epub
 
падключыць
слоўнікі

Вісарыён Гарбук

Ластаўка

 

 

Памяці кранаўшчыцы Тані Бібінай

Ніколі яшчэ рычагі кантралёра не былі такія паслухмяныя Таніным рукам. Дзіва што! У сённяшнюю кароткую летнюю ноч яна ўпершыню зразумела, што кахае. Стоячы ў кабіне крана, Таня зноў і зноў прыпамінае ўсе падрабязнасці ўчарашняга вечара. Вось яна на веласіпедзе ў зялёным завулку, што вядзе да ракі. Яе даганяе Віталь і кажа:

— Ластаўка, едзем разам!

Аднойчы пасля працы, гады з два ўжо таму, калі Таня яшчэ з асцярогай апускалася з кабіны па прыступках лесвіцы, да яе падышоў прараб і спытаўся:

— Ну як табе там, у небе?

Дзяўчына сумелася.

— Там ластаўкі,— адказала яна.— Так і ўюцца.

— Перашкаджаюць рабоце?

— Ды не,— пачырванела Таня.— Занадта ўжо блізка да іх...

Прараб акінуў здзіўленым позіркам невялічкую танклявую постаць у сінім камбінезоне і ўсміхнуўся:

— Эх ты, ластаўка!

А на вытворчай нарадзе прараб пераблытаў імёны дзяўчат.

— Ды не тая Зорына,— паправілі яго Таніны сяброўкі.— Гэта ж кранаўшчыца... Ластаўка.

З таго вечара і пачалі Таню зваць Ластаўкай. І яна не пярэчыла.

З радасцю адгукнулася дзяўчына і Віталю:

— Давай навыперадкі!

Узбуджаныя хуткай яздой і свежасцю вечара, яны спыніліся ля ракі пад вярбой і моўчкі захапляліся, як на дальнія паплавы пераляталі ныркі.

— Наведаў я ўранку нашу старэнькую школу,— пачаў Віталь.— Нічога не пазнаў. Усё змянілася.

— Я часта бегала туды,— адказала Таня.— Потым з год не была. Села за парту, устала і ледзь не перакуліла яе. Мы так рагаталі з дзяўчатамі.

Памаўчаўшы, сказала:

— Я мора яшчэ не бачыла. Мабыць, яно ўсё палымнее, калі сонца заходзіць.

— А я на самалёце ні разу не лётаў,— прызнаўся хлопец.— Паглядзець бы зверху на наш пасёлак. І ў Маскву...

— Мяне возьмеш? — пажартавала Таня.

Нечакана Віталь сказаў:

— Як было б добра штовечар наведвацца сюды.— І ледзь чутна дадаў: — З табой.

«Гэта праўда? Гэта пра мяне? Ну скажы! Паўтары!..» — просіць у думках дзяўчына, а сама нібы шкадуе:

— Я палярнага ззяння ніколі не бачыла. Пішуць — усё неба нібы вясёлкай расквечана: зіхаціць, пераліваецца... Якое шчасце — усё ўбачыць самой... Але і тут, на беразе, так хораша. Прыедзем заўтра!

Заўтра — гэта сённяшнім вечарам.

Машына за машынай ідуць грузавікі з цэглай, рошчынай, бэлькамі. Таня, нібы сваімі рукамі, паднімае гэты цяжар на трэці паверх — апошні паверх новай школы. Увосень тут будзе шчабятаць дзятва. А старэнькі драўляны будынак, дзе яна вучылася, застанецца толькі ў памяці. Вунь ён ціха прытуліўся да зямлі і здаецца такім невялічкім.

Вось толькі што паўз яе кран прайшлі туды хлопчыкі і дзяўчынкі. І з імі Надзя, даўняя сяброўка. Будуць спяваць. Рыхтуюцца да вечара мастацкай самадзейнасці.

У Надзі добры голас. Тонкі музычны слых. Яны заўсёды разам спявалі. Таня закончыла школу ФЗН і стала кранаўшчыцай, а Надзя паехала ў педагагічнае вучылішча. І абедзве вярнуліся дадому, у свой пасёлак. Вярнуўся з арміі Віталь. Любы, дарагі Віцечка. Няўжо гэта той хлопчык-задзіра з паралельнага «Б»? Чорны, загарэлы. Падняўся на цэлую галаву ад яе! А рукі! Сапраўдны слесар-механік... І такі разумны.

Ластаўкі неяк дзіўна сцелюцца каля самай зямлі. Няўжо будзе дождж? З адчыненых вокнаў школы далятае песня.

Вецер ірве яе на часткі, але Таня падхоплівае матыў і спявае сама. Дзяцінства мінула, а песня аб дзіцячым шчасці засталася на ўсё жыццё.

«Віра!» — крычыць з пляцоўкі брыгадзір. Ягоная рука энергічна паднімаецца і крэсліць у паветры спіраль. Стоячы перад кантралёрам, Таня праз шкло кабіны сочыць за няхітрай камандай брыгадзіра. Націскаючы на рычаг, яна накіроўвае стралу з грузам уверх, а пад крык «майна!» апускае яго на патрэбнае месца. Покуль падыдзе чарговая машына, можна зноў памарыць.

Але што гэта? Нібы дрыжыкі прабягаюць па кране, зазвінелі шыбкі. Чаму так доўга не чуць машын? Таня падхапілася. Неба ўсё попельна-шэрае. Вецер гоніць па зямлі смецце, лісце, пясок. Наляцела віхура.

Махаючы рукамі, Таню клічуць уніз рабочыя, заве брыгадзір. Трэба безадкладна пакідаць кран. Вецер вырывае з яе рук дзверы, збівае з прыступак. Хутчэй на зямлю. Там — толькі прайсці за вугал будоўлі — майстэрня, а ў ёй — Віталь. Мабыць, і ён чакае і не дачакаецца сустрэчы...

І раптам — думка: а што, калі віхура набярэ сілы, сарве кран з упораў і перакуліць. Страла накрые школу, а ў ёй...

Усе, хто былі на пляцоўцы, ахнулі. З апошняй прыступкі, нібы штосьці забыла, Таня падхапілася назад, да кабіны.

Шалёны вецер з нарастаючай сілай кідаў дзяўчыну на тонкія пруты зламаных пярэчын, збіваў з коўзкіх прыступак. Прыціскаючыся да ўжо ненадзейнага перапляцення з металу, Таня настойліва чаплялася, карабкалася і лезла ўверх. Саслізнуліся ногі. Вецер кінуў яе на круг пярэчыны, Таня паспела схапіцца за лесвічную раму. Прыступка, яшчэ прыступка. Колькі ж іх яшчэ? Усё роўна наверх, толькі наверх! І хутчэй!

Вось і пляцовачка перад дзвярыма. Выццё і свіст, лясканне і трэск, скрыгатанне і грукат — усё злілося ў адзін бесперапынны гул. Разбуральная сцяна з ліўня і ветру прыціснула Таню да дзвярэй, і здавалася, не было ніякай магчымасці адчыніць іх. Быў толькі адзін спосаб, і Таня знайшла яго: выбіла ў дзвярах ніжнюю дошчачку.

Напружыўшы сілы сваёй сямідзесяцітоннай махіны, кран здрыгануўся раз, другі, забразгаў... Яго сарвала з упораў і пагнала ў безнадзейна кароткі тупік.

І ў гэты момант страла крана скранулася з месца і пайшла ў бок ад старэнькага будынка, якога ў навальніцу і не было відаць...

Кран ударыўся аб зямлю, аж яна застагнала...

Усе, хто даведаўся аб гібелі кранаўшчыцы Тані, ішлі развітацца з ёю. Знаёмыя са здзіўленнем пыталіся: няўжо яна — тая дзяўчына, што жыла і працавала з імі? Незнаёмыя спяшаліся пабачыць — якая яна?

«Яна такая, як і мы!» — з хваляваннем думалі ўсе.

Ластаўкай у небе прамільгнулі дні кахання Віталя і назаўсёды засталіся ў яго сэрцы.

1961

 


1961

Тэкст падаецца паводле выдання: Гарбук В.С. Горад без папугайчыкаў: Выбр. творы. [Для сярэд. шк. Узросту / Аўт. уступ. артыкула А. Васілевіч; Маст. В. Губараў]. – Мінск, Юнацтва, 1983.— 239 с., іл.
Крыніца: скан