epub
 
падключыць
слоўнікі

Вісарыён Гарбук

Мабыць, таму

 

Маёй маме няма калі мяне любіць. І тату няма калі. Яны заўсёды на рабоце. А калі дома, дык абавязкова прымусяць мяне штосьці неадкладнае зрабіць.

Добра, што ў мяне сучасная бабуля. Яна сама ўсё робіць. За сябе і за мяне. «Я,— кажа,— не хачу, каб маёй Светачцы ўся гэтая мука-дакука даставалася».

Я ведаю, што ў мяне павінна быць бясхмарнае дзяцінства. А калі я падрасту, робаты будуць. Ідзеш загараць або ў кіно і толькі скажаш, а робат пасцель засцеле і абед згатуе. Усё зробіць, як мая бабуля. Вернешся, а ён смачненькае табе на стол паставіць.

Я вельмі люблю сваю бабулю. Праўда, твар яе ў зморшчынках, а рукі такія, што калі дакранецца, ажно мурашкі па скуры. Мне лянота займацца гімнастыкай, але я ўсё роўна буду прыгожай. Чаму ўсё роўна? Навука для нашага пакалення элексір прыгатуе. Не такі, як у мамы, для скуры, а каб ніколі не старэць. Я сама пра гэта чула. Па радыё. Тата сказаў, што гэта фантазія для лянівых. А навошта тады навука?..

Шкада, што бабуля не разумее школьных задачак, а мне няма дзе купіць робата, які сам лічыць. Я хачу, каб ён быў падобны на чорнага чорціка з доўгім хвастом. І ўсё нецікавае за мяне рабіў. Тады маё дзяцінства будзе зусім бясхмарнае.

Прыкра, што мяне і маю бабулю ніхто не разумее. Нават сяброўкі. Яны смяяліся, калі я сказала, што да праса не дакранаюся. Беларучкай празвалі. І слухаць не жадаюць, што я зусім не так павінна расці, як мае бацькі. «Ну і дурнічка ты яшчэ! — здзівілася бабуля.— Навошта прызнавацца, што за цябе робяць? Калі ёсць за кім, чаму не паленавацца!» Якая ж я шчаслівая, што маю такую свядомую бабулю!..

А ўчора мы з ёю да цёткі Зіны ездзілі. У аўтобусе поўна людзей і толькі адно незанятае месца. Бабуля адразу пасадзіла мяне, і я стала глядзець у акно. Я так люблю назіраць, як міма цябе ўсё праносіцца, мільгаціць.

І вось у дарозе ўзяў і прычапіўся да мяне дзядзька. У капелюшы, з рыжай барадой. Зусім незнаёмы. Загадаў мне ўстаць, а бабулю запрасіў сесці. Бабуля кажа, што я яе ўнучка і што ён не мае права да мяне чапіцца. А дзядзька давай яшчэ мяне сароміць! Тады бабуля сказала, што ён самы сапраўдны эгаіст, які ўсіх сваіх дзяцей пакідаў і зненавідзеў чужых. Усе ў аўтобусе смяяліся. А бабуля дала мне шакаладку і сказала, каб я не хвалявалася. Але я зусім замарылася сядзець. І на сваё месца я пасадзіла бабулю, а ўсю шакаладку з’ела стоячы.

Пасля такога выпадку я добра зразумела, хто такія эгаісты. Яны не любяць дзяцей і прымушаюць рабіць толькі тое, што ім хочацца. Гэта яны думаюць, нібыта мне цяжка будзе жыць на свеце. Бабуля кажа, што яны ад зайздрасці так гавораць. Ну і няхай! Я ўсё роўна буду шчаслівай.

Крыўдна, што гэтага не разумее ні мой тата, ні мая мама. Мабыць, таму, што ім заўсёды некалі.

А вы як думаеце: права я са сваёй бабуляй ці не? Можа, і вы мне будзеце зайздросціць?!

1978

 


1978?; 1981

Тэкст падаецца паводле выдання: Гарбук В.С. Горад без папугайчыкаў: Выбр. творы. [Для сярэд. шк. Узросту / Аўт. уступ. артыкула А. Васілевіч; Маст. В. Губараў]. – Мінск, Юнацтва, 1983.— 239 с., іл.
Крыніца: скан