epub
 
падключыць
слоўнікі

Вісарыён Гарбук

Не такі

 

Я вучуся на трэцяй парце ў трэцім «Б» класе разам з адной дзяўчынкай. Ну, што я сказаў смешнага? Нічога. Усе хлопчыкі вучацца з якой-небудзь дзяўчынкай на якой-небудзь парце. А мяне нават мама запэўнівае, што я стараюся так казаць, каб абавязкова кагосьці рассмяшыць. Бывае, нічога не скажу, а ўвесь клас смяецца. Вуснамі не паспею варухнуць, а настаўніца папярэджвае: «Толькі без клаунады!»

Неяк настаўніца спытала мяне: «Што такое экватар?» Дробязь, а не пытанне. «Уяўная лінія, якая праходзіць на роўнай адлегласці між Паўночным і Паўднёвым полюсамі і дзеліць зямны шар папалам». І толькі хацеў сказаць «уяўная», як падумаў: «А як яна можа дзяліць папалам, калі яе ніхто не бачыць?» І ў мяне само адказалася: «Гэта невысокая і ярка афарбаваная агароджа. Здалёк відаць, і лёгка пераскочыць». Клас так і грымнуў ад смеху.

Мама ўсім кажа: «Гэта ў яго з дзяцінства!» Я і сам помню, як мама паўтарала мне: «Мікробы вельмі баяцца мыла!» А я ўсё пытаў: «Яно ім таксама ў вочкі пападае?» Хіба гэта смешна? Я больш, чым гэтыя мікробы, мамінага мыла баяўся!

На ўроку прыродазнаўства настаўніца пытае: «Колькі гадоў жывуць мышы?» Я адразу ж адказваю: «Ёсць мышы дзікія, навуковыя і цыркавыя. Працяг жыцця дзікіх мышэй залежыць ад кошак, навуковых — ад таго вучонага, які іх вывучае. І толькі такія, як у Дурава, паміраюць сваёй звычайнай смерцю».

Настаўніца абураецца: «Зноў фантазія! Не можаш адказваць, як усе?» А я пярэчу: «Не, не фантазія! Дрэсіроўшчыкі Дуравы ўсіх сваіх звяроў шкадавалі і шкадуюць. А вучоныя правяраюць на мышах новыя лякарствы. Я сам пра гэта чытаў».

Мама таксама мяне вучыць: «Адказвай, як усе! І табе лёгка будзе вучыцца і лёгка будзе жыць на свеце...» А я думаю: «А навошта я тады на свет нарадзіўся? Каб, як малпа, усіх пераймаць?» Ды яно ж і не атрымоўваецца!

Чамусьці заўсёды ў мяне ўсё выходзіць наадварот. Я зусім не ўмею хлусіць, а мяне на кожным кроку папракаюць у хлусні!

Сёння, напрыклад, мама пытае:

— Ты лазіў у шафу па цукеркі?

— Не.

— А хто іх з’еў?

— Я.

— Значыць, хлусіш, што не лазіў.

— Не, не хлушу. Я нават не ведаў, што там нейкія няшчасныя цукеркі. Я лазіў па талерку.

Не верыць. «Зноў выкручваешся!» І не верыць, што мне зусім лёгка вучыцца. Раз прагледзеў, што зададзена,— і ўсё зразумела. А мне кажуць: «Не лянуйся! Двоек нахапаеш!»

Ды схапіць двойку, калі ўсё ведаеш, куды лягчэй, чым калі нічога не ведаеш! Бывае на ўроку сумна. Захопішся тым, чаго не ведаеш. А цябе раз — і да дошкі.

Учора мяне выклікаюць, а я разгубіўся і кажу:

— Ды я ж ведаю, што ўсё добра ведаю! Нават, калі ішоў да дошкі, не ведаў, што не ведаю!

Зноў смех.

І як усіх пераканаць, што я разгубіўся! Увесь клас у поклад ад смеху, а мне ніколечкі не смешна.

І калі ласка — двойка за падман і за клаунаду.

Да ролі клоуна я прывык. Нават пачаў губляцца, калі я ля дошкі нешта кажу, а ніхто не смяецца. «Ну,— думаю,— зусім заблытаўся!» А ўсё роўна казаць не тое, што само адказваецца, не магу.

Можа, сапраўды я не такі, як усе?

1976

 


1976

Тэкст падаецца паводле выдання: Гарбук В.С. Горад без папугайчыкаў: Выбр. творы. [Для сярэд. шк. Узросту / Аўт. уступ. артыкула А. Васілевіч; Маст. В. Губараў]. – Мінск, Юнацтва, 1983.— 239 с., іл.
Крыніца: скан