epub
 
падключыць
слоўнікі

Вісарыён Гарбук

Пяцёрка з трыма плюсамі

 

Я не раз чуў пра вундэркіндаў і ўсё думаў: мяне гэта не датычыць. Раптам маці кажа:

— Ты ў мяне заўсёды нейкае выключэнне!

Вось гэта нечаканасць! Я адразу ўспомніў пра ўсякіх там дзіва-дзяцей. Усё ў іх не так, і ўсе ім кажуць, што яны вы-ключ-ныя!

Тут жа за сталом я спытаў:

— Мама, а што яны ядуць?

— Хто?

— Гэтыя самыя кіндэрвунды.

— Хто-хто?

— Гэтыя... як іх,— я нібыта не мог прыпомніць,— вундэры-кін-дэры.

— Усё, што паставяць на стол.

— Усё?!. А ў якім парадку?

— Я з імі не сустракалася, з вундэркіндамі,— адмахнулася маці.

«Зараз сустрэнешся!» — узрадаваўся я і абед пачаў з кампоту, потым з’еў катлету і запіў яе супам.

— У цябе сёння штосьці ўсё наадварот! — здзівілася маці.

— Пошукі самага-самага такога гэтакага! — адказаў я.

— Ну і як? Смачна?!

— Працяг будзе! — з гонарам адказаў я, і ў мяне сам сабой прыдумаўся дэвіз: «Усюды, заўсёды і ва ўсім не так, як усе!»

— А ты кампот пасалі, а катлету з’еш з варэннем,— параіла маці...

«Штосьці тут не тое»,— падумаў я.

І мне расхацелася праводзіць падобныя доследы.

«Што ж яшчэ прыдумаць?» — доўга пакутаваў я. І раптам убачыў, як з акна скокнула кацяня.

— Эўрыка! — узрадаваўся я.— Навошта дзверы, калі ёсць акно!

Тыдні два я не падыходзіў да дзвярэй і з выглядам пераможцы ўлазіў і вылазіў праз акно. Толькі гэтага ніхто не хацеў заўважаць. Адна маці мімаходзь сказала:

— Вокны ты ўжо асвоіў. Добра, што мы жывём на першым паверсе. А ці не пара табе навучыцца хадзіць па сценах і столі?

Вы думаеце, ад гэтай прапановы я збянтэжыўся або яна захапіла мяне знячэўку? Дарма! Цыркавыя матагонкі мяне даўно хвалявалі, а пра такія боты, каб бегаць, не падаючы, па сценах і столі, я заўсёды марыў. Але для таго ж і існуюць перашкоды, каб іх пераадольваць!..

Вы ведаеце, што калісьці ў продкаў чалавека было трэцяе вока і ў Італіі жыве інжынер і ў яго ад нараджэння два сэрцы! Я сам аб гэтым чытаў. Раптам у мяне два сэрцы, а пра іх ніхто не ведае, нават я сам! А калі б яшчэ і трэцяе вока! Ад яго ж у нашым мазгу нават нерв захаваўся!

Я знарок спытаў у маці, дзе ў нашых продкаў было гэтае самае вока. «А табе дзе б яго хацелася мець?» — адказала яна. Вось і паспрабуй здзівіць! Тата дык і зусім хацеў мяне заблытаць: «А трэціх павек табе не хочацца або плавальных перапонак між пальцаў?» Ад перапонак я б не адмовіўся, а лішнія павекі навошта?

...Ледзь не з месяц я хадзіў самым звычайным хлапчанём і ўжо зусім засумаваў, як раптам настаўніца Ія Іосіфаўна сказала, каб мы па апорных словах прыдумалі свае апавяданні. І прадыктавала нам гэтыя словы.

«На парце або пад партай! — нечакана сказаў я сабе, успомніўшы старадаўні дэвіз: «На шчыце або са шчытом».— Цяпер ці ніколі!»

Два дні я сачыняў сваю гісторыю, а калі здаваў сшытак, нават страшна зрабілася. І яшчэ дзень хадзіў сам не свой. Такога ў мяне ніколі не здаралася.

І вось раздае Ія Іосіфаўна сшыткі, а ў мяне сапраўды ў пятку сэрца схавалася і тукае там. Раздала, а мой, апошні, разгарнула і ўсміхнулася.

— А гэта,— кажа,— сачыненне Валодзі Папко. Вы толькі паслухайце, што ён напісаў!

І чытае:

«Сцішыўшыся, я сядзеў на беразе юпіцерыянскага вадзянога возера і назіраў. Раптам сярод вадзяністых медуз і вадзяной чумы нешта заварушылася. Я ўбачыў, як на водную гладзь выплыў зусім зялёны і ўжо зусім вадзяністы ад старасці Вадзянік. Ён пускаў вадзяныя пухіры і вакол сябе распаўсюджваў круглыя трохкутнікі і квадратныя кругі. Як і на зямной вадзе, з іх складалася прыгожая зыбучая рабізна».

Усе ў класе смяяліся. Смяяўся і я.

— Калі ў цябе, Валодзя, была апошняя пяцёрка? — пытае Ія Іосіфаўна.

Я не памятаў, ці была ў мяне наогул пяцёрка. Нават першая.

— Н-не ведаю. З-забыў.

— Вясёлую фантазію трэба заахвочваць,— нечакана кажа Ія Іосіфаўна.— Стаўлю табе пяцёрку з плюсам.

Пяцёрку з плюсам! Я нават спалохаўся ад радасці. Як усё ж такі здорава, калі ты хоць што-небудзь ды знаходзіш!

А што будзе, калі я так пачну вучыцца, што для мяне пяцёрак і з трыма плюсамі будзе мала?!

1977

 


1977

Тэкст падаецца паводле выдання: Гарбук В.С. Горад без папугайчыкаў: Выбр. творы. [Для сярэд. шк. Узросту / Аўт. уступ. артыкула А. Васілевіч; Маст. В. Губараў]. – Мінск, Юнацтва, 1983.— 239 с., іл.
Крыніца: скан