epub
 
падключыць
слоўнікі

Вісарыён Гарбук

Не хачу такіх вершаў

 

Нэля прыбегла да Галі пагуляць у лялькі і ўбачыла ў сяброўкі новую цацку — зялёна-блакітнага, з вялікімі аранжавымі вачыма коціка. Спінка дугой, хвост тарчма.

Дзяўчаткі доўга бавіліся з коцікам, прыдумвалі ўсё новыя і новыя гульні. Коцік па чарзе, а то і разам вазіў на сваёй спіне лялек, падскакваў, як акрабат, гуляў з лялькамі ў хованкі, у кошкі-мышкі, вазіў самазвал, ездзіў на самакаце.

У Нэлі коцік часцей за ўсё сваволіў і за гэта меў пакаранне: стаяў у куце. Галю ж коцік заўсёды слухаўся. Па яе даручэнню ён хадзіў у магазін па малако і хлеб, купляў марожанае, цукеркі і ўсіх частаваў. Дапамагаў гатаваць абед, і лялькі за гэта запрашалі яго да сябе за стол.

Нарэшце, Нэля сказала:

— Пра ўсе нашы цацкі мы склалі вершыкі, а пра коціка яшчэ няма. І пра яго трэба.

— Пачынай,— згадзілася Галя.

Нэля ўспомніла, як маці загадала ёй выйсці з хаты, каб не замінала прыбіраць, і ў дзяўчынкі само сабой сказалася:

— Мама... мама... на кухні...

Галя ўспомніла, як учора памагала маме, і падхапіла:

— Мама бялізну надумала мыць.

— Правільна! — узрадавалася Нэля.— А коцік вады заспяшаўся наліць.

— Ой! — усклікнула Галя.— Як адразу хораша атрымліваецца. А потым... Потым мама стамілася... І лягла.

— О-о! — падхапіла Нэля.— Мама на ложак лягла адпачыць.

— А коцік,— пачала новы радок Галя,— а коцік... Коцік бялізну...

— ...узяўся дамыць,— хуценька закончыла Нэля.

Дзяўчынкі заскакалі ад радасці, паўтарылі свой новы верш коціку, лялькам. Потым павярнуліся адна да аднае і разам сказалі:

— Складзём да канца?.. Складзём!

— Мама сказала,— пачала Нэля: — «Ты... ты... Ты прэч, не дурэй!» А тата...

Галя здзіўлена пазірала на сяброўку.

— А тата... Тата дадаў: «А ты дзягай агрэй!»

— Не, не тое! — запярэчыла Галя.— Ні мама, ні тата не маглі так сказаць.

— А вось маглі.

— Не маглі.

— Маглі! — упарцілася Нэля.

— Чаму?

— Таму, што коцік нічым не памагае дома. Ён толькі перашкаджае ўсім.

— Не хачу я такіх вершаў! — адказала Галя.— Давай лепш па-другому.

— Што ж, паспрабуй,— пакрыўдзілася Нэля.

У Галі радасна заблішчалі вочы. Дзяўчынка падумала і выразна вымавіла:

— Маці сказала: «Расце памагаты!»

Потым ціха, з пяшчотай у голасе закончыла:

— На малачка табе! — кінуўся тата.

1972

 


1972

Тэкст падаецца паводле выдання: Гарбук В.С. Горад без папугайчыкаў: Выбр. творы. [Для сярэд. шк. Узросту / Аўт. уступ. артыкула А. Васілевіч; Маст. В. Губараў]. – Мінск, Юнацтва, 1983.— 239 с., іл.
Крыніца: скан