epub
 
падключыць
слоўнікі

Вісарыён Гарбук

Памяць

Першы дзень
Не забудзься
Зорачка
Што такое варонка
Развітанне
Пушкін і вайна
Пабрацімы
Наш першы смех


 

Першы дзень

Першы дзень вайны — нядзеля. Вуліцы горада Віцебска поўны народу. Зноў завылі сірэны — паветраная трывога.

Міліцыя ўсім загадвае хавацца ў пад’езды, двары, нібы ў надзейнае сховішча, але ніхто не жадае туды ісці.

Вось чародка дзяўчат тоўпіцца ў пад’ездзе. Але варта паставому адвярнуцца, як яны, гарэзліва смеючыся, выпырхваюць і разбягаюцца па вуліцы.

Другі паставы з шырока разведзенымі рукамі перабягае то на адзін бок вуліцы, то на другі, пераймаючы іх.

І ўсё гэта здаецца нейкай гульнёй — ніяк не верыцца, што пачалася вайна.

 

Не забудзься

У першую ноч у вёсцы Мехавое ніхто не спаў. Галасілі ў кожнай хаце.

А вакол вёскі бясконцае жытняе поле. Тут ні гукаў, ні шолахаў. Ідзеш па сцежцы, і напоеныя водарам збажыны і траў хвалі то сцюдзёнага, то цёплага паветра злёгку абвяваюць цябе развітальнай пяшчотай, нібы нагадваюць: не забудзь пра нас, калі будзеш там, у баі.

 

Зорачка

Баязлівая зорачка загарэлася ў небе над непрывычна прыціхлай вёскай і зазіхацела, а ў фіялетава-попельным змроку вакол пахучых таполяў загулі майскія жукі.

Мы, дзяжурныя з атрада мясцовай самааховы, знаходзімся каля сельсавета і вышукваем варожых агентаў. Яны, як нам уяўляецца, могуць раптоўна зваліцца з неба, выбегчы з жыта, з’явіцца з-за павароту дарогі.

І хтосьці трывожна сказаў:

— Чуеце, самалёт!

— Дзе?

— Ды вунь — прама на захадзе.

Усхапіўшыся на ногі, мы напружана ўслухоўваемся ва ўсе вячэрнія гукі, што даносяцца да нас, і пільна ўглядаемся ў неба, якое нечакана стала такім неспакойным.

І нехта сказаў:

— Зірніце! Вунь агеньчык! Плыве.

— Рухаецца! Сапраўды рухаецца! — начальнік атрада ўсхвалявана акідвае ўсіх нас позіркам.— У зборы ўсе? Займайце свае пасты! Сачыце за парашутыстамі!

Мы неадкладна выконваем рашучыя загады свайго начальніка Пятра Сачкова. Дырэктар сярэдняй школы, камсамолец, па-вайсковаму стрыманы і падцягнуты. У нас на ўзбраенні на дваццаць чалавек — адна дробнакаліберная вінтоўка і стары паляўнічы драбавік вартаўніка кааператыўнай крамы.

— Зірніце, новы агеньчык! І таксама плыве.

— Ды што ты! Нічога не плыве.

— А гудзе!

— А вунь яшчэ! І яшчэ!

— А можа, гэта звычайныя зорачкі?

Нарэшце мы пераконваемся, што гэта не варожыя самалёты, а звычайныя зоркі, і, засаромеўшыся, як дзеці, моўчкі садзімся на прызбу ля сельсавета.

 

Што такое варонка

Трэці дзень вайны. На золку наша вёска Мехавое прачнулася ад пяці глухіх выбухаў. Неўзабаве даведаліся, што над невялічкай станцыяй Бачыхай праляцеў фашысцкі самалёт і скінуў пяць бомб. Яны ўзарваліся на сенажаці каля дарогі.

— А там, дзе зваліліся бомбы,— ямкі... нібы такія, у якія мы некалі ў садзе яблыні садзілі,— задыхаўшыся, расказвае прыбегшая адтуль дзяўчынка.— Толькі мы зямлю ў кучкі, а там усю пожню закідала...

Немалады калгаснік перапыняе дзяўчынку:

— Гэтыя ямкі, дачушка, называюцца варонкамі...— Уздыхнуўшы, ён дадае: — А на садовыя падобны, як каршун на кураня.

 

Развітанне

Вось яны — паліцы з нязменнымі спадарожнікамі ўсяго майго жыцця, мая найвышэйшая радасць, мой розум і веды, маё сумленне, бездакорны суддзя маіх учынкаў, чысцілішча маёй душы.

Кнігі.

Пантэон вечна жывых, светлых, заклікаючых наперад цудоўных вобразаў.

Кнігі.

Я сёння пакідаю вас, можа, назаўсёды...

Не, я не здрадзіў вам, не забыўся на вас. Пакуль б’ецца маё гарачае сэрца, розум ясны, я — з вамі.

Але вораг напаў на маю бацькаўшчыну.

Для яго вы — нішто, ён знішчае ўсе святыя парасткі, вырашчаныя вамі, і я іду бараніць вас.

 

Пушкін і вайна

 

Я помсціў за Пушкіна

 

Э. Багрыцкі

Вакол ваенкамата — сурова стрыманы натоўп мабілізаваных. Адна за другой фарміруюцца каманды і, уздымаючы пыл па дарозе, ідуць на захад.

З рукзакамі за спінамі, чакаючы свайго выкліку, удвух з таварышам мы чытаем уголас томік Пушкіна. Непадалёк ад нас, штохвіліны сціраючы з твару і шыі пот, мітусіцца таўстун. Раптам ён накідваецца на нас:

— Кіньце гэтую бязглуздзіцу пра нікому не патрэбных князёў і русалак! Ці вы не бачыце, што робіцца навокал?

— Гэта Пушкін, а не бязглуздзіца...— спакойна адказвае мой таварыш і, глянуўшы на таўстуна, з усмешкай пытае ў яго: — А, уласна кажучы, што вакол робіцца?

— Людзі за Радзіму на смерць ідуць, вось што робіцца. Які можа быць зараз Пушкін?!.

— Вось і я іду змагацца,— адказвае таварыш таўстуну.— За Радзіму і за Пушкіна.

 

Пабрацімы

Мы сабраліся ў лесе, некалькі тысяч мабілізаваных — апошні прызыў — самы старэйшы ўзрост.

Над намі зялёныя кроны высокіх дрэў, над намі — цёплы мох і духмяны подсціл з хваінак і лісця.

Ля самага ствала тоўстай яліны я разаслаў ватоўку, мой таварыш па школе Уладзімір Жаўняроўскі накінуў зверху на абодвух паліто. Так мы спалі першую ноч нашага салдацкага падарожжа. Прачнуліся досвіткам ад збітай куляй галінкі, якая звалілася нам на грудзі. Уверсе гуло і стракатала. Потым стала ціха, і нам абодвум раптам зрабілася жудасна. Упершыню ў жыцці мы адчулі, што такое смерць ад кулі ворага.

— У цябе браты ёсць? — спытаўся таварыш.

— Не.

— А ў мяне зараз і сям’і няма... І не хутка ўбачу. Давай пабратаемся.

Мы нязграбна прытуліліся адзін да аднаго і дакрануліся шчакой да шчакі.

 

Наш першы смех

На Невель наляцелі варожыя самалёты. Ракочучы, яны разварочваліся над горадам, скідаючы чорныя кропкі. Бамбілі на станцыйных пуцях эшалоны, а нам здавалася, што кожны самалёт пікіруе на нас і гэтыя выючыя кроплі нацэлены нам у лоб.

Мы забеглі ў адзін з двароў і, прытуліўшыся да плота, сачылі за крылатай смерцю. У адзін з чарговых залётаў, калі гэтае д’ябальскае выццё здалося нам асабліва злавесным, адзін наш таварыш схапіўся рукамі за галаву і кінуўся ў глыб двара. Ён хутка дасяг сабачай дашчанай будкі, паваліўся на калені і ў круглую дзірку ўткнуў галаву.

Мы зірнулі ў вочы адзін аднаму і першы раз за ўсе дні вайны засмяяліся.

1941—1961

 


1941-1961

Тэкст падаецца паводле выдання: Гарбук В.С. Горад без папугайчыкаў: Выбр. творы. [Для сярэд. шк. Узросту / Аўт. уступ. артыкула А. Васілевіч; Маст. В. Губараў]. – Мінск, Юнацтва, 1983.— 239 с., іл.
Крыніца: скан