epub
 
падключыць
слоўнікі

Вісарыён Гарбук

На матацыкле

 

 

Валерык стаяў на сцежцы за дамамі, трымаўся за руль «матацыкла» (матацыкла, вядома, ніякага не было. Валерык толькі ўяўляў яго сабе) і, настойліва націскаючы на «педаль», паўтараў гукі матора, які ніяк не заводзіцца:

— Др-р-р!.. Др-др!.. Др!..

Зусім незнаёмая дзяўчына з рукзаком на плячы раптам прыпынілася ля Валерыка і таксама паўтарыла гэтыя гукі, але ў адваротным парадку:

— Др!.. Др-др!.. Др-р-р!..

— Не вучыце мяне! — пакрыўдзіўся хлопчык.

— А я не вучу,— спагадліва сказала дзяўчына.— Я сама паехала.

І пайшла, прыгаворваючы, нібы ехала на матацыкле:

— Др-др!.. Др-р-р!..

І ўжо зусім спакойна:

— Тах-тах. Тах-тах. Тах-тах...

Валерык разгубіўся. Захацелася яшчэ разок зірнуць на такую дзіўную дзяўчыну.

Ён кінуўся ўслед, забег наперад, з цікавасцю зазірнуў ёй у вочы, але загаварыць не адважыўся.

— А якая марка ў твайго «матацыкла»? — сама запытала цётка.

— «Урал»,— адразу адказаў Валерык.

— О, гэта вынослівая машына! І даўно ездзіш?

— Нядаўна. Я сам яго купіў.

— А каго ты ў люльцы возіш?

— Тату і маму на работу, а сястрычку ў дзіцячы сад.

— І сам навучыўся разбіраць і рамантаваць?

— Яшчэ не зусім. З маторам цяжкавата. Не заўсёды заводзіцца.

— Гэта не бяда. Навучышся, я табе свой буду аддаваць у рамонт. А то ездзіць умею, а рамантаваць не магу.

— Добра,— радасна згадзіўся хлопчык.

— А пакуль што бывай! Мабыць, табе пара на работу. І я спяшаюся. Усяго найлепшага! Тах-тах, тах-тах, тах-тах!..

Дзяўчына сапраўды заспяшалася і толькі на павароце сцежкі азірнулася і на развітанне падняла руку.

Валерык у адказ ускінуў угору абедзве рукі, і яму здалося, што гэтая, такая дзіўная і цудоўная, дзяўчына паехала на толькі што адрамантаваным ім матацыкле.

1968

 


1968

Тэкст падаецца паводле выдання: Гарбук В.С. Горад без папугайчыкаў: Выбр. творы. [Для сярэд. шк. Узросту / Аўт. уступ. артыкула А. Васілевіч; Маст. В. Губараў]. – Мінск, Юнацтва, 1983.— 239 с., іл.
Крыніца: скан