epub
 
падключыць
слоўнікі

Вісарыён Гарбук

Малюнак

 

 

Настаўніца загадала нам намаляваць з натуры кветку ў вазоне.

— А кактус — кветка? — спытаў я.

— Безумоўна,— адказала яна.

Я ўзрадаваўся. Наш кактус падобны на зялёны гурок, які ўваткнулі ў зямлю. Лёгка маляваць. Рэбры з калючкамі раз-раз алоўкам і — гатова.

Калі маляваў, укалоў аб кактус палец.

— У-у, злюка! — схапіўся я за палец.— Не чапай мяне, зялёны вожык!

І тут я ўспомніў дражнілку:

 

— Ты чаму калючы, вожык?

А вожык адказвае:

— А хіба без голак можна?

 

І растлумачвае:

— Тут са мной жывуць суседзі:

Воўка, лісы і мядзведзі.

 

Дзяўчаткі з нашай вуліцы любяць паўтараць гэтую дражнілку мне. Гэта ж я — Воўка. Мне робіцца весела. Падабаецца, што вожык успамінае мяне сярод такіх страшных і хітрых звяроў.

Дзяўчаткі сябруюць са мной. Я заўсёды абараняю іх ад задзір. Няхай хто-небудзь зачэпіць якую дзяўчынку, я хапаю таго за руку і кажу:

— Ану, сцісні кулак! Сагні руку ў локці. Мацней!

Той згінае, я мацаю яго руку і пытаюся:

— Гэта што ў цябе? Мускулы. А ты на каго кідаешся? Ты мяне зачапі!

— І зачаплю,— надзімаецца задзіра, але стараецца непрыкметна адступіць.

Бывае, што і мне пападае. Але гэткае рэдка здараецца. Калі на чужой вуліцы я адзін пападуся.

Здаецца, кактус на малюнку атрымліваецца зусім падобны на наш. Засталося рэбры дадаць ды на рэбрах калючак-зорачак наставіць.

Бач ты, павучок пад калючкамі! Знайшоў сховішча. Зялёны — і не заўважыш адразу. Маскіровачка. А вось і моль на цэлы дзень спаць сюды забралася. Хітрая. Ад мамы схавалася.

Ну, кактус, падымай сваю калючую галаву! Яшчэ тут правесці зялёным алоўкам. А тут чорным. Вось так. Мабыць, пазіраеш на мяне і думаеш: «Малюй, малюй! Бачыш, як і ты, я не толькі сябе абараняю. Стаю ў вазоне на акне, грэю бакі на сонцы і расту паціху. Ты нават паліваць мяне забываеш. Добра, што я родам з мексіканскай пустыні і магу вытрываць любую суш».

Чакай, адкуль жа я даведаўся, што кактус з Мексікі? Здаецца, разам з мамай у энцыклапедыі чыталі. А кактус нам нехта з гасцей мінулым летам прынёс. На гэтых рэбрах раслі бародаўкі. Аказалася, гэта яго дзеткі — маленькія кактусяняты. Сядзяць па баках, растуць і карэньчыкі ўніз пускаюць. Кактусянят мы з мамай паздымалі. Што знаёмым падарылі, а што наўкруг рассадзілі. Цяпер кактусу весела. Можа, і кактусянят дамаляваць? Не, цеснавата на лістку — не атрымаецца.

А што ж гэта за зорачка ля самага краю вазона? Вожык з прасяное зерне. Хоць у лупу разглядай. Вось здорава — кактусяня!.. Зелянее! Значыць, жывое! І нават карэньчык выпусціла. Толькі чамусьці не да зямлі! Убок расце. Ды гэта мы з мамай яго адарвалі і не заўважылі! Паліла яго сонца. З акна сушыла скразнякамі. Ніхто не паліваў. Мо калі-нікалі перападала расінка. І есці не было чаго. А ён цэлы год прастаяў на сваіх іголках і — жывы! Вось гэта стойкасць!

Добра, што настаўніца такое заданне прыдумала. Ану, вожык, станавіся ў гэтую ямку! Ты яшчэ і выскакваеш! І ўжо колешся!.. Вось так — карэньчыкам уніз. Зараз вакол цябе зямлю алоўкам утрамбую. А цяпер палью. Расці, дружа! Цябе я абавязкова намалюю. Вось тут, збоку. І ўсю тваю сям’ю. А заадно і хітрага павучка з моллю.

Месца малавата. Але нічога. «У цеснаце, ды не ў крыўдзе!» — кажа маці, калі за сталом поўна гасцей.

Сёння за свой кактус атрымаў тройку. Іншыя дзеці розныя краскі — лілеі з гартэнзіямі — намалявалі! А я не з-за кветак маляваў кактус з кактусянятамі! Я, можа, за яго характар так стараўся! Хацелася характар перадаць.

А можа, не здолеў перадаць?.. Падумаеш, бяда! Затое маё кактусяня расце!..

1967

 


1967

Тэкст падаецца паводле выдання: Гарбук В.С. Горад без папугайчыкаў: Выбр. творы. [Для сярэд. шк. Узросту / Аўт. уступ. артыкула А. Васілевіч; Маст. В. Губараў]. – Мінск, Юнацтва, 1983.— 239 с., іл.
Крыніца: скан