epub
 
падключыць
слоўнікі

Вісарыён Гарбук

Мяч

 

 

Гера яшчэ раз загнаў свой вялізны рознакаляровы мяч у канаву на лузе і зноў прапанаваў Саню:

— Даць шакаладку?

Худзенькі жылісты Саня ў трусах і абшарпаных туфлях скасавурыўся на мяч, на вязкую гразь у канаве, дзеўбануў наском бацінка траву і сказаў:

— Томка злавіла чарапаху, што мінулым летам у Юркі жыла.

«Усё роўна мяч дастанеш,— рашыў Гера.— Захачу — сто раз дастанеш!»

Ён паблажліва ўсміхнуўся, надзьмуўшы шчокі, і сказаў:

— А я пасля абеду з бацькам на рыбалку паеду.

«Ну і язджай! — Саня прысеў на кукішкі і ўставіўся ў траву.— Будзе ў майго таты машына, і мы будзем ездзіць».

— На той чарапасе нават Юркаў надпіс захаваўся,— сказаў Саня.

Гера заклапочана нахмурыў бровы.

— Мне ж чарвякоў яшчэ капаць!

«Капай! — сказаў пра сябе Саня.— А я рыдлёўкі не прынясу і бляшанкі для чарвякоў не буду шукаць. Многа ты з бацькам накапаў. Раз капянулі і — мяне просіце».

Гера з кішэні штаноў выцяг шакаладку, падкінуў угору, злавіў.

— Ванільны шакалад з арэхамі! Вышэйшы гатунак! Вага дваццаць пяць грамаў! Масква! — з націскам на кожным слове прачытаў Гера.— Мой любімы. У мяне яго колькі хочаш. Да дня майго нараджэння маці купіла, бабка купіла, тата прывёз. А яшчэ дзядзька і дзве цёткі прывалаклі. Цэлая гара! Рогату што было... Гэты імпартны касцюм і туфлі мне таксама да дня нараджэння прыпаднеслі. Мамін падарунак... А калі ў цябе дзень нараджэння?

«У мяне?» — спрабаваў успомніць Саня і сумеўся.

— Ты не ведаеш, калі твой дзень нараджэння! — зарагатаў Гера.

— А вось ведаю! — Саня ўстаў і выпраміўся.— Мой дзень нараджэння ў тысячу раз лепшы за твой! Я нарадзіўся дзевятага мая — на свята Перамогі!

— А табе ўсё роўна нічога не купляюць,— пераймаючы бацьку, куточкам рота пагардліва ўсміхнуўся Гера. Зняўшы з шакаладкі абгортку, ён разламаў шакаладку папалам і запіхнуў палавінкі за шчокі.

— Няпраўда, купляюць! — пярэчыў Саня.— Мне купляюць марожанае. І канструктар.

Ён успомніў, як бацька, праходзячы з ім міма ларка з марожаным, заўсёды абавязкова ссуне набок кепку і скажа:

— Сынок, раскашэлімся?

Купіўшы па порцыі марожанага, яны садзяцца насупраць латка на лаўцы і, не спяшаючыся, як кажа бацька, прахалоджваюцца...

«А што дзень нараджэння? — заключае пра сябе Саня.— Бацька з маці таксама яго не адзначаюць».

Гера скамячыў абгортку ў шарык і стукнуў ім па Саневай ключыцы.

— Што ты сказаў? Марожанае! — фыркнуў ён.— Марожанае я сам куплю. Калі захачу. Порцыю, пяць, дзесяць. А канструктар мне не патрэбен. Мама кажа, калі вырасту, абавязкова буду славутасцю, а тата, што я абавязан ёю быць! Цётка Рыта даводзіць, што я — адароны, а цётка Нюся, што я — таленавіты. Дзядзька цвердзіць, што я ўсё магу вытварыць, на ўсе штукі прыдатны. Ну, а бабка спадзяецца, што я яе не расчарую. І ўсе раяць, прыстаюць. Надакучылі! — Гера з кішэні штаноў дастаў новую шакаладку.— А кім я буду, не здагадваюцца! А я зраблюся гоншчыкам і паб’ю ўсе сусветныя рэкорды. Люблю хуткасць!

«Ну і ганяй сабе! — зноў прысеўшы на кукішкі, Саня ўглядваўся ў траву.— А мяч не дастану!»

— Ты што там убачыў? — спытаў Гера.— Яшчарку?

— Яшчарку. Толькі бясхвостую. Табе злавіць?

— Я і без яшчарак пражыву.— Гера раптам закапрызіў: — І без цябе.

— Жыві. А я твае задачы не буду рашаць,— спакойна адказаў Саня.— І чарвякоў не накапаю.

— Падумаеш! — фыркнуў Гера.— Я каго хочаш знайду. Мне толькі слова сказаць.

— Шукай! Сам ты ўсё роўна нічога не ўмееш.

— А ты ўмееш,— крыкнуў Гера,— а вырасцеш, вуліцы будзеш падмятаць!

Саня ўсхапіўся з кукішкаў і апынуўся перад Герам:

— Што ты сказаў? Ану, бяры свае словы назад!

— Не вазьму! — Гера выставіў грудзі.— Што ты мне зробіш?

— Бяры! А то ў гразь уляплю.

— Паспрабуй. Мая мама пакажа табе!

— Не баюся твае мамы! — У адно імгненне Саня збіў з ног Геру, сеў на яго верхам. Пасля кароткай барацьбы Гера прыціснуў Саню да зямлі.

— Дзе табе дужацца са мной! — усміхнуўся Гера.

Саня выкручваўся, пінаўся. Нечаканы падкід з паваротам, і Гера зноў апынуўся пад Санем.

— Пусці, дурань! — засопся Гера.

— Кажы — «даруй»!

— А што я такое табе сказаў?

— Не будзеш прасіць?

— Не буду!

Саня схапіў крыўдзіцеля за валасы і ў такт рыўкоў выкрыкваў па слову:

— Я... та-бе... дам... мя-тлу!.. Я та-бе...

— Ладна,— знямогся Гера.— Не буду... Пусці!

Саня ўскочыў на ногі і, адышоўшыся, пазіраў, як паднімаецца яго крыўдзіцель.

— Ёлуп. Касцюм забрудзіў,— скрывіўся Гера. — Каб не касцюм...

— Што! — намерыўся схапіць яго Саня.

Гера кінуўся наўцёкі. Убачыў, што за ім не гоняцца, спыніўся.

— А сваёй маме перадай,— крыкнуў ён,— каб пад'езд лепш мыла. А то гразь на прыступках.

І кінуўся ўцякаць.

Саня не пагнаўся. Ніцма лёг у траву, прыціснуў да твару далоні і зароў. Ён успомніў, як штодзень, ледзь пачне світаць і ўсюды яшчэ спяць, маці ўстае, бярэ венік, вядро з вадой, шуфлік і ідзе мыць лесвічныя пляцоўкі. Бывае, маці занядужае і просіць сына дапамагчы. Саня, саромеючыся кожнага чужога позірку і ўздрыгваючы ад кожнага груку і кроку, спяшаецца змесці і сцерці з прыступак усё, што натапталі, накідалі за суткі абыякавыя да чысціні і іх працы жыхары дамоў. Маўклівая пагарда, як яму здаецца ў гэты час, выпраменьваецца на яго і на маці нават сценамі гэтых дамоў.

Бацька разумеў стан сына і не раз яму казаў:

— Не засмучайся, сынок, а ганарыся! Ты ж расцеш апорай. Майстрам на ўсе рукі. А гультай вырасце, дык яго куды ні пастаў — бяда будзе... Эх, сынок! Без санітараў і ў бальніцах гразь распаўзаецца... Ты вучыся добра! Нам, такім, як ты, пасля вайны не да навукі было...

Наскардзіцца Гера, і Ніна Мацвееўна раскрычыцца: «Я не дазволю, каб ваш сын крыўдзіў майго Герольдзіка!» Маці расхвалюецца. Бацька скажа: «Знайшоў з кім звязвацца!» І плюне. А з маці ўсур’ёз пагаворыць: «Ты, маці, каго з Сані хочаш вырасціць — чалавека або макрыцу?» — «Ды ён такі ганарлівы,— адкажа маці,— што і не падступіся».— «На нашым працоўным гонары Радзіма трымаецца! — скажа бацька.— А ўсе гэтыя Герольдзікі вырастуць і будуць збоку прыпёку».

Слёзы крыўды Сані выліліся на далоні і скрозь пальцы сцяклі на траву. «Сапраўды, знайшоў, з кім звязвацца! — здзівіўся Саня.— Ды ён жа сам лезе...»

Хлопец перавярнуўся на спіну, падклаў пад патыліцу рукі і загледзеўся ў нябесны блакіт.

«Быў бы я лётчыкам. Падняўся б высока-высока! — уявіў сабе Саня.— Хутчэй бы закончыць школу, пайсці працаваць. Прынясу першы заробак. «На, мацер, на расходы. Хопіць у чужой гразі капацца! Хай самі за сабой прыбіраюць». А там...— Саня аж вочы прыжмурыў і да хрусту расправіў плечы.— У ваеннае вучылішча. На лётчыка! Вазьму самалёт, які дзе хочаш прызямляецца, і прылячу сюды. Бацьку з маці пры ўсіх пасаджу ў самалёт, ірвану ўгору свечкай і палячу куды пажадаю. Хоць у Маскву!»

Саня падняўся з зямлі, убачыў у траве Гераву шакаладку. Пагардліва цыркнуў у яе бок слінай і, не зірнуўшы на мяч, пакрочыў прэч.

1975

 


1975

Тэкст падаецца паводле выдання: Гарбук В.С. Горад без папугайчыкаў: Выбр. творы. [Для сярэд. шк. Узросту / Аўт. уступ. артыкула А. Васілевіч; Маст. В. Губараў]. – Мінск, Юнацтва, 1983.— 239 с., іл.
Крыніца: скан