epub
 
падключыць
слоўнікі

Вісарыён Гарбук

Міхаськава назнарошка

 

Жывуць у Міхаські цацачныя папугай і чарапаха. Яркі жоўта-зялёны какаду ўмее разгойдвацца і куляцца на сваёй трапецыі. Шэранькая чарапаха любіць спаць у каробачцы з-пад цукерак, а калі яе зачапіць, кратае галавой і хвосцікам.

Чарапаха зусім маленькая, бяскрыўдная, але дарослыя чамусьці яе пужаюцца. Аднойчы маміна знаёмая адчыніла каробачку, дзе спала чарапаха, спалохана ўскрыкнула і адкінула каробачку прэч ад сябе. Міхаська смяяўся да слёз. Пасля таго выпадку хлопчык усім, хто прыходзіў да іх, паказваў каробачку з чарапахай і прасіў яе адчыніць.

Ёсць у Міхаські і зубасты кракадзіл з разяўленай пашчай. Ён любіць плаваць у вадзе. Аранжавае тоўстае медзведзяня сядзіць на канапе і пазірае на чырвона-залацістага бегемота. Але з бегемотам мама не дазваляе гуляць. Ён заўсёды заняты: стаіць на стале і ў пашчы трымае для таты алоўкі і ручкі.

Ёсць у Міхаські яшчэ і поні — блакітны конь у белыя яблыкі, толькі ён захварэў — у яго няма нагі. Конік стаіць у цёмным кутку пакоя і з крыўдай пазірае, як яго гаспадар разам з зялёнай рапухай скача па пакоі.

Да Міхаські прыходзяць звяры і птушкі з тэлебачных фільмаў. Да іх таксама хочацца падбегчы, каб пагуляць разам або, калі асабліва страшна, уцячы ад іх. Толькі ўсе яны нечакана з’яўляюцца і раптам знікаюць. Вярнуць іх не можа ніхто: ні тата з мамай, ні дзядзька дыктар.

Звяры і птушкі з кніжак спакойна чакаюць, калі хлопчык успомніць пра іх і зацікавіцца, чым яны без яго займаюцца на сваіх старонках. А займаюцца яны ўсё тым самым, пра што добра ведае Міхаська. І ён любіць вяртацца да сваіх нязменных сяброў. Калі пры чытанні яго кніг нехта збіваецца, Міхаська горача пратэстуе. Дарослыя ў захапленні. «Наш хлопчык ведае на памяць дзесяткі кніг!» — кажуць бацькі. Ён толькі ўсміхаецца.

Любіць Міхаська сустракацца з жывёламі і птушкамі, пра якіх апавядае суседка цётка Марына. Яны запамінаюцца і ўяўляюцца так ясна, што прыходзяць нават тады, калі ён спіць. Неўтаймоўнае галчаня Кар-кар разяўляе сваю жоўтую дзюбку і просіць у Міхаські хлеба, размочанага ў малацэ. Ласкавае кацяня Кіс-кіс даганяе яго паперку на нітачцы. Рыжая сабачка Мікі становіцца перад ім на заднія лапкі і танцуе. Хлопчыку асабліва падабаецца белая козачка з цёцімарынінага апавядання пра сваё дзяцінства. Яна так смешна выстаўляе рожкі: «Забадаю! Забадаю!» А слова «казка» для Міхаські гучыць не як небыліца, а як што ні на ёсць сапраўдная ява, расказаная цёткай Марынай.

 

У мінулую суботу ў Міхаські здарылася незвычайная падзея. Тата і мама пасадзілі хлопчыка ў легкавую аўтамашыну і павезлі за горад, у поле і да рэчкі. Замест шэрых сцен гарадскога замкнутага двара хлопчык убачыў блакіт высокага неба са стрыжамі і ластаўкамі, з нясцерпнай яркасцю сонца. Сонц было нават некалькі: адно — нібы вогненны вожык з доўгімі зіхатлівымі іголачкамі, другія — цёмна-карычневыя са светлымі абадкамі. Яны, нібы баючыся пакалоцца, скакалі каля гэтых іголачак. Міхаська спрабаваў сачыць за іх гульнёй, але вочы хутка пачала засціць сляза, і ён са здзіўленнем углядаўся ў бяскрайнюю чысціню зялёных палеткаў і дрэў. Тут, у полі, ён упершыню пачуў незвычайную цішыню зялёна-блакітнага прастору. Яе нібы дапаўняў і ўзмацняў спеў нябачнага жаваранка. Так і запомнілася яна хлопчыку — зялёна-блакітная цішыня з пяшчотнай мелодыяй.

Ля рэчкі, і таксама ўпершыню, Міхаська ўбачыў жывога каня і кароў. Яго не так уразілі іх памеры, як незвычайнае дыханне — з шумным пафыркваннем і чмыханнем.

У цяні пад дрэвамі Міхаська апынуўся зусім недалёка ад дзяўчынкі ў ружовай сукенцы. Яна гуляла з белай козачкай, і Міхаську здалося, што гэтая дзяўчынка таксама прыбегла з апавядання цёткі Марыны.

Міхаська моўчкі сачыў, як дзяўчынка і козачка ганяюцца адна за адной, ухіляюцца ад пагоні, падскокваюць. Хутка Міхаська асмеліўся, падышоў бліжэй.

Заўважыла яго козачка! Нахіліла наперад лоб з маленькімі рожкамі, падбегла, зрабіла выгляд, што бадне, падкінула ўверх заднія ногі і адбегла ўбок. Міхаська рассмяяўся і сам пагнаўся за козачкай.

Увесь дзень хлопчык правёў у полі і каля рэчкі. Пад вечар, ужо ў машыне, яго змарыў сон, а прачнуўся Міхаська сонечным ранкам у сваёй пасцелі. Прачнуўся і ўбачыў знаёмы дыванок на сцяне. Заяц і зайчыха ў белым фартушку частуюць морквай зайчанятак, якія ў белых нагруднічках сядзяць за сталом. Міхаська ўдыхнуў пах смажанай бульбы, што дайшоў з кухні, знаёмы водар маміных духоў і раптам успомніў, дзе ён быў учора і што бачыў.

І адразу залаціста-зялёны певень залопаў крыламі і закрычаў сваё кукарэку-у, загагаталі белыя гусі, што стаялі на чырвоных лапах. А адзін, з чорнай дзюбай, усё выцягваў шыю і сіпеў. Шумна ўздыхалі рагатыя каровы. Сцёбаючы сябе хвастом і матляючы галавой, адфыркваўся рыжы конь.

— Мама, а чаму мой конь не дыхае і маўчыць? — было першым Міхаськавым пытаннем да мамы, якая зайшла ў спальню.— І папугай маўчыць?

— А-а, ты ўжо прачнуўся, мой маленькі вандроўнік! — усклікнула маці.— Ну і праспаў ты!..

Калі пасля сняданку хлопчык падбег да сваіх цацак, яны нібы страцілі для яго самае галоўнае: перасталі здавацца жывымі істотамі.

«А калі паспрабаваць іх вучыць?» — надумаўся Міхаська.

— Вось ты, чарапаха. Чаму ў цябе нерухомыя ногі? — запытаўся хлопчык.— Давай будзем хадзіць! Націскай на іх! Тапы-тапы!.. Топ-топ!.. Што ж яны ў цябе адскочылі?.. Пабачыш, я папугая навучу кукарэкаць. Хочаш, попка? Вось і добра!.. Раскідвай крылы, бі імі і крычы: «Кукарэку-у!»

«І ў цябе крылы адламаліся. А што ўсярэдзіне? Пуста... Не хочаце вы са мной забаўляцца...»

Міхаська ў маці адпрасіўся на вуліцу.

У двары на лавачцы сядзела цётка Марына і вязала зялёную кофту. Хлопчык убачыў яркую зелень вязання, падбег да цёткі і сказаў:

— А мы ўчора бачылі!..

— Раскажы, Міхаська, раскажы, дзе вы былі і што бачылі,— пацікавілася цётка Марына.

Хлопчык расказаў пра вялізныя дрэвы ў полі, дзе стаяла іх машына, і пра ўсё, што было. Успомнілася дзяўчынка ў ружовым з белай козачкай. Яны і цяпер недзе там даганяюць адно аднаго і бадаюцца назнарошку.

Хлопчык спытаўся ў цёткі Марыны:

— А жывы сабачка ў вас быў?

— Быў. Мікі... Ён згубіўся.

«Быў,— падумаў хлопчык.— Як і дзяўчынка ў ружовым з белай козачкай».

— А кацяня Кіс-кіс у вас ёсць? — спытаў Міхаська.

— Ёсць,— адказала цётка Марына.

«Ёсць! — узрадаваўся хлопчык.— Гэта не раней было, а цяпер ёсць! Цётка Марына — толькі пажадаць — забаўляецца з Кіс-Кіс, як я забаўляўся б...»

Міхаська так жыва ўявіў, як белая, на тонкіх нагах козачка з вялікімі кара-зялёнымі вачыма і маленькімі рожкамі на галаве падскоквае ў іх на верандзе, што не стрымаўся і сказаў:

— А ў нас козачка ёсць.

— Козачка?! — здзівілася цётка Марына.— Адкуль?

«Ды тая самая, яшчэ з вашых казак! — хацелася сказаць хлопчыку.— Тая, якая падбегла да мяне, каб баднуць! З учарашняга дня...»

Але Міхаська ўспомніў, што дарослым такога не кажуць. Нават калі яны — цётка Марына. Трэба казаць, як для іх будзе на самай справе, а не як уяўляецца яму самому, бо ўсё роўна яны нічога не зразумеюць.

— Тата купіў,— сказаў Міхаська і тут жа згадзіўся са сваім адказам. Усё, што з’яўляецца ў іх сям’і, купляюць тата або мама.

— Навошта? — яшчэ больш здзівілася цётка Марына.— У вас жа няма каму даглядаць. Абое на рабоце.

«Як добра! — узрадаваўся Міхаська.— Яна верыць, што ў яго сапраўдная козачка. А можа, яна сапраўды прыбегла і скача па пакоях?»

— І навошта яна вам? — паўтарыла цётка Марына.

— Яна будзе даваць малако,— адказаў Міхаська.

«Ой, як добра! З ім козачка будзе забаўляцца, а дарослым — даваць малако».

Наступным днём цётка Марына сама запыталася ў хлопчыка пра козачку, і Міхаська, удзячны за ўдзел у яго гульнях, сказаў:

— Я з ёю ўвесь час баўлюся.

— Дзе ж вы яе трымаеце?

— На верандзе.

— А чым корміце?

— Я даю хлеб і марожанае, а мама... — хлопчык запнуўся.— А мама — траву з кветкамі.

— Марожанае?! — рассмяялася цётка Марына.— Мне сёння няма часу, а заўтра вечарам абавязкова прыйду пабачыць,— паабяцала яна.

Хлопчык запытальна зірнуў ёй у вочы.

«Заўтра вечарам? О, гэта яшчэ зусім не скора!» — мільганула ў Міхаськавай галаве.

Але сённяшні дзень паступова падышоў да вечара, да пары класціся спаць дзецям. А ранкам стаў учарашнім. А заўтрашні дзень за адну ноч стаў сённяшнім. Ён такі ж сонечны, як і ўчора. Нават не ведаеш, як і назваць той дзень! Яшчэ тады, калі ён слухаў пявучую зялёна-блакітную цішыню. Адкуль да яго прыходзяць конь, карова і дзяўчынка ў ружовай сукенцы.

— Як ваша козачка? — зноў пытаецца цётка Марына.— Сёння прыйду паглядзець.

— А ў нас яе няма,— ратуючыся ад дарослай цёткі, кажа хлопчык.— Яна ўцякла.

— Як уцякла?! — спахапілася цётка Марына.

— Мы ляглі спаць, пакінулі козачку на верандзе. Ранкам прачнуліся — нідзе няма.

— А вы прывязвалі?

— Прывязвалі. І травы паклалі. І піць паставілі.

— Шукалі?

— Усю раніцу шукалі. Ніхто не бачыў.

Цётка Марына ўздыхнула.

— Вось і мой Мікі кудысьці збег. Нідзе не знайшла. Такі разумны быў! Ніяк не магу забыць...

І яна ўпусціла вялікі зялёны клубок пражы. Міхаська дагнаў клубок, абабіў ад смецця і падаў цётцы Марыне.

Вечарам тата паклікаў Міхаську з двара на веранду. Там сядзелі цётка Марына і маці.

— Вось ён, наш герой! — усміхаючыся, сказаў бацька.— Ану, прызнавайся, што ты насачыняў цётцы Марыне? Пра якую козачку ты ёй расказваў?

Хлопчык убачыў здзіўленыя твары таты, цёткі Марыны, маці.

Ён сумеўся, кінуўся да маці, уткнуўся тварам у яе калені. Маці спрабавала падняць сына і пасадзіць да сябе, але Міхаська яшчэ мацней абхапіў яе калені ручаняткамі і не паднімаў галавы.

Цётка Марына таксама чамусьці сумелася і, каб дапамагчы Міхаську, сказала:

— Ён харошы хлопчык, паслухмяны! Заўсёды ласкавы, далікатны такі...

— Я назнарок, а не сапраўды,— зірнуўшы на маму, пошапкам сказаў Міхаська і шчыльней прыціснуў палаючы твар да халоднага шоўку мамінай спадніцы.

Пры руху павек яго вейкі шамацелі аб шоўк, і Міхаська ўжо захапіўся сваім новым незвычайным адкрыццём.

1968


1968

Тэкст падаецца паводле выдання: Гарбук В.С. Горад без папугайчыкаў: Выбр. творы. [Для сярэд. шк. Узросту / Аўт. уступ. артыкула А. Васілевіч; Маст. В. Губараў]. – Мінск, Юнацтва, 1983.— 239 с., іл.
Крыніца: скан