epub
 
падключыць
слоўнікі

Вісарыён Гарбук

Паехалі, сынок!

 

 

Маці адпачывала ў крэсле і чамусьці ўсміхалася. Да яе падбег пяцігадовы Віталік.

— Я хачу да цябе на калені.

— Нельга, сынок.

— Я ціха-ціха буду сядзець. Не варухнуся.

Маці прытуліла Віталіка да сябе, спытала:

— Табе каго прывезці з радзільнага дома: дзвюх Дзюймовачак ці двух Чабурашак?

— Чабурашак,— адразу адказаў Віталік.

— А калі Дзюймовачак? Яны такія маленькія, бездапаможныя. Нібы ў казцы. А ты хлопчык з добрым сэрцам. Ты ж таксама іх будзеш і любіць, і абараняць.

— Буду! — рашуча запэўніў Віталік.

— Я так і ведала.

— Мама! Можна і Чабурашак і Дзюймовачак?

— Усіх разам? — засмяялася мама.— Колькі ж іх тады будзе?

Віталік падумаў, падняў руку і растапырыў усе пальцы.

— А ты, сынок, харашэнька падумай!

Малы падумаў і вялікі пальчык прыгнуў да далоні.

— Дзвюх сястрычак Дзюймовачак і двух брацікаў Чабурашак? — здагадалася маці.

Віталік у знак згоды хітнуў галавой.

— Яны тут? — малы асцярожна дакрануўся далонькай да мамінага халата ля пояса.

— Тут толькі двое. Два брацікі або дзве сястрычкі. Магчыма, брацік і сястрычка. Калі ў раддоме цёці ў белых халатах дапамогуць ім адсюль выйсці, мы даведаемся, хто ў нас будзе.

— Мама,— ціха спытаў Віталік,— а нас яны слухаюць?

— Канечне. Але нічога не разумеюць. Яны ж зусім крахатулечкі і не ўмеюць размаўляць. Толькі адчуваюць, што мы ўсе іх любім і чакаем.

— І я адсюль выйшаў? — спытаў Віталік.

— Я ж табе пра гэта казала.

— А ты і пра мяне не ведала, што я выйду?

— Адкуль жа я магла ведаць? Пакуль не ўбачыла, не ведала.

— А калі ўбачыла, я быў маленькі-маленькі з вялікімі вушамі. Як Чабурашка. І размаўляць не мог,— прыдумваў хлопчык.

— Не, не мог,— згаджалася маці.— Усё спаў і спаў. Малачко піў. Пустышку любіў смактаць. І ўсё рос і рос. Пакуль не вырас такі, як цяпер.

— Я ўвесь час буду расці?

— Будзеш, сынок.

— Пакуль з тату не вырасту?

— Так, а можа, нават вышэй, чым тата.

Шчаслівы, хлопчык засмяяўся, уявіўшы сябе вышэй самога таты.

Калі ранкам наступнага дня Віталік прачнуўся, мамы не было. Тата адвёз яе ў раддом, потым паехаў на працу. Дома завіхалася бабуля, якую тата прывёз з вёскі. І хоць Віталік яе любіў і яна прывезла жывых трусоў, з якімі, здавалася, не засумуеш, малы штохвілінна пытаўся, калі вернецца тата і калі яны паедуць да маці ў раддом.

Тата вярнуўся ў час абедзеннага перапынку, прама на вуліцы падхапіў Віталіка і са словамі: «Сынок, паехалі!» — пасадзіў да сябе ў запыленую машыну, і яны памчаліся да маці.

У прыёмным пакоі раддома за сталом у белым халаце сядзела цётка і ветліва пазірала на іх. Тата падвёў да яе Віталіка.

— Ну, сынок, спытай!

— Цёця,— смела сказаў Віталік.— Каго наша мама нарадзіла: Чабурашак або Дзюймовачак?

Цётка здзіўлена зірнула на бацьку, які ўсміхаўся.

— Як прозвішча вашае мамы? — спыталася.

Віталік назваў.

— Імя, па бацьку.

Віталік адказаў.

Цётка пазваніла па тэлефоне, пачула адказ.

— А табе каго б хацелася? — раптам усміхнулася яна малому.

— І Чабурашку і Дзюймовачку!

Цётка зірнула на бацьку і засмяялася:

— Яго жаданне здзейснілася.

— Што? — усклікнуў тата.— Сын і дачка!

— Сын і дачка.

— А ўсе... усе яны як сябе адчуваюць.

— Выдатна! — усміхалася цётка.— Усё выдатна!

— Дзякуй за радасць!

Тата падхапіў Віталіка на рукі, выбег з раддома, падкінуў сына ўгору і, кружачыся разам з ім, крычаў:

— Ай ды мама! Дзяўчынка і хлопчык!.. Сын і дачка!.. Сястрычка і брацік!.. Дзюймовачка і Чабурашка!.. Ура, Віталік, нашай маме! Крычы, сынок, «ура!».

1977

 


1977

Тэкст падаецца паводле выдання: Гарбук В.С. Горад без папугайчыкаў: Выбр. творы. [Для сярэд. шк. Узросту / Аўт. уступ. артыкула А. Васілевіч; Маст. В. Губараў]. – Мінск, Юнацтва, 1983.— 239 с., іл.
Крыніца: скан