epub
 
падключыць
слоўнікі

Вісарыён Гарбук

Ліпеньскім ранкам

 

Пад дахам нашага дома, у вузенькай шчыліне франтона, вераб’іная пара звіла сабе гняздо. Некалькі сцяблінак травы, затрымаўшыся паміж дошак, тырчалі ў розныя бакі. Да аднае былінкі прыстала белае пёрка. Аднойчы ліпеньскім ранкам за дошкамі пачуўся слабы піск. Усе жыхары дома па некалькі разоў праходзілі міма, не звяртаючы на яго аніякае ўвагі. Толькі маладая жанчына, будучая маці, падышла, прыслухалася і з гордай радасцю звярнулася да ўсіх, хто быў у двары:

— Вы чуеце? Пішчаць! Там — малюпасенькія дзеці. Ай, як хораша!

Я паглядзеў на прасветлены мацярынскім шчасцем твар жанчыны, на яе спакойныя рукі, скрыжаваныя на грудзях, паслухаў бездапаможны піск птушанят і раптам адчуў, што і неба, і дрэвы, і людзі, і нават сонца — усё навокала прасякнута яе замілаваннем.

1959

 


1959

Тэкст падаецца паводле выдання: Гарбук В.С. Горад без папугайчыкаў: Выбр. творы. [Для сярэд. шк. Узросту / Аўт. уступ. артыкула А. Васілевіч; Маст. В. Губараў]. – Мінск, Юнацтва, 1983.— 239 с., іл.
Крыніца: скан