epub
 
падключыць
слоўнікі

Вісарыён Гарбук

Нараджэнне страказы

 

 

Прыйшлі да мяне Вера, Люда і Коля — мае сябры. Яны кожны дзень прыходзяць акварыум глядзець.

Назіраем, як ручайнік сабе хатку-трубачку дабудоўвае. Адгрызе кавалачак лістка і прыклейвае да трубачкі, у якой сам жыве. Новыя кавалачкі зялёныя, а старыя, з якіх склеена трубачка, пачарнелі. Сам ручайнік на вусеня-карантыша падобны. Пачуе небяспеку — і ў хатку з галавой хаваецца. Усё сваё жыццё і носіць на сабе сваю хатку. Ды як не хавацца, калі навокал столькі драпежнікаў.

Вось і зараз лічынка страказы непадалёк прытаілася. Так і чакае, каб схапіць.

Але, замест таго каб да ручайніка падкрадацца, лічынка паднялася ўгору і з вады высунулася.

— Нас разглядае,— сказаў Коля.

А потым лічынка і зусім на чарацінку вылезла. Глядзім, а ў яе шчылінка на спіне паказалася, нібы скура лопнула. Ніколі мы такога не бачылі. Кінулася я клікаць маму, а яе няма дома.

— Лічынка ліняе, як вужака,— сказала Люда.— Вужака, як толькі падрасце, са старой скуры вылазіць, бо ёй цесна там робіцца.

Пакуль мы спрачаліся, са шчылінкі нешта павольна вылазіць пачало. Вылезла і ўніз адкінулася.

Прыгледзеліся, бачым — галава, тулава з нагамі, на галаве вочы вялізныя, нібы шкляныя, вясёлкай зіхацяць. Мы ў адзін голас як закрычым:

— Страказа! Страказа нараджаецца!

Неўзабаве страказа ўчапілася нагамі за сваю былую скуру і ўся выцягнулася.

— Толькі без крыльцаў,— здзівілася Вера.— А як яна жыць будзе?

— Бачыце на спіне празрыстыя лусачкі? — заўважыла я.— Яны ж потым вырастуць. І будуць крыльцы.

— А калі не вырастуць? — засумнявалася Вера.

Тым часам прыйшла мама. Усе разам мы пачалі расказваць. Мама запрасіла нас падсілкавацца малаком з пірагамі і сказала:

— Нованароджаная адпачываць будзе, пакуль крыльцы не адрастуць, як у дарослай.

— А што я казала! — узрадавалася я.

Пакуль мы пілі малако, у страказы крыльцы раслі, і яна ўсё ўстрэсвала імі і ўстрэсвала, каб раслі хутчэй.

Раптам страказа адарвалася ад аерыны і пачала лятаць па хаце. Ад радасці мы кінуліся ў скокі, а потым расчынілі акно і хутчэй на вуліцу.

Страказа вылецела з хаты, паднялася ўгору, пакружылася над намі і паляцела. А на аерыне скурка ад лічынкі засталася.

1963

 


1963

Тэкст падаецца паводле выдання: Гарбук В.С. Горад без папугайчыкаў: Выбр. творы. [Для сярэд. шк. Узросту / Аўт. уступ. артыкула А. Васілевіч; Маст. В. Губараў]. – Мінск, Юнацтва, 1983.— 239 с., іл.
Крыніца: скан