epub
 
падключыць
слоўнікі

Вісарыён Гарбук

Падарунак

 

 

Алёша — ён ужо ў трэцім класе вучыцца — убачыў у мяне акварыум і прынёс макрапода, рыбку такую. Толькі параіў, каб я дастала з вады клапа-гладыша і жука-плывунца. Я так і зрабіла, укінула іх у маленькі слоік з вадой. Цяпер падыду да акварыума, а макрапод плыве ўжо насустрач і глядзіць сваімі карычневымі вачанятамі з залацістым абадком. Хутка пачаў мяне пазнаваць!

Я назвала яго Шчаўкунчыкам. Ведаеце чаму? Кіну яму сухога мучнога чарвячка, а ён падымаецца да яго зусім недзе збоку, паволі, нібы і не цікавіцца здабычай, нават плаўнікамі не варухне. Хітрун такі! А як падплыве бліжэй, кінецца да чарвяка і сківіцамі — шчоўк! Ды так моцна, нібы стрэльне. Нават бурбалачка з рота выскачыць. Адкусіць Шчаўкунчык кавалак чарвяка, на мяне зіркне і зноў,— шчоўк!

Усё лета жыў у мяне Шчаўкунчык. І я вельмі яго любіла. Устаю, кажу яму: «Добрай раніцы!» Кладуся спаць, кажу: «Спакойнай ночы, Шчаўкунчык!»

Аднаго разу падышла, глянула, а мой Шчаўкунчык ляжыць на вадзе дагары жывоцікам і не варухнецца. Дакранулася, а ён нежывы.

Паклала яго на далонь, а слёзы з вачэй самі сыплюцца. Плачу, ніяк не магу стрымацца.

Падышла мама, а я і слова не вымаўлю. Толькі на Шчаўкунчыка паказваю.

Тут якраз прыйшла суседка, цётка Феня. Даведалася, што здарылася, і гаворыць:

— Падумаеш, нейкая драбяза здохла. Выкінула б на сметнік, дый годзе!

Пакрыўдзілася я і сказала:

— Гэта мухі дохнуць, а рыбкі паміраюць!

І пахавала свайго Шчаўкунчыка ў садзе пад кустом бэзу.

1963

 


1963

Тэкст падаецца паводле выдання: Гарбук В.С. Горад без папугайчыкаў: Выбр. творы. [Для сярэд. шк. Узросту / Аўт. уступ. артыкула А. Васілевіч; Маст. В. Губараў]. – Мінск, Юнацтва, 1983.— 239 с., іл.
Крыніца: скан