epub
 
падключыць
слоўнікі

Вісарыён Гарбук

Незвычайны драпежнік

 

— Зірні, Таня, якога я табе драпежніка прынесла,— сказала мама і апусціла ў акварыум раслінку з кволымі лісточкамі-іголачкамі. А на некаторых кістачках празрыстыя пухіркі вісяць, нібы маленькія колбачкі.

— А дзе драпежнік? — пытаюся я.

— Будзь цярплівая — убачыш,— адказвае мама.

Я зусім разгубілася. Няўжо гэтая галінка з колбачкамі на іголках — драпежнік?! Ні вачэй, ні рота, ляжыць у вадзе, не скранецца. Чым жа яна будзе каго-небудзь лавіць?

Назіраю за раслінкай, затаілася. Чакаю, калі яна заварушыцца.

А маленькія весланогія рачкі і вадзяныя блохі таўкуцца, скачуць вакол новай галінкі і апускаюцца на яе адпачываць. Адзін чырванавокі рачок сеў на колбачку і раптам усярэдзіне апынуўся, нібы праваліўся туды. Гляджу, і ў іншых пухірках рачкі сядзяць, нібы хаткі сабе пазнаходзілі. А назад ні адзін не спяшаецца вылезці.

Праз тры дні ў акварыуме не засталося ні дафній, ні рачкоў. Усіх гэтыя пухіркі пералавілі і з’елі. А галінка расліны-плывунца на некалькі лісткоў падрасла.

Я сама выкінула яе з акварыума.

1963

 


1963

Тэкст падаецца паводле выдання: Гарбук В.С. Горад без папугайчыкаў: Выбр. творы. [Для сярэд. шк. Узросту / Аўт. уступ. артыкула А. Васілевіч; Маст. В. Губараў]. – Мінск, Юнацтва, 1983.— 239 с., іл.
Крыніца: скан