epub
 
падключыць
слоўнікі

Вісарыён Гарбук

На ляту

 

 

— Ліда! Лі-ідачка! — крычыць з вуліцы ў адчыненыя дзверы балкона сваёй сяброўцы першакласніца Насцечка.— Выходзь гуляць.

З ружовашчокага твару Насцечкі ніколі не сходзіць усмешка. Твар нібы выпраменьвае радасць.

— Тут дождж,— выбегшы на балкон, расчаравана гаворыць Ліда.

— Які гэта дождж?! — пратэстуе Насцечка. Яе сінія вочы ажно зрабіліся круглымі.— Гэта малютка!

Дождж сапраўды ціхі, цёплы і, здаецца, асцярожна кранаецца твару, лісцяў. Нават пялёсткі рамонкаў на клумбе ля дома не ўздрыгваюць, калі на іх падаюць кроплі.

— Як ты сказала пра дожджык? — перапытаў я.

— Я сказала: маленькі,— зразу ж адказвае Насцечка.

— А можа, іначай?

Дзяўчынка задумваецца.

— Што ён добры.

— Не, па-другому.

Насцечка запытальна глядзіць на мяне.

— Ласкавы, пяшчотны?..

— Як малютка! — падказваю я.

— Але-але! — узрадавалася дзяўчынка.

Малыя з нашай вуліцы, яшчэ здалёк убачыўшы Насцечку, цягнуць да яе свае ручаняткі. Насцечка забаўляецца з імі ахвотна і весела.

Але. Ад любові да маленькіх узнікла ў Насцечкі гэтае цудоўнае параўнанне дожджыку з малюткай. Узнікла, нібы радасць, само па сабе. І, відаць, згубілася б... А я злавіў яго на ляту, запісаў для ўсіх, і мне стала лёгка і радасна.

1970

 


1970

Тэкст падаецца паводле выдання: Гарбук В.С. Горад без папугайчыкаў: Выбр. творы. [Для сярэд. шк. Узросту / Аўт. уступ. артыкула А. Васілевіч; Маст. В. Губараў]. – Мінск, Юнацтва, 1983.— 239 с., іл.
Крыніца: скан