epub
 
падключыць
слоўнікі

Вісарыён Гарбук

Пчала

 

 

Мы з мамай зварылі кампот. З ягад. Такі салодкі... Я перабрала ягады, а мама зварыла. Потым мы яго ў садзе за сталом пілі. Я і тата. А мама сказала:

— Я ўжо на кухні напілася.

Раптам на пальчык мне пчала села. Вось на гэты. Мама ў крык:

— Танечка, цябе пчала ўкусіць!..

Мама ў нас такая: усяго палохаецца. А тата спакойна кажа:

— Няўжо ты не ведаеш, што пчала джаліць, а не кусае?

Гэта праўда. У пчалы ззаду жывоціка джала схавана.

А кусацца чым жа яна будзе?

— А яшчэ,— кажа тата,— дзе ты бачыла, каб госці кусаліся?

Мама ад нас падалей.

— Я,— кажа,— бачыць яе не хачу, вашу госцю! Ты будзеш вінаваты, калі што здарыцца з Таняй!

А мы з татам на пчалу глядзім. Я ўзяла лыжачку з кампотам і паднесла ёй. А пчала язычок высунула. Маленькі, руды. Быццам пэндзлік, якім малююць. І давай салодкі кампот злізваць. Цікава глядзець, як пчолы п’юць.

Піла пчала доўга-доўга. А потым узнялася і давай над намі кружыцца, каб запомніць, хто яе так добра пачастваў.

Паляцела пчала. Не прайшло і хвіліны, а яна зноў тут.

Села да мяне на пальчык. На той самы. Нават мама здзівілася:

— Ці не тая самая?

Мама толькі палохала, што пойдзе ад нас, а сама засталася.

— А якая ж? — сказала я маме.— Тая самая. Я адразу яе запомніла і пазнала.

Пяць разоў прылятала пчала. «І чаму яна так многа п’е?» — дзівілася я кожны раз. А як успомніла пра мёд, здагадалася, што яна не толькі для сябе, а для ўсёй сваёй сям’і п’е. Вось нап’ецца, прыляціць у вулей, усіх пачастуе і нават скажа, у каго была.

Калі мама аднесла ўсе шклянкі на кухню, пчала яшчэ раз наведалася да нас. Так было шкада, што нічога для яе не засталося!

1963


1963

Тэкст падаецца паводле выдання: Гарбук В.С. Горад без папугайчыкаў: Выбр. творы. [Для сярэд. шк. Узросту / Аўт. уступ. артыкула А. Васілевіч; Маст. В. Губараў]. – Мінск, Юнацтва, 1983.— 239 с., іл.
Крыніца: скан