epub
 
падключыць
слоўнікі

Вісарыён Гарбук

Незнарок і знарок

 

Лужына яшчэ здалёк убачыла Юру і ўзрадавалася.

— Бяжы сюды, пагуляй са мной! — паклікала яна.

Юра з разгону пераскочыў цераз лужыну, толькі пырскі ва ўсе бакі паляцелі з-пад чаравікаў.

— Давай гуляць, хто вышэй падскочыць,— сказаў Юра.

Лужына, нібы дураслівае шчаня, то адступала перад хлопчыкам, то хапала яго за ногі, узлятала фантанам і абсыпала дажджом. Нарэшце яна так раздурэлася, што абліла Юру з галавы да ног.

— Ай! — спужаўся хлопчык.— Што я цяпер буду рабіць?

— Бяжы да мяне! — паклікала Юру гліна, што ляжала непадалёку.— Мяне дождж размачыў, і ты налепіш сабе цацак.

Прысеў Юра перад глінаю і ўзяўся за работу. Вылепіў ракету, паставіў яе на пляцоўку для запуску. Побач выстраіліся самалёты і самазвалы. Вартаваць ракетадром даручыў кату Цімку і аўчарцы Сігналу, якіх вылепіў пасля.

Зірнуў Юра на свой касцюмчык, уздыхнуў і пабег далей па вуліцы.

Тут убачыў яго высокі плот і пачаў дражніцца:

— А ты не ведаеш, што я за спіной хаваю?

— Падумаеш,— адказаў Юра,— узлезу на цябе і пагляджу.

— Не, не ўзлезеш. Я высокі.

Падбег Юра да плота і пачаў караскацца. Узабраўся, сеў, паглядзеў наўкол і сказаў:

— Хто перамог?

— Пабачым, як ты злезеш,— усміхнуўся плот.

— Магу нават саскочыць,— пахваліўся Юра.

— А я цябе не пушчу,— плот учапіўся сучком за Юраву куртачку.

— А я ўсё роўна саскочыў,— адказаў Юра, апынуўшыся на зямлі.

Калі хлопчык сядзеў наверсе, яго ўбачылі каменьчыкі, насыпаныя каля хаты цёткі Дашы, і паклікалі да сябе.

— Нам так абрыдла ляжаць на адным месцы. Пагуляй з намі.

Падбег Юра да каменьчыкаў і пачаў падкідаць іх угору.

Усім было весела, і кожны каменьчык спяшаўся хутчэй трапіць у рукі да хлопчыка.

Раптам адзін, самы нецярплівы, вырваўся з пальцаў у Юры і паляцеў зусім не ў той бок. Юра і ахнуць не паспеў — дзын! Каменьчык разбіў шыбу ў акне цёткі Дашы і заляцеў у пакой.

Спалохаўся Юра, разгубіўся. Але тут яго выратавалі ногі. Яны самі — хлопчык і вокам не паспеў міргнуць — прынеслі Юру дадому.

— На каго ты падобны! — пляснула рукамі маці.

— Я незнарок,— адказаў Юра.

— Што ж ты цяпер будзеш рабіць? — спытала маці.

— Не ведаю.

— Хіба ты забыўся, чаму я цябе вучыла?

— Не: зрабіў дрэннае незнарок — папраў на добрае знарок.

— Ну дык бярыся за работу.

Юра зняў куртачку, зашыў яе, вымыў, павесіў сушыць, паваксаваў чаравікі, памыўся сам, пераапрануўся і моўчкі падышоў да маці.

— Вось і малайчына! — пахваліла маці.— Але чаму ты такі сумны?

— Эх,— уздыхнуў Юра,— так незнарок усё робіцца. Мама, я да цёткі Дашы павінен схадзіць. У яе шыба разбілася.

1966

 


1966

Тэкст падаецца паводле выдання: Гарбук В.С. Горад без папугайчыкаў: Выбр. творы. [Для сярэд. шк. Узросту / Аўт. уступ. артыкула А. Васілевіч; Маст. В. Губараў]. – Мінск, Юнацтва, 1983.— 239 с., іл.
Крыніца: скан