epub
 
падключыць
слоўнікі

Вісарыён Гарбук

Нечаканасць

 

Налавілі мы поўны слоік розных дробных жывёлінак. Набралі куклянак, ручайнікаў. Нават лічынку страказы знайшлі. Закінулі сачок апошні раз, пацягнулі па дне сажалкі і паднялі. Бачу — у сачку павук сядзіць.

— Няшчасны павучок! — пашкадавала я.— З вярбы, мусіць, зваліўся.

Тата ўсміхнуўся і кажа:

— Давай і яго ў слоік.

Я паглядзела на тату: мабыць, жартуе. Няўжо павук у вадзе жыць зможа? Але маўчу. Тата перакінуў павука ў слоік, а ён нырнуў на дно і давай плаваць. Адно жывот срэбрам блішчыць. Я потым дома разгледзела: увесь павук валаскамі аброс. Калі павук пад вадой, гэтыя валаскі ўтрымліваюць паветра, і павук срэбным пухірком здаецца. Тата сказаў, што яго так і завуць серабранкай.

«Няўжо ён і павуцінне пад вадой тчэ?» — падумала я, але не спытала пра гэта. Надумала сама ўсё падгледзець.

Накідалі мы на дно слоіка розных каменьчыкаў, насыпалі жменьку чыстага пяску, укінулі некалькі галінак вадзяных раслін і пайшлі дахаты. А дома ўсё ў сапраўдны акварыум перанеслі. Я і жука-плывунца сюды перанесла.

Да самага вечара я не адыходзілася ад акварыума. Павук увесь час у вадзе сярод галін плаваў, месца, мабыць, сабе шукаў. Толькі зрэдку кончык жывата з вады высоўваў: паветра свежага набіраў. Я і заснула ля акварыума. Мяне потым у пасцель мама перанесла.

Назаўтра прачнулася я раненька і — да акна, дзе мой акварыум. Так і ёсць! Павук знайшоў сабе месца сярод раслін, выткаў з павуціны каўпак пад вадой, напоўніў паветрам і сам туды залез.

1963

 


1963

Тэкст падаецца паводле выдання: Гарбук В.С. Горад без папугайчыкаў: Выбр. творы. [Для сярэд. шк. Узросту / Аўт. уступ. артыкула А. Васілевіч; Маст. В. Губараў]. – Мінск, Юнацтва, 1983.— 239 с., іл.
Крыніца: скан