epub
 
падключыць
слоўнікі

Вісарыён Гарбук

Моцік-абароцік

 

Жыве на нашай вуліцы хлопчык. Завуць яго Моцік-абароцік. Спачатку хлопчыка звалі толькі Моцік. І быў ён, як усе хлопчыкі. А калі крыху падрос, дык пачаў больш глядзець не наперад, а назад.

Ідзе Моцік з мамай па вуліцы і ўвесь час азіраецца. Паверне галаву назад і ідзе. Маці яму кажа:

— Перастань!

А Моцік адказвае:

— Мне так цікавей. Калі я гляджу толькі наперад, дык не бачу, што робіцца ззаду.

Вось і пачалі яго зваць Моцік-абароцік.

Сядзе Моцік абедаць, загледзіцца на што-небудзь ззаду і нясе лыжку міма рота да вуха. Ды яшчэ і перакуліць часам. Пачне есці мяса і павернецца, каб паглядзець, што за акном робіцца.

Круціцца Моцік, а сабачка Жучок даўно за ім сочыць. Падскочыць Жучок да відэльца,— гам! — і няма мяса.

— Мама! — плача Моцік.— Сабака мяса схапіў.

— Так табе і трэба! — кажа маці.— Не круціся за ядой, не аглядвайся назад.

Ды хіба Моцік паслухаецца! Ён вельмі ўпарты хлопчык.

Пра яго нават песеньку склалі:

 

Моцік, Моцік,

Абароцік!

Шлёпнуўся на павароце,

Збіў аўтобус і трамвай,

Плача: «Мама, ай-я-яй!»

 

Выйдзе Моцік на двор, разбяжыцца і раптам спалохаецца: а ці не прапусціў ён чаго цікавага ззаду? Паверне галаву назад, а сам бяжыць, пакуль не спатыкнецца або не ўпадзе.

Лоб Моціка-абароціка заўсёды быў у сіняках і гузах, а калені, локці ніколі не зажывалі.

Аднойчы ішоў Моцік па тратуары, загледзеўся назад ды як стукнецца дзядзьку галавой у жывот! Узяў дзядзька Моціка-абароціка за плечы і пытае:

— Чый гэта такі дзіўны хлопчык, што ходзіць не так, як усе?

І паколькі дзіўны хлопчык не вырываўся і маўчаў, дзядзька зноў у яго запытаўся:

— Ты ў кабіну да шафёра калі-небудзь залазіў?

— Я з дзядзькам Петрусём нават у лес па грыбы ездзіў,— пахваліўся Моцік-абароцік.

— А ты заўважыў там люстэрка, у якім дзядзька Пятрусь бачыць усё, што робіцца ззаду?

— Заўважыў.

— Прымацуй да пляча перад сабой такое люстэрка,— параіў дзядзька,— і табе не трэба будзе азірацца назад.

Моцік-абароцік засмяяўся. Хіба люстэрка ўтрымаецца на яго плячы!

Пачне іншы раз Моцік глядзець назад, забудзецца ды павернецца. І тое, што было ззаду, становіцца спераду. Моцік зноў павернецца, заблытаецца і ўжо нічога не можа разабраць. Так і круціцца ваўчком, пакуль не зачэпіцца нагой за нагу і не паваліцца.

Аднойчы пайшоў Моцік у заасад. Стаў перад клеткай з жырафай, а сам павярнуўся і пазірае на вярблюда. Вярблюд глядзеў, глядзеў на Моціка, а потым як фыркне ад здзіўлення.

Неяк раз маці купіла Моціку трохколавы веласіпед, падобны на ракету.

З крыкам: «Я лётчык-касманаўт!» — не азіраючыся назад, Моцік імчаўся дамоў, міма дзіцячай пляцоўкі, усё наперад і наперад, усё хутчэй і хутчэй.

А калі навучыўся ехаць наперад, захацелася Моціку, не паварочваючы ракету, навучыцца імчацца назад.

Тут і пачаліся непрыемнасці: то на тэлеграфны слуп наляціць, то на дрэва. Людзі ад яго кідаюцца ва ўсе бакі. Толькі міліцыянер не збаяўся Моціка-абароціка і затрымаў на скрыжаванні дарог.

— Ты парушаеш правілы вулічнага руху! — строга сказаў ён Моціку.— Хто ты такі?

— Я лётчык вышэйшага класу,— адказаў Моцік.

— А ты бачыў, каб лётчыкі вышэйшага класу наляталі на слупы і палохалі людзей?

— Не.

— То-та ж! На першы раз даю заўвагу. На другі — адбяру правы на карыстанне ракетай.

Зараз Моцік вучыцца кіраваць сваёй ракетай без аварый і здарэнняў.

І паспяхова.

О, гэта вельмі настойлівы хлопчык!

1959

 


1959

Тэкст падаецца паводле выдання: Гарбук В.С. Горад без папугайчыкаў: Выбр. творы. [Для сярэд. шк. Узросту / Аўт. уступ. артыкула А. Васілевіч; Маст. В. Губараў]. – Мінск, Юнацтва, 1983.— 239 с., іл.
Крыніца: скан