epub
 
падключыць
слоўнікі

Вісарыён Гарбук

Ну і няхай!..

 

Таня з сяброўкамі гуляла на лузе. Алік з хлопчыкамі па-пластунску падкраўся з-за дрэў і атакаваў іх. Ён адразу пагнаўся за Таняй. Яна так напалохалася, што кінулася да канавы і пераскочыла яе. Нават Алік не рызыкнуў скочыць услед. Толькі здзіўлена свіснуў і сказаў:

— Ура! Танька на першым месцы па скачках у даўжыню.

А тая са здзіўленнем пазірала на Аліка, на хлопчыкаў і дзяўчынак, што засталіся там, дзе і яна толькі што была. І здалося Тані, нібы яна пераляцела на другую планету. І тут, далёка адышоўшыся ад берага і разагнаўшыся, да яе пераскочыў Алік.

«Няўжо і я так? Не. Я не адбягала,— прыгадвала Таня.— Адразу кінулася...»

І не кранулася з месца, калі падыходзіў Алік, толькі павярнулася да яго бокам.

— Гайда ў той лясок! — прапанаваў хлопчык і паказаў на малады бярэзнік непадалёк ад іх.

— Мне і тут добра,— адказала Таня.

— Там суніцы паспелі.

— Не хачу суніц.

— Зловім вужа. Вось такой даўжыні! — Алік раскінуў рукі ў бакі.

— І вужа не хачу.

— Ты будзеш скакаць назад? — памаўчаўшы, спытаў ён.

Таня асцярожна зірнула на Аліка.

«Вылінялыя шорты, запыленыя ногі. Чорны ад загару, як і ўсе хлопчыкі. І чаго я збаялася? — Яна ўбачыла яго вочы.— Якія доўгія і выгнутыя вейкі! Нібы ў дзяўчынкі...»

— Захачу — і скокну! — задзірліва сказала яна.

— Хадзем у Баравое, у магазін,— прапанаваў Алік.— Мне трэба купіць падручнікі.

«Я ж цяпер не пераскочу назад! А там па дарозе мост!.. Здагадаўся?! Які ён!..— у Тані і слова адразу не знайшлося.— Які ён... добры! Няўжо?!.» Схаваўшы радасць, яна згодна кіўнула галавой і моўчкі пайшла ўздоўж канавы.

— Та-а-ня, ты куды-ы? — паклікалі з таго боку сяброўкі.

— У Баравое,— адказаў за яе Алік.

У полі пры дарозе стаяла старая груша-дзічка.

— Давай узлезем,— прапанаваў Алік.

— Не хачу,— адмовілася Таня.

— Адтуль усё ўбачыш! Нават свой дом! Не верыш?.. Ды ты не бойся, я падтрымаю!..

Таня зайздросціла ўсім, хто смела лазіў на дрэвы, садзіўся на галіну, нібы на звычайнае крэсла. Толькі яна, няшчасная баязліўка, заўсёды заставалася на зямлі, суцяшаючы сябе тым, што ніколі не ўпадзе з вышыні і на ўсё жыццё, як палохала маці, не зляжа ў ложак.

— Дзяўчаткі не лазяць па дрэвах. Хіба толькі...— Таня хацела сказаць па-мамінаму: шаляніцы, але сказала: — Хіба самыя адважныя.

Тады Алік сам хуценька ўскарабкаўся на дзічку.

— А я бачу твой дом! З коміна дым ідзе,— крыкнуў ён.

— Хлусіш! — засмяялася Таня.— Няма ніякага дыму. І нашага пасёлка адсюль не відаць.

Алік ускарабкаўся на самую высокую галіну і заспяваў:

 

Огромное небо, огромное небо,

Огромное небо — одно на двоих.

 

«Які ў яго прыгожы голас!» — здзівілася дзяўчынка.

Дома Таня пахвалілася:

— А я на нашым лузе цераз канаву скокнула. Як на крылах усё роўна пераляцела!

— Не выдумляй абы-чаго! — супыніла яе маці.

— Праўда-праўда! Алік пагнаўся за мной. Я напалохалася. Скок — і на тым беразе!

— Гэты свавольнік не дае табе праходу!.. Заўтра ж пайду да яго бацькоў!

— І зусім ён не свавольнік. Ён такі, як усе хлопчыкі,— запярэчыла Таня.— Толькі вельмі смелы. Я разам з ім у Баравое хадзіла. Ён хацеў, каб я на дзічку ўзлезла... І чаму я так яго баялася, сама не ведаю?

— Знайшла кім захапляцца! — абурылася маці.— Ён цябе навучыць!

— Ну і няхай!

— Што гэта з табой здарылася, не згаварыцца! — здзівілася маці.

— Ну і няхай! — заўпарцілася Таня.

«Маці праўду кажа,— думала Таня.— Мне сапраўды хочацца дзіўнага: зноў пераскочыць цераз канаву. Няхай Алік зноў мяне напалохае». Але, нібы знарок, цэлы тыдзень ён не трапляўся Тані на вочы. А Таня ўсё чакала яго. Яна б цяпер з ім пайшла і ў лес вужоў лавіць, і на дзічку б палезла. Таня паўтарала песню, якую ён спяваў на дзічцы, і ёй здавалася, што героі песні — яны з Алікам. Гэта яны на самалёце ўдваіх. Гэта ў іх сапсаваўся матор, а пад імі — горад... Таня засынала і прачыналася з гэтай песняй і з адчуваннем узрушанай радасці.

І вось нарэшце яна зноў сустрэла Аліка. Ён вучыў ездзіць на трохколавым веласіпедзе маленькую дзяўчынку ў ружовай сукенцы.

— Ты па чарзе націскай нагамі на педалі,— ласкава казаў ён.— І веласіпед сам пакоціцца. Ну яшчэ, яшчэ!..

Ад хвалявання ў Тані застукала сэрца: «Уцячы?.. Падысці?..»

Але ў малой нічога не атрымлівалася. Тады Алік зняў дзяўчынку з сядзення, паставіў на дарогу, сеў сам на яе месца і паехаў. Такі вялікі — і на маленькім трохколавым...

— А, Таня! — гукнуў ён.— А я ў бабулі гасцяваў. Сястрычку прывёз. Павучы яе катацца!

«У Аліка ёсць сястрычка?!. І ён такі з ёю пяшчотны! — здзівілася Таня.— Але яна ніколечкі на яго не падобная...»

— Як цябе завуць? — спытала Таня ў малой.

— Любачка.

— Колькі ж табе гадоў, Любачка-галубачка?

Малая паказала чатыры растапыраныя пальчыкі на руцэ, а пяты, вялікі, прытуліла да далонькі.

— Паглядзі яе,— сказаў Алік.—А я на хвілінку да Санькі збегаю. Можаш сама пакатацца.

Таня ніколі не ездзіла на веласіпедзе. Нават на трохколавым.

— Ты па чарзе націскай нагамі на педалі,— паўтараючы словы Аліка, казала Таня.— І веласіпед пакоціцца... Хочаш, пакажу?

Таня зняла Любачку з сядзення, асцярожна села на веласіпед, паставіла ногі на педалі. І раптам паехала па Алікавым следзе.

— А цяпер ты паспрабуй...

Але веласіпед у малой то каціўся назад, то крута паварочваў убок. Раптам Любачка пахіснулася і пачала падаць. Таня паспела падхапіць яе, але ўпала сама.

— Не баліць? Не выцялася? — ускочыўшы на ногі, спытала Таня.— Я ж цябе ўтрымала? Праўда ж, утрымала?!

— А я ўсё роўна ўпаду! — пахвалілася Любачка.

— Чаму?

— Я заўсёды падаю!

— А вось і я,— нечакана з’явіўся Алік.— У цябе, Таня, калена ў крыві. Давай ёдам памажу!

— Ой, праўда! Гэта Любачка падала, я падхапіла і не ўтрымалася.— Таня глядзела на пунсовы струменьчык, які паволі цёк па назе.

— Ёдам? — успомніла яна.— Памаж, калі ласка!

Алік збегаў дадому, прынёс ёд і вату.

— Ды ты не бойся! Ну і дзівачка! Зараз усё пройдзе...

Таня моцна заплюшчыла вочы, так шчымела, так страшна было ад дотыку Алікавых рук, ад усяго, што здарылася.

— Вось і ўсё. Мігам зажыве!

Дадому Таня ішла радасная, з подбегам, з падскокам. Яна заўсёды зайздросціла ўсім, у каго былі збітыя калені, локці ці хто насіў драпіны! Толькі ў яе ўсё абыходзілася без здарэнняў. А сёння і яна выявіла адвагу. Любачка ж магла зламаць ручку, ножку, а яна падхапіла яе і ўратавала. І сам Алік памазаў ёй рану ёдам! Сапраўднае прызнанне адвагі!

Перад Таніным домам стаяла высокая чарэшня. Абіраць спелыя чарэшанькі лазіў бацька. Таня і маці тады стаялі воддаль і пазіралі ўгору. Маці раз-пораз паўтарала:

— Асцярожней! Глядзі не сарвіся!..

...Цяпер, заміраючы ад захаплення і страху, Таня падскочыла, ухапілася за ніжнюю галіну і, чапляючыся нагамі за ствол, узлезла на чарэшню.

«І зусім не страшна!..»

Адпачыла, пералезла вышэй на галіну і таксама пасядзела.

Памалу дзяўчынка забралася так высока, што апынулася вышэй страхі. Агледзелася навокал, залюбавалася блакітам неба. Усё было незвычайным. Яна зірнула ўніз, і ў яе дыханне перахапіла.

— Вось каб убачыў Алік...

 

Огромное небо, огромное небо,

Огромное небо — одно на двоих,—

 

раптам заспявала Таня, і адразу знік страх. Яна спявала, ёй здавалася, што голас яе чуюць ластаўкі ў небе, сяброўкі, тата з мамай, Алік з Любачкай і далёкі горад. Усе, усе!

«Зараз мама прыйдзе. А я тут! Няхай сама ўбачыць!» — сказала сабе дзяўчынка.

— Таня, дзе ты? — з адчыненага акна пачуўся голас таты.— Чую, спяваеш. Зайшоў у дом — нідзе няма.

— Я тут! Тут! — закрычала Таня.

— Ого! — падняўшы галаву ўгору, толькі і сказаў бацька.

— Тут так хораша!

— Ты асмелілася ўзлезці на дрэва? — тата выйшаў з хаты.— Табе памагчы злезці?

— Я сама!

Таня асцярожна пачала злазіць. На ніжняй галіне яе падхапіў бацька і пасадзіў побач з сабой на лавачцы.

— Ведаеш, тата, я распраграміравалася.

— Што, што?

— Рас-пра-гра-мі-ра-ва-ла-ся!.. Праўда-праўда! І стала смелай! Я сама цераз канаву скокнула! І на веласіпедзе пракацілася! Зірні, як я калена пабіла! Ой, хоць бы яно не так хутка зажыло! Я малую ратавала, тата.

— Гэта добра, што ты яе ратавала! — пахваліў тата.

Таня глыбока ўздыхнула, памаўчала і паціху спытала:

— А яшчэ, татка, сказаць табе нешта?

— Скажы.

— Усё-ўсё?!

— Вядома, усё.

— Я з Алікам пасябравала. Ён харошы хлопчык. Я сама не чакала. У яго сястрычка ёсць. Пацешная-пацешная!.. Тата, а словы ў песні можна перарабіць? Каб героі не гінулі? — раптам спытала Таня.

— Думаю, можна.

— Ой, як гэта будзе хораша! — узрадавалася дзяўчынка.

1972

 


1972

Тэкст падаецца паводле выдання: Гарбук В.С. Горад без папугайчыкаў: Выбр. творы. [Для сярэд. шк. Узросту / Аўт. уступ. артыкула А. Васілевіч; Маст. В. Губараў]. – Мінск, Юнацтва, 1983.— 239 с., іл.
Крыніца: скан