epub
 
падключыць
слоўнікі

Вісарыён Гарбук

Правучылі

 

 

Мазік — чорнае пушыстае кацяня з белай, як банцік, плямай на грудзях. Сваё пушыстае футра Мазік вельмі шануе: часта мые яго. Таму пляма на грудзях заўсёды беленькая.

Сёння ранкам Мазіку ўдалося злавіць маленькага верабейку, які выпаў з гнязда. Мазік з’еў птушаня, памыўся лапкай і парашыў:

«Хопіць лазіць па цёмных падвалах сярод рознага ламачча і ганяцца за нейкімі няшчаснымі мышамі! Я цяпер буду лавіць птушак. А птушыных гнёзд паўнютка над дахамі дамоў».

Па лесвіцы Мазік узбег на гару. Праз шчыліну ў абшыўцы з дошак праціснуўся пад дах і выбраўся на карніз. Яго чуйны слых улавіў папіскванне птушанят. Ластаўчына гняздо ляпілася пад тым самым карнізам, на якім стаяў Мазік.

Ластаўка, што жыла пад дахам суседняга дома, першая ўбачыла Мазіка. Крута шугануўшы ўгору, з трывожным крыкам яна паляцела склікаць суседак.

«Сюды! На дапамогу!» — азначаў яе крык.

Ластаўкі былі вельмі занятыя. Адны ад світання лавілі мошак і мушак, каб карміць птушанят. Другія ў дзюбках неслі камячкі гліны і зямлі, каб падрамантаваць гняздзечкі. Але ўсе яны адразу ж кінуліся на трывожны сігнал.

Мазік з цікавасцю сачыў за палётам ластавак. «Іх тут такая безліч, што і злавіць няцяжка,— парашыў ён.— Трэба толькі злаўчыцца. Мышэй гэтулькі разам ніколі не было, а я лавіў іх без промаху».

Калі б Мазік разумеў мову, на якой размаўлялі ластаўкі, ён пачуў бы:

— Збіць яго! Збіць! З налёту!

Але Мазік не разумеў нават і вераб’інага крыку. А вераб’і таксама крычалі:

— Гэта ён з’еў наша птушанятка. Збіць яго! Збіць!

«Як тут цікава, нават весела,— дзівіўся Мазік. Вочы ў яго зіхацелі, а хвост варушыўся ад радасці.— Зараз я схаплю каго-небудзь і з’ем!»

Мазік падняў лапу, каб злавіць ластаўку. Але ў гэты момант убачыў, як з неверагоднай хуткасцю ляціць на яго нейкая страшэнная вялізная птушка. Мазіку нават здалося, што крылы гэтай птушкі засланілі ўсё неба. Пачуўся прарэзлівы крык, у яго ажно закалола ў вушах.

Мазік не разабраўся, што на яго ляцела не адна птушка, а цэлая чарада дружных ластавак. Ён і апамятацца не паспеў, як яны сваімі крыламі збілі яго з ног і ён паляцеў уніз. Усё ж такі Мазік паспеў у паветры перакруціцца і ўпаў не бокам, не на спіну, а адразу ж стаў на ногі. Яго ахапіў такі страх, што ён стрымгалоў кінуўся ў бліжэйшае падвальнае акно. Там зашыўся ў самы цёмны куток, дзе ляжала рознае ламачча і вісела густое павуцінне, якое, нібы коўдрай, з галавы да хваста накрыла ўсяго Мазіка.

З крыкамі аб перамозе дружныя ластаўкі пранесліся над домам яшчэ раз і заспяшаліся хто куды.

Доўга потым чысціўся Мазік ад пылу і павуціння. Азіраючыся па баках, нарэшце выбраўся з падвала і павалокся дадому. Галодны, ён спадзяваўся выпрасіць у сваёй гаспадыні малака з хлебам. Не, лазіць пад страху па птушанят Мазік больш ніколі не будзе.

1967

 


1967

Тэкст падаецца паводле выдання: Гарбук В.С. Горад без папугайчыкаў: Выбр. творы. [Для сярэд. шк. Узросту / Аўт. уступ. артыкула А. Васілевіч; Маст. В. Губараў]. – Мінск, Юнацтва, 1983.— 239 с., іл.
Крыніца: скан