epub
 
падключыць
слоўнікі

Вісарыён Гарбук

Нашы з мамай размовы

 

 

Наскакалася я, нагулялася з сяброўкамі, а калі засталася адна, падбегла да мамы. Мама сядзела на лавачцы ля дома. Дыхала перад сном свежым паветрам.

— Пойдзем дахаты,— сказала яна.— Бо позна.

Я прытулілася да мамы і нібыта не разумею.

— Каму позна? — запытваю.

— Табе.

— А я гэтага не адчуваю,— кажу.

— Заўтра адчуеш, калі будзіць пачну.

Гэта праўда. Прачынацца ранкам — бяда. Але я не здаюся:

— А калі заўтра будзе добрае надвор’е?

— Пры чым тут надвор’е? — не разумее мама.

— А ты заўсёды кажаш: дрэнная пагода — дрэнны настрой. У дрымоту кідае.

— Гэта ж зусім іншая справа.

Мне так хочацца пярэчыць! І я здзіўляюся:

— Іншая?!. А чаму?

— Таму, што нас цяпер не датычыцца.

— А чаго датычыцца?

— А таго, што табе спаць пара.

— А хто толькі што сказаў: «Як тут хораша!»?

— Хораша, ды не заўсёды.

— А калі — не заўсёды?

— Калі спаць пара.

Пярэчыць нельга. Я з хвіліначку маўчу.

— Мама, а чаму зоркі льсняцца, мігцяць? — раптам пытаю

— Ты мне зубы не замаўляй!

— Я не замаўляю. Я хачу ведаць.

— Таму, што зоркам спаць захацелася.

— А што, калі да нас іншапланецяне прыляцяць?

— Яны да цябе соннай прыляцяць.

— У сне не з’явяцца. Ты сама казала: сон — гэта тое, што ўспомнілася ды пераблыталася.

— Падумала і сама сабе адказала,— смяецца мама. Яна таксама спрачаецца са мной назнарок. Хто каго пераможа.

— А мы з імі зможам размаўляць?

— З кім — з імі?

— З тымі, хто прыляціць з іншай планеты.

— З недысцыплінаванымі яны не размаўляюць.

— А як яны даведаюцца, што мы — не-дыс-цып-ліна-ваныя?

— Не мы, а ты,— папраўляе мама.— Зірнуць на гадзіннік і даведаюцца.

— На які гадзіннік? На крамлёўскай вежы?

— Што на вежы.

У мяне раптам цяжэюць павекі, і я пазяхаю.

— Калі... ве-е-льмі захачу, я і ў сне...— сустрэнуся з іншапланецянамі. Пойдзем, мамачка, спаць!

От і наспрачалася!.. Якая ў мяне цудоўная мама!

1978

 


1978

Тэкст падаецца паводле выдання: Гарбук В.С. Горад без папугайчыкаў: Выбр. творы. [Для сярэд. шк. Узросту / Аўт. уступ. артыкула А. Васілевіч; Маст. В. Губараў]. – Мінск, Юнацтва, 1983.— 239 с., іл.
Крыніца: скан