epub
 
падключыць
слоўнікі

Вісарыён Гарбук

Люстэрка

 

 

Гэта было вельмі даўно. Жылі на свеце светлая кучаравая дзяўчынка і чорнавалосы хлопчык. Яны разам гадаваліся і заўсёды разам гулялі.

Дзяўчынку звалі Айя, бо яна часта гушкалася на галінках дрэў і спявала:

— Ай-я!.. Ай-я!..

Хлопчыка празвалі Пуф: у яго была звычка моцна надзімаць шчокі. Айя любіла ўскапваць градкі, садзіць кветкі і даглядаць іх. Пуф зрываў кветкі або ганяўся за матылямі.

— Паслухай, Пуф! — аднойчы сказала Айя.— Чаму я бачу неба і траву? Бачу, як ноччу зіхацяць зоркі, бачу цябе, а сябе ніяк не магу ўбачыць? Хацелася б ведаць, якога колеру мае вочы, які твар, на каго я падобная.

— Кажуць,— адказаў Пуф,— што мы бачым толькі іншых і ніколі — сябе. Я добра бачу рыбак пад вадой, бачу цябе, нават у сне, а які я, не ведаю.

— Ты,— сказала Айя,— падобны на таго, хто хістаецца ў вадзе, калі ты нахіляешся над ёю. Але ўсё ж такі гэта не ты.

— І я не раз бачыў у рэчцы дзяўчынку, падобную на цябе, але ні разу не змог злавіць, як лаўлю цябе ў час гульні.

Засмуцілася Айя.

— Прыдумаць бы нештачка, дзе можна было б бачыць сябе так, як мы бачым іншых,— сказала дзяўчынка.

Падслухаў гэтую гутарку стары добры чарадзей. Раней, калі людзі яшчэ нічога не ўмелі прыдумваць, сярод іх жылі добрыя чарадзеі. Як маглі яны дапамагалі людзям.

Тры дні і тры ночы думаў чарадзей, і яму ўдалося зрабіць сапраўднае люстэрка. Глянеш у яго — бачыш сябе. Варухнешся — і твой адбітак паўтарае тыя ж самыя рухі.

Узрадаваўся чарадзей і прыйшоў да дзяцей. Падносіць люстэрка да Айі.

— Хто гэта там? — спытала Айя.

— Ты! — адказаў чарадзей.

— Гэта я? — здзівілася Айя і доўга ўзіралася на сябе.

— А чаму я не бачу там Пуфа? Не бачу іншых? Я хачу, каб усе там былі на ўвесь рост.

Чарадзей спагадліва ўсміхнуўся і сказаў:

— Хай падыдзе Пуф.

— Гэта я? — спытаўся Пуф і доўга-доўга назіраў за сваім адбіткам.— А чаму, калі я адыду ўбок, мяне там няма? — незадаволена сказаў хлопчык.— Я хачу заўсёды быць там і каб усе мяне бачылі!

— Добра,— пагадзіўся чарадзей.— Дайце час, і я зраблю, як вам хочацца.

Чарадзей знік.

Вырас Пуф і стаў каралём у сваёй дзяржаве. Вырасла Айя і стала нявестай Пуфа. У дзень вяселля з’явіўся чарадзей і падарыў ім абаім па люстэрку.

Нагледзелася Айя ў сваё люстэрка і, радасная, запрасіла да яго ўсіх гасцей, што былі на вяселлі. Усе падыходзілі да люстэрка Айі, дзівіліся і не маглі надзівіцца: ніхто ж ні разу так ясна не бачыў усяго сябе адразу. І ніколі Айя не была такая шчаслівая: гэтулькі радасці прынесла гасцям яе люстэрка!

І Пуф быў вельмі задаволены падарункам чарадзея, які выканаў яго даўняе жаданне. Але госці, убачыўшы ў люстэрку аднаго надзьмутага Пуфа, адышлі ад яго адбітка і зноў стоўпіліся перад люстэркам Айі.

Пуф выказаў чарадзею жаданне мець столькі сваіх адбіткаў, колькі людзей у яго дзяржаве, і каб усе мелі гэтыя адбіткі. А ў той час і чарадзеі слухаліся каралёў, і пажаданне Пуфа было выканана. Хутка не засталося ніводнага дома і ніводнае сцяны ў дзяржаве Пуфа, дзе б ні віселі адбіткі яго асобы.

Пуф загадаў разбіць люстэрка Айі. І гэта было зроблена. Але цішком людзі пазбіралі ўсе асколачкі ад люстэрка і, хаваючыся ад каралеўскіх наймітаў, любаваліся ў іх на свае адбіткі. З замілаваннем яны заўважылі, што нават сонца і кветкі любяць адлюстроўвацца ў гэтых асколачках.

Ішлі гады.

Даўным-даўно памерлі Пуф і Айя. Без дапамогі чарадзеяў людзі навучыліся вырабляць усялякія люстэркі, дзе ўбачылі, якія прыгожыя і яны самі, і іншыя. Ніхто не захаваў адбіткаў Пуфа, а ў люстэрку Айі мы дзівімся на сябе і па сённяшні дзень.

Так і ўсё добрае, што робіцца для людзей, назаўсёды застаецца ў іх памяці.

1961

 


1961

Тэкст падаецца паводле выдання: Гарбук В.С. Горад без папугайчыкаў: Выбр. творы. [Для сярэд. шк. Узросту / Аўт. уступ. артыкула А. Васілевіч; Маст. В. Губараў]. – Мінск, Юнацтва, 1983.— 239 с., іл.
Крыніца: скан