бочачкі не раздуюцца. А зімой з гэтых бочачак уся мурашыная сям’я ласуецца. Вось здорава!

Пра ўсё гэта я расказаў Дзімку. Расказаў, што мурашкі і шкоднікаў знішчаюць, што яны — санітары зямлі. Нават сваіх нябожчыкаў хаваюць. А яму — быццам да сценкі гарох. Як ні зірну — топча мурашак і топча. Мала таго, дык іншых яшчэ падбухторвае. Малечу розную.

Аднойчы не вытрымаў я і ў лесе на сцежцы падступіўся да Дзімкі. Адлупцаваць або за вушы надзерці? Ды стрымаўся: хіба так трэба выхоўваць!

Трымаю браканьера за каўнер, а сам разважаю: «І што ты за дзіва такое?! Нейкая дашкольная драбяза, ані пераканаць, ані выхаваць! Ці я сам ні на што не здольны?..» Зірк — рыжы лясны мураш вусеня цягне. І проста на нас! Вусень то ляжыць нерухома, а то як выгнецца, як падскочыць! Разы са два вырываўся са сківіц мураша, але і паляўнічы не здаваўся.

Я тут жа адпусціў Дзімку. Якая цікавая барацьба ідзе! А Дзімка р-раз! І — нагой! Я нават аслупянеў ад разгубленасці, а потым раззлаваўся ўжо не на жарт:

— Гэтага я табе ніколі не дарую! Ты не ведаеш, што я вучу мурашыную мову? Ужо нават размаўляю. Буду іх уладаром, мурашыным царом! Сёння ж, зараз жа збяру ўсіх мурашак, запрашу да сябе іх мурашыную царыцу і раскажу, які ты дрэнны хлопчык! Потым пакажу царыцы пакой, дзе ты спіш. А мурашы самі прыдумаюць табе пакаранне.

Дзіўна, але пагроза так падзейнічала, што Дзімка, гэты неслух, раптам звярнуўся да мяне, нібы да дарослага:

— Не кажы, калі ласка, пра мяне царыцы! Я ніколі не буду нішчыць мурашоў!

І, нібы піянер, ускінуў правую руку.

— Чэснае слова!

— Ладна,— строга сказаў я.— Пра нашу размову нікому ні слова! Можаш ісці!

Дзень мінае, другі. Бачу з акна, Дзімка ля дома ўсю малечу сабраў.

— Мурашкі — санітары зямлі,— тлумачыць дзецям.— Будзем ім домікі будаваць! Насіце пясок!

Потым сам падбег да мяне.

— Я ні аднае мурашкі не забіў! — пахваліўся ён і ціхенька пытаецца:

— А як цябе мурашкі клічуць: уладаром ці царом Валодзем Першым?

— Пра гэта нават на Марсе нельга ні пытацца, ні адказваць! — папярэдзіў я.— Гэта касмічная тайна!

— А мне можна мурашынай мове навучыцца? — пытае Дзімка.

— Калі будзеш ахоўваць мурашоў, думаю, можна...

Прыбег я дамоў, кінуўся на канапу, смяюся да слёз!

Расказаў пра Дзімку тату, маме. Яны таксама пасмяяліся. Толькі тата сказаў, што я ўжыў антыпедагагічны прыём. Нельга ашукваць малых. Трэба іх толькі пераконваць.

Дык я ж усё лета пераконваў, і якая карысць! А тут невялічкі ўзлёт фантазіі, і адразу дапамагло. Нават сапраўды захацелася зрабіцца мурашыным уладаром. Царом Валодзем Першым!

Якое гэта ашуканства?..

1972

 


1972

Тэкст падаецца паводле выдання: Гарбук В.С. Горад без папугайчыкаў: Выбр. творы. [Для сярэд. шк. Узросту / Аўт. уступ. артыкула А. Васілевіч; Маст. В. Губараў]. – Мінск, Юнацтва, 1983.— 239 с., іл.
Крыніца: скан