epub
 
падключыць
слоўнікі

Вісарыён Гарбук

Невінаватая

 

Правярала маці сшытак у Іры і заўважыла памылку. Замест слова «заяц» Іра напісала «зац».

— Я невінавата,— сказала Іра.— У буквары няма гэтай літары.

Зірнула маці ў буквар, бачыць — і праўда, дачушка невінавата. Там, дзе павінна стаяць літара «я»,— дзірка, нібы гэтую літару певень выдзеўб.

Назаўтра маці зноў праверыла сшытак у Іры і ўбачыла, што яна прапусціла не літару, а цэлае слова.

— Я невінавата,— сказала Іра.— У буквары няма гэтага слова.

Зірнула маці ў буквар, бачыць — сапраўды дачушка невінавата. Там, дзе павінна стаяць слова, нічога няма, нібы гэтае слова і не было надрукавана.

Узялася маці правяраць сшытак у Іры на трэці дзень і здзівілася: дачушка нічога не перапісала.

— Я невінавата,— сказала Іра.— У буквары няма апавядання, якое настаўніца загадала нам перапісаць.

Зірнула маці ў буквар, бачыць — праўда, дачушка невінавата. Няма старонкі, на якой надрукавана тое апавяданне. Мабыць, з кнігай кот Пушок забаўляўся і выдраў.

— Які нядобры буквар,— сказала маці.— Штодня ашуквае нас.

Назаўтра праверыла маці сшытак у Іры, аж бачыць — яна зноў нічога не перапісала.

— А сёння хто вінаваты? — спытала маці.

— Я невінавата,— сказала Іра.— Буквара не знайшла. Шукала, шукала... І дзе б ён мог згубіцца, сама не ведаю!..

— Не бядуй,— сказала маці.— Я куплю табе новы буквар.

Назаўтра прыйшла маці з работы і заспяшалася праверыць, як дачушка падрыхтавала ўрокі па новым буквары.

Бачыць — ні сшыткаў, ні буквара.

— Я невінавата,— надзьмулася Іра.— Партфель знік. Шукала, шукала, так і не знайшла.

— Што ж,— паківала галавой маці,— прыйдзецца нам заўтра ісці разам у школу, шукаць вінаватага.

Уздыхнула Іра і кажа:

— Я сама пашукаю. Можа, калі я на санках коўзалася, Тузік партфель да сябе ў будку зацягнуў.

— І буквар знойдзеш? — спытала маці.

— І буквар пашукаю,— сказала Іра.— Можа, калі я з лялькамі гуляла, яго кот Пушок пад канапу закінуў.

— І старонку з буквара знойдзеш?

— І старонку з буквара знайду,— сказала Іра.— Можа, калі Пушок спаў, мышы яе пад шафу завалаклі.

— А згубленыя слова і літару знойдзеш? — усміхнулася маці.

— Не,— уздыхнула Іра.— Іх мая гумка з’ела.

1966

 


1966

Тэкст падаецца паводле выдання: Гарбук В.С. Горад без папугайчыкаў: Выбр. творы. [Для сярэд. шк. Узросту / Аўт. уступ. артыкула А. Васілевіч; Маст. В. Губараў]. – Мінск, Юнацтва, 1983.— 239 с., іл.
Крыніца: скан