epub
 
падключыць
слоўнікі

Вісарыён Гарбук

Лялька

 

Інжынер-капітан Голубеў працаваў у адным з пакояў штаба сваёй часці. У асабняку, які знаходзіцца ў прыгарадзе Берліна, былі адчынены ўсе вокны. Капітан то схіляўся над картай, то час ад часу ў задуменні глядзеў на каламутныя воды ракі Шпрэе як на канцавы рубеж яго ваеннага лёсу. У той сонечны ранак 1945 года здавалася, што разам са смеццем і абломкамі, якія ўсё яшчэ неслі хвалі ракі, змываецца з зямлі ўся нечысць фашызму.

Над цеснай Шпрэе, нібы пужаючыся руін, што абступілі берагі, мітусіліся галодныя чайкі. Іх несупынныя жаласныя стогны разам з ветрам заляталі ў вокны, і тады неадступная горыч тугі па Радзіме ў грудзях Голубева станавілася яшчэ мацнейшай. Думаў ды і гаварыў ён толькі аб адным: калі ўбачыцца з жонкай і са старэнькай матуляй у Мінску, калі ўпершыню возьме на калені (ёй ужо споўнілася чатыры гады!) дачушку Маечку.

Патанаючы ў мяккім пазалочаным крэсле, інжынер-капітан чытаў апошні ліст ад жонкі. Яна пісала, што «на хаце зусім спарахнела страха», «дачушка бегае басанож» і што «далей чакаць цябе ў нас няма ўжо аніякіх сіл».

«А Майчыны кудзеркі зусім не слухаюцца грабеньчыка, і колер іх нагадвае калоссе спелай пшаніцы, калі глядзіш на яго здалёк...» «Жонка пра дачушку піша, як паэт!» — радаваўся ён.

Чытаючы і перачытваючы гэтыя радкі, Голубеў заклапочана думаў, калі яму ўдасца вырвацца адсюль.

Мякка расчыніліся цяжкія дзверы. Увайшоў старшы тэхнік-лейтэнант Дубаў, яго таварыш па службе, малады, вясёлы, чыста паголены. Лёгка несучы ў руцэ перавітую ружовай стужкай вялізную кардонную каробку, ён падышоў да стала інжынер-капітана.

— Неўзабаве мы ўсе будзем дома. Вось тваёй Маечцы невялічкі падарунак ад мяне.

І ён выцягнуў з каробкі ляльку і пасадзіў яе на калені таварышу. Гэта была дакладная пластмасавая копія дзяўчынкі год пяці, з доўгімі светла-залацістымі завітушкамі валасоў. Яна была апранута, як дзіця з заможнай сям’і. На нагах блакітныя шкарпэткі, замшавыя туфлікі. Дубаў нахіліў ляльку, яна вымавіла «ма-ма» і заплюшчыла вочы.

— Так,— уздыхнуў інжынер-капітан.— Цікавая цацка. Можна гуляць. Ну што ж, дзякуй, Міхась! Жадаю тваёй разанскай нявесце хутчэй пабачыць цябе. Уяўляю, з якім нецярпеннем чакае яна.

Дубаў стаяў і з усмешкай сачыў, як яго таварыш, ледзь датыкаючыся пальцамі, перабіраў на патыліцы лялькі кучаравыя пасмачкі. Нечакана рукі Голубева зрабілі неасцярожны рух, які бывае ў кантужаных. Ён скалануўся, змяніўся з твару. Лялька хіснулася і, перакуліўшыся, ніцма ўпала на паркет.

— Чые?..— перапытаў Дубаў.

— Майданек...

Нібы пакрыўджанае дзіцянё, ляжала на паркеце лялька. Золата валасоў з чыёйсьці галоўкі веерам разляцелася каля стаптаных кірзавых ботаў інжынер-капітана. Дубаў рукамі няўмекі падняў з падлогі свой падарунак і завіхнуўся пакласці ў каробку.

— Даруй мне! — схамянуўшыся, папрасіў Голубеў.— Я не хацеў яе ўпусціць.— І яго добры змораны твар зрабіўся засмучаным, нібы ён пастарэў за гэтую хвіліну.— Не, не магу бачыць яе...

Не спяшаючыся, Дубаў закрыў каробку і толькі тады ўбачыў, як з яе саладжавай ружовай этыкеткі якойсьці нямецкай фірмы ўсміхалася ўскормленае шчаслівае дзіцянё.

— Так,— прамовіў Дубаў, узяў каробку і, нібы труну дзіцяці, вынес з пакоя.

1956

 


1956

Тэкст падаецца паводле выдання: Гарбук В.С. Горад без папугайчыкаў: Выбр. творы. [Для сярэд. шк. Узросту / Аўт. уступ. артыкула А. Васілевіч; Маст. В. Губараў]. – Мінск, Юнацтва, 1983.— 239 с., іл.
Крыніца: скан