epub
 
падключыць
слоўнікі

Вісарыён Гарбук

Малінавае варэнне

 

 

Бабуля вярнулася з горада з пакупкамі. Першай, вядома, пазнаёмілася з імі Ніна. Таз і тры эмаліраваныя каструлі. Зверху каструлі блакітныя, а ўсярэдзіне — белыя. Блакітныя і накрыўкі. Вельмі прыгожыя. У кожную з каструль можна пасадзіць ляльку або медзведзяня і выкупаць.

— Ты на Месяц ляцець сабралася, ці што? — здзівіўся дзед, зайшоўшы на кухню.— Гэтулькі накупіла!

— Але, на Месяц! — адказала бабуля, расстаўляючы каструлі.— Вось у гэтай добра будзе гатаваць крупнік, у гэтай халаднік трымаць, у тазе — варэнне варыць. Ну, а гэта...

Бабуля сумелася, бо не магла растлумачыць, навошта купіла трэцюю каструлю, і накінулася на дзеда:

— Ты ніколі не купіш, хоць і бачыш, што трэба. Сподкі пабіліся. Хутка чаю не будзе з чаго піць.

— Ну годзе, годзе,— апраўдваўся збянтэжаны дзед.— Я вунь табе халадзільнік — з шафу велічынёй — купіў, а сподкі — дробязь...

Твар у бабкі адразу палагаднеў, але яна ўсё ж не здавалася:

— Дробязі, дробязі, а без іх ні кроку.

Пасля такой размовы Ніна зразумела, што бабуля будзе рабіць з тазам і каструлямі на Месяцы. Патрэбна толькі невялічкае ўдакладненне:

— Бабуля! А варэнне з малін?

— З малін.

І Ніна ў думках убачыла на Месяцы густыя зараснікі малінніку з пахучымі ягадамі — ну якраз як у дзядулі ў садзе. Ягады смачныя, а варэнне яшчэ смачнейшае.

— З клубніц таксама? — дапытваецца Ніна.

— Таксама,— адказвае бабуля.

Значыць, на Месяцы ёсць і градкі з клубніцай. Ніна разам з бабуляй будзе збіраць там ягады і варыць з іх варэнне ў новым бліскучым тазе.

Ну, а паколькі Ніна і ўся сям’я вечарам п’юць чай, сабраўшыся за сталом, то і на Месяцы ёсць такі ж утульны пакойчык з плафонам пад столлю і карункавымі фіранкамі на вокнах.

— Бабуля, а на чым я палячу? — пытаецца Ніна.

— Куды?

— На Месяц.

— Ах, вунь ты пра што! — усміхаецца бабуля і сур’ёзна адказвае: — На сваім самалёціку.

Ніна разумее, што бабуля жартуе, і пярэчыць:

— Самалёцік маленькі. Гэта цацка. Я палячу з вамі на ракеце, як у кніжках намалявана. Усе разам сядзем у ракету. Я закрычу: «Уперад!» — і ракета паляціць: «Піп-піп, піп-піп!»

Бабуля з дзедам кудысьці збіраюцца ісці. Папярэдзіўшы Ніну, каб яна хораша гуляла і не сваволіла, яны пакідаюць яе адну.

Але, узрушаная хуткім адлётам, дзяўчынка не можа сядзець спакойна. Яе позірк спыняецца на пыласосе. Ура! Вось яна, сапраўдная ракета!

Ніна выцягвае пыласос з-пад ложка, садзіцца на яго вярхом, упіраецца нагамі ў падлогу, і пыласос коціцца на колцах. «Піп-піп! Піп-піп!» — радуецца Ніна.

Нешта застопарылася. Перакруціліся дарожкі на падлозе. Прэч іх! Расчыніць усе дзверы! Наперад, наперад! «Піп-піп! Піп-піп...» А што, калі ракета, як у бабулі, загудзе?.. Трэба дацягнуцца з провадам да разеткі і ўторкнуць гэтыя бліскучыя ножкі. Не дастаць, высока... А калі падставіць крэсла? Во, цяпер добра. Уставіла! А чаму не гудзе? Ой, забылася: яшчэ трэба вось так шчоўкнуць...

Гу-у-у...

Ніна ажно спалохалася, калі загуў пыласос. Во, цяпер сапраўдны палёт! Да мяне, мае лялькі! Мядзведзь, сюды! Сядайце спераду. Не бойцеся, я з вамі! Піп-піп! Гу-у-у!

— Гэта што яшчэ за забаўкі? — раптам чуецца ад дзвярэй вокліч маці. Яна кідаецца да разеткі, вырывае шнур.— Ты толькі паглядзі! — звяртаецца яна да бацькі, які таксама заходзіць у пакой.— Не дзяўчынка, а нешта неверагоднае!

— І ёй хочацца ў космас! — усміхаецца бацька.

Зняўшы дачку з пыласоса, ён пытае:

— А дзе ж бабуля з дзедам? Чаму яны пакінулі цябе адну?

— Бабуля з дзедам,— хітра прыжмурыўшыся, кажа дзяўчынка,— паляцелі на Месяц. Яны там у новым тазе будуць варыць малінавае варэнне...

1961

 


1961

Тэкст падаецца паводле выдання: Гарбук В.С. Горад без папугайчыкаў: Выбр. творы. [Для сярэд. шк. Узросту / Аўт. уступ. артыкула А. Васілевіч; Маст. В. Губараў]. – Мінск, Юнацтва, 1983.— 239 с., іл.
Крыніца: скан