epub
 
падключыць
слоўнікі

Вісарыён Гарбук

Промні сонца

 

Юрась прачытаў нарыс. Устаўшы з табурэткі, закрочыў па пакойчыку. Падышоў да акна і насцеж расчыніў яго. Паглядзеў на неба. Светла-блакітную вышыню крэслілі стрыжы. Юнак перавёў позірк на таполі, што стаялі цераз дарогу. На сухой галінцы завіхалася клапатлівая птушачка.

«Мухалоўка... Стракатка. Жывіцца»,— падумаў сам сабе.

Птушка сарвалася ўніз. Юрась убачыў: кінулася да чорнай кропачкі-мушкі, а праз момант зноў сядзела на вартавым месцы, чысціла дзюбку-іголачку.

— Вось ёй без вачэй — пагібель,— сказаў ён уголас. Хлопец сеў за стол, узяў аўтаручку. Але пісаць не змог. Апрануў пінжак і выйшаў на вуліцу. Заспяшаўся да аўтобуснага прыпынку. Спыніўся разгублены: а куды ж ехаць? Стрыманым крокам накіраваўся ў гарадскі парк. Выбраў бязлюднае месца і лёг на лаўку. Дастаў з кішэні газету. Яшчэ раз перачытаў змешчаны там нарыс.

— Я аддам яму вока паляўнічага. Яму не прыйдзецца мяне дакараць.

Юнак схаваў газету, паглядзеў угору. Тое, што ўбачыў над сабой, здзівіла яго. Нібы агеньчыкі зялёнага колеру, нахіленыя ўніз, замерлі ў чаканні. Што ні агеньчык, то новае адценне. Звычайная вярба! Чаму ж раней такое цудоўнае хараство хавалася ад яго вачэй? А яе галінкі? Вербны колер, памятны з дзяцінства. Нібы сама вясна, абмытая першым дажджом, завітала да яго разам з успамінамі аб учарашнім маленстве.

Юрась перавёў позірк на парэпаны ствол. Вакол свежага зрэзу вярба выкінула цесны круг крывава-зялёных пасынкаў. «Фантанчыкі жыцця! — параўнаў Юрась.— А ён — Гарыцвет, наш гонар — нічога не бачыць!»

Юнак вярнуўся на кватэру, сеў за стол, накідаў кароткі ліст. І ўжо спакойна заклеіў канверт, надпісаў адрас. Намерыўся пакласці ліст у кішэню, ды перадумаў: беражна ўзяў у рукі, выйшаў на вуліцу і накіраваўся да паштамта.

— Ты куды? — Юрась аглянуўся на голас. На ганку аднаго з дамоў у белай сукенцы стаяла яна — Кацярынка.

— Пайшлі разам! — узрадаваўся ён і прыпыніўся.— Чаго ты блукаеш тут?

— Прайшоў і не паглядзеў — кінула дакор дзяўчына.— А я загадала: азірнецца!.. Была ў знаёмых. Мама паслала... Ты чымсьці ўсхваляваны? У цябе ліст? Каму?

Юрась спахмурнеў. Раптам насцярожыўся: а што яна скажа?

— Не будзь занадта цікаўная! — ён адвёў руку дзяўчыны.

Разам падышлі да шэрага старэнькага дома.

— Не пакажаш — буду раўнаваць! — не то шуткуючы, не то ўсур’ёз папярэдзіла Кацярына.

— Ты не ўнізіш ні мяне, ні сябе! — з незнаёмай самому сабе сур’ёзнасцю адказаў юнак і апусціў ліст у шчылінку запыленай скрынкі. З пяшчотнай усмешкай ён папрасіў: — Пойдзем да мяне. Аб усім даведаешся.

Яе вочы!.. Яны нагадалі яму адзін з адценняў вербных галінак, абмытых першым дажджом, бліскучых, па-вясноваму радасных. Юрась адчуў сябе шчаслівым, што бачыць і любіць гэтыя дапытлівыя вочы. «А ён нічога не бачыць. Нічыіх вачэй»,— успомнілася яму.

— Няма часу,— адказала дзяўчына.— У нас з мамай неадкладная справа.

Юнаку стала не па сабе. «Даруй мне! — прасілі Каціны вочы.— Я ж усё роўна цябе кахаю».

У зялёны гушчар завулка паплыла белая сукенка. Юрась заплюшчыў вочы. У мітуслівым змроку белая плямка паплыла ў вышыню. Вочы расплюшчыў — Кацярынка знікла. «Я не прызнаюся ёй!.. О не,— завагаўся ён.— Хіба можна?..»

У майстэрню на працу Юрась прыйшоў з завязаным вокам.

— Падбілі? — спачувальна зацікавіўся Генька — вясёлы жартаўнік, сусед па станку.

— Выбілі,— адказаў Юрась.— А табе што?

— Чакаў запрашэння на вяселле. Баюся — сарвецца,— развёў рукамі хлопец.

— Не бойся, Генька, усё роўна пагуляем.— Умяшалася ў размову Соня.— Нявесты знойдуцца!

Дзяўчына падышла да Юрася і прытулілася да яго плячом.

— Мяне возьмеш? — прапанавала яна.— Каця ж Цябе такога спалохаецца.

Насцярожаны нечаканым жартам, Юрась уважліва паглядзеў у Сонін твар. «Добрая ці сярдзітая? — не мог вырашыць.— Прыгожая... Ды што мне з таго?»

— Кожны дзень сустракаемся, а не пазнаеш? — Соня адчула, што Юрка параўноўваў яе з Кацяй, і сэрца яе спуджана страпянулася.— Прыглядайся як след! Адным вокам значна больш чаго можна ўбачыць.

Усю змену Юрась працаваў з завязаным вокам. За некалькі мінут да канца работы Юрась сарваў з вока павязку. Міжволі прыжмурыўся, падкінуў яе ўгору і закрычаў:

— Ура-а!.. Экзамен вытрыман! Слухайце, сябры! Маё правае вока будзе тут працаваць, са мной, а левае дасць святло другому.

Усе акружылі Юрася.

— Ты што?.. Звар’яцеў?! — нечакана сказаў брыгадзір.

 

Доктар сядзеў за сталом. Узняўшы бровы, ён моўчкі паглядзеў на хлопца.

— Я да вас,— забыў Юрась прыгатаванае тлумачэнне.— Я хачу спытацца... Хачу даведацца... У мяне зусім здаровыя вочы. І...— юнак запнуўся.

— Дык навошта ж вы, малады чалавек, прыйшлі марнаваць час і хворых і мой? — У голасе разам з мяккім дакорам чулася зморанасць.

Юрась супакоіўся.

— Не, таварыш доктар. Не марнаваць. Я хачу сваё левае вока аддаць таму, хто на фронце страціў зрок.

— Што? — Доктар таропка пераклаў на стале нешта бліскучае, устаў з крэсла.— Ён ваш бацька?

— Не, яго я не ведаю. Я прачытаў у газеце, ён выдатны вучоны.

Юнак дастаў з унутранай кішэні пінжака газету і паклаў на стол.

Доктар наліў з графіна вады ў шклянку, выпіў і сеў.

— Значыцца, вы хочаце падар... аддаяце яму сваё вока? — вяртаючы газету, перапытаў ён.— Я вас так зразумеў?

— Так. І хачу канчаткова ўпэўніцца: мажліва падобная аперацыя з маім вокам ці не?

— А ён, гэты вучоны... сам Гарыцвет, згодзен?

— Я паслаў ліст, чакаю згоды.

Доктар задумаўся.

— Бачыў фільм,— думаў ён уголас,— маці аддала вока сляпому сыну. Гэта зразумела. Ведаю, за мяжой у адчаі прапаноўваюць за долары свае вочы. Што зробіш, апошні шанс выжыць... А вось зараз вы,— доктар пасадзіў юнака перад сабой і падабрэўшым позіркам уважліва ўглядаўся ў спакойныя, з густымі доўгімі вейкамі сінія вочы незвычайнага пацыента.

— Прабачце, малады чалавек! Хачу пачуць, што вас прымушае ісці на такі ўчынак?

— Абавязак, сумленне! — з гарачнасцю адказаў Юрась.

— Вы жанаты?

Юрась баязліва ўсміхнуўся.

— Яшчэ не.

— А ёй сказалі?

— Не.

Румянец збянтэжанасці і сарамлівасці нечакана заліў шчокі хлопца.

Доктар устаў.

— Праверым ваш зрок. Сядайце тут. Глядзіце сюды. Добра! Заплюшчыце правае вока. Якая літара? А гэта? Заплюшчыце левае. А гэтая літара? А вось гэтая? Вашаму зроку сокал пазайздросціць. Ну што ж! — праводзячы да дзвярэй, доктар узяў Юрася пад локаць.— Дазвольце засведчыць перад вамі сваю павагу! Чакайце адказу. Калі наш герой дасць згоду, такая аперацыя магчыма.

— Безумоўна, згодзіцца! — усклікнуў Юрась.— Ён жа закончыў такое даследаванне, што і відушчым не пад сілу. І працуе над новай тэмай. Яму неабходна маё вока!.. А я праверыў... Я і з адным абыдуся...

«Ты што? Звар’яцеў?!» — словы брыгадзіра гучалі ў памяці Юрася. «Чаму здзіўляе мой учынак? Што ў ім асаблівага? Спачатку ўсё здавалася ясным і неабходным, а потым нібы заблыталася? Я не ведаю, што скажа Каця. Што скажуць яе бацькі? Не ведаю, як аб гэтым пісаць маці. Няўжо маё рашэнне сапраўды незвычайнае?»

«Ты што? Звар’яцеў?!» І гэта сказаў Пятро. Сказаў бы ён так, каб гэта быў яго бацька? Можа... О, не! Пятро не з такіх. Ён ганарыцца сваім бацькам. Мне здаецца, ён паўтарыў бы мой учынак.

Паклаўшы рукі пад падушку, Юрась ляжаў на ложку, разгублена пазіраў у позні змрок вечара, які ахутваў невялічкую прастору яго пакойчыка, і ніяк не мог сабраць у адно свае думкі і пачуцці.

У адну з гадавін Дня Перамогі Пятро прынёс у клуб франтавую лістоўку. «Герой Савецкага Саюза малодшы лейтэнант Васіль Беразін,— успамінаў Юрась тэкст лістоўкі,— калі ў яго скончыліся бранябойныя патроны... са звязкай гранат кінуўся пад варожы танк... Цаной свайго жыцця...»

«Цаной жыцця... цана жыцця...» Два гэтыя словы ніяк не вязаліся паміж сабой і трацілі сэнс. «Цана і жыццё». Незразумелае, няўяўнае спалучэнне... Чаму так рэдка я задумваўся над сэнсам свайго і чужога жыцця?.. Жыў, працаваў, ні да чаго асаблівага не даходзячы... Адно ясна: бацька Пятра свядома кінуўся пад танк».

Усё ж такі Юрась не разумеў, чаму нельга кінуць пад танк звязку гранат, а самому не кідацца. «Мабыць, іначай нельга было... На фронце ўсім, мабыць, так даводзілася: і майму бацьку, і Генькаваму, і Петрусёваму. Прыйшлося б Пятру — і ён бы так зрабіў».

«Падбілі?» — успомнілася спачувальнае пытанне Генькі.

«Вось калі б у бойцы мне выбілі вока, не здзівіліся б. Ну, а калі б я ў дадатак хулігана затрымаў ці парушальніка якога, нават стаў бы героем. А навошта яна мне, гэтая слава?..»

З такімі прыкрымі, блытанымі думкамі ён і заснуў, а калі ачнуўся ранкам, зноў усё ў яго ўчынку стала ясным.

Юрася непакоіла думка пра маці. Як ёй сказаць, каб яна зразумела гэты ўчынак і ўхваліла яго?

Яшчэ ўчора вечарам ён напісаў ліст, але не адаслаў. Юнак крочыў па невялічкім пакойчыку. «Хіба так пішуць маці?» Ён выняў з томіка на стале ліст і з прыкрасцю перачытаў:

«Дарагая мама! Я ніяк не атрымаю свайго адпачынку, каб убачыцца з табой. Вельмі многа работы. Наша рамонтная майстэрня пашыраецца, будзе сапраўдны механічны завод. Але ты не засмучайся. Праз месяц я абавязкова буду ў цябе.

Дарагая мама! Здароўе ў мяне адменнае. Цётка пра мяне клапоціцца. Вось толькі нешта з вокам. Магчыма, будзе аперацыя. Толькі ты не хвалюйся...»

Хлопец скамячыў лісток. Уявіў сабе: маці вяртаецца пад вечар з птушкафермы, а суседка перадае ліст. «Ад сына!» — гаворыць цётка Наста. Радасная і шчаслівая, маці дзякуе і спяшаецца адчыніць дзверы ў хату. Яна садзіцца ля акна, чытае.

Не, ён не рос паслухмяным. Вось і зараз... Але цяпер ён пераканае маці. Ён так растлумачыць, што яна зразумее! Яна бачыла гора. Ды яшчэ якое! Таму і зразумее.

Юрась узяў аўтаручку і ясна адчуў, што ў лісце да маці трэба казаць толькі праўду. Ні ў адным слове не павінна быць ніякае фальшы. Дый наогул у сваіх словах і ўчынках ён не дапусціць ніякае маны і ашуканства.

«Мая адзіная на свеце, дарагая матулька! Піша табе твой сын Юра. Не магу цябе ашукваць. Павінен сказаць усю праўду. Шлю выразку з газеты. Уважліва яе прачытай. Там надрукавана пра аднаго вучонага. Ён абараняў тваё і маё жыццё. Яго параніла, і ён застаўся сляпым. Ты ўсё аб ім прачытаеш і зразумееш мой учынак...»

Не адрываючыся, Юрась пісаў і пісаў, а калі скончыў і перачытаў, з палёгкай уздыхнуў.

...Перадумваючы ўсе падзеі апошніх дзён, Юрась у выхадны дзень самотна блукаў па бязлюдных вуліцах гарадка. Раптам пачуўся голас Генькі:

— Дружа, здарова! Ледзь дагнаў цябе! Даруй мне! Сёння нядзеля. Шкляначку трахнуў! Шчыра кажу: праз цябе. Дай цябе абдыму! Мой бр-рат! Ты аддаеш вока вучонаму герою... А я... я яму... сэрца сваё аддам. «На, зрабі ласку, вазьмі, калі трэба!.. Ты заслужыў...» Юрка, ты не верыш?!. Вось я ў морду Грышку чуць не даў... Ён сказаў, што ты ў славу лезеш. А я кажу: «Ён і ёсць наша слава! А ты, Грыш-ш, чарвяк». Я так і сказаў.

— Ну, навошта ты п’еш? — уставіў Юрась.

— Што?.. Ты мною пагарджаеш?.. Я... можа, сам сабою пагарджаю!.. А мяне бацька навучыў піць. «Пі, сынок, усё роўна памром!..» Але бацю майго не чапай! Ён рабочы чалавек! А я, Генька, хто? Не ведаеш... А можа, у мяне крыўда на сэрцы? Разумееш, крыўда! — дзяліўся ён сваімі пачуццямі.— Я не горшы за другіх!.. Ну, даруй!.. Апошні раз п’ю!.. Не верыш?..

— Пойдзем да цябе, Генька, пагутарым. У цябе яшчэ ніколі я не быў.

— Мяне Соня не прызнае! — нечакана прамовіў Генька.

Каця пастукала ў дзверы. Ніхто не адазваўся. Над дзвярыма намацала ключ, адамкнула пакой і ўвайшла. Ні разу яна так не рабіла.

— Застануся, пакуль не прыйдзе!

Дзяўчына агледзела пакойчык, які зрабіўся для яе такім дарагім. Абы-як засланы ложак. На сцяне рэпрадуктар і каляндар. Паліто на цвіку ля дзвярэй. Той самы стол з кнігамі і старэнькая непафарбаваная табурэтка. Іх пазнаёмілі кнігі, бібліятэка. Хутка будзе год. А ўчора прыйшлі ў бібліятэку двое з яго майстэрні і ў размове між сабой назвалі Юрася чалавекам будучага.

Каця ледзь стрымала слёзы. Юрась больш яе не кахае. Ён жа ні ў чым ёй не прызнаўся, не параіўся...

Расплакалася Каця толькі дома. А маці яе суцяшала.

— Хлусяць!.. На тое языкі.

— Ён можа... ён такі! — паўтарала дзяўчына.

Маці ўгаварыла дачку праведаць хлопца і аб усім даведацца самой.

Дзе ж ён? Каця трывожылася: а што, калі б яна яго не стрэла? Або — ён ніколі не вернецца да яе. Яна падышла да акна і штурхнула раму. Акно расчынілася.

— Хто тут гаспадарыць? — пачуўся голас знадворку.— А, вось яна, свавольніца!..

«Ён!.. Шуткуе!.. Кахае! —зразумела Каця.— Мамачка, твая праўда! Не стане ён, такі вясёлы, нявечыцца».

— Калі перад табой замест дзвярэй адчыняюць акно, прыйдзецца лезці.

Хлопец залез на падаконнік, скочыў на падлогу і прытуліў да сябе Кацю.

— Ой, Юрачка, нас бачаць!

Юрась прычыніў акно. Дзяўчына села на табурэтку.

— Юрачка, паслухай, што кажуць.— Яна расказала пра чутае.— Гэта праўда?

— Праўда.

— Ты мяне разлюбіў... Нічога не сказаў...

— Не змог сказаць! Павінен быў, хацеў і не змог.

— Я не хачу няшчасця.

— Што ж зробіш! — ён іранічна ўсміхнуўся.— Так намысліў...

— Я ўяўляла сабе, што любіш жыццё, яго хараство, а ты... нявечыш сябе. Хіба ён адзін такі герой?..

— А калі б гэта быў твой бацька?

— Бацька? — Каця задумалася.— Я ўгаварыла б яго адмовіцца...

— А калі б з табой так здарылася? — сурова спытаў Юрась і спалохаўся.

Каця ніжэй апусціла галаву.

— Я тады загубіла б сябе...

Нечаканасць Юрасёвых пытанняў бянтэжыла дзяўчыну. Яна ішла сюды, маючы безліч доказаў свае праўды, не сумнявалася, што ён згодзіцца з ёю, а ён...

— Дзеля чаго ты выпрабоўваеш мяне? Кожная дзяўчына, калі хоць кропельку будзе кахаць цябе, скажа тое, што і я! — працягвала Каця.

— Ты хочаш сказаць, што без вока, рукі ці нагі не пакахала б мяне? — Юрасю прыйшлі на памяць жарты ў майстэрні.— Я не франтавік, каб так пытацца!.. Дорага сапраўднае каханне!

— Не маё?

— Не такое тваё!..

— Вось і дагаварыліся.— Каця выцерла слёзы, рашуча ўстала і пайшла да дзвярэй.

Юрась не затрымаў яе.

Маці з парога сустрэла Кацю пытаннем:

— Няўжо праўда?

Дачка махнула рукой і села за стол да маці. «Нічым ты мне, мама, не паможаш».

Маці зразумела, але не стрымалася:

— І ты не ўгаварыла!.. Як жа так?

— Самае страшнае,— памаўчаўшы, адказала Каця,— што яго праўда. Але, мама, не пярэч! Хай уся мая істота пратэстуе супраць яго ўчынку, праўда на яго баку...

— Мілыя дзеці! — уздыхнула маці.— Наглядзеліся фільмаў, начыталіся кніг і на ўсе подзвігі, на ўсе ахвяры гатовы.

— Хопіць марыць аб подзвігах. Іх пара здзяйсняць, мама.

— Учынкі, дачушка, павінны быць апраўданы. Калі юнак кідаецца ў палаючы дом ратаваць дзіця, гэта зразумела, а калі па білет, які можна аднавіць, і, апалены гіне,— такое нікому не патрэбна.— Маці здавалася, што яна ў класе і дзецям тлумачыць такое, ад чаго залежыць іх лёс.— Вось так і з Юрасём. Чалавек страціў зрок, жыве, знайшоў сваё шчасце. Навошта яго непакоіць?

Каця зноў адчула сябе дзяўчынкай, якой дазволена задаць любое пытанне.

— Мама, а калі б наш бацька?..

— Любая ты мая! Ды ён бы і не памысліў, і не згадзіўся б!

— А калі б са мной?.. Памятаеш, у фільме. Маці аддала вока сыну. Юрась...

— З табой?.. Ты што?

— Ну, а калі б...

— Дурненькая мая! Такія пытанні задаваць! Хіба на іх адкажаш?

— Ну, а калі б...

— Ай, якая ты... Ты для маці самае дарагое...

— Дык чаму да ўсіх добрых людзей не мець такіх пачуццяў?

— Занадта многа няшчасцяў на свеце, каб на іх адгукацца і так сябе ахвяроўваць. Не па гэтым шляху трэба ісці... Хіба цябе хопіць? Нікога не хопіць,— маці пяшчотна ўсміхнулася і цяжка ўздыхнула.— Лепш адкажы: вы пасварыліся?

— Не ведаю,— Каця ўсміхнулася.— Я такога глупства нагаварыла!..

— Чаго засумавалі? Жаніх без вока? — спытаў бацька, які вярнуўся з працы. Ад яго пахла свежасцю сасновых стружак і пілавіння, якімі ён быў абсыпаны.— Чым кепска? Квапіцца ніхто не будзе. Спаць будзеш спакойна,— жартаваў ён.— Бачыў я, дачушка, твайго хлопца. І што прыпомнілася — Вісла. Сорак чацвёрты год. Адзін такі хлопец, выліты Юрка, як штурхне мяне ў траншэю і сам кулём услед. А тут — гах! Каб не ён... Пайшлі, Каця! На рукі вады пальеш.

...«Сяброўка жыцця! А я спадзяваўся. Што рабіць? Горка і сорамна... Хутчэй бы адказ. Здаецца, я пасталеў на сто гадоў»,— думаў Юрась, лежачы на пасцелі ў сваім пакойчыку.

Быў вечар, ісці ў сталоўку не хацелася. Не змог чытаць. Адно жаданне — пабачыць яе і пачуць голас. Трэці дзень Юрась адзін...

— Дазвольце? — на парозе пакойчыка стаяла Соня.— Не чакаў?

«Не пастукала!..» — здзівіўся Юрась.

— Не чакаў.

— А я ўзрадавалася: дзверы для мяне адчынены.

«Прыбралася, нібы на пагулянку. І прыгожая...» — мільганула ў хлопца.

— Сядай на табурэтку, толькі асцярожна,— прапанаваў ён дзяўчыне.— Сукенку не пакамеч.

— Ты ўсіх так папярэджваеш? — рассмяялася Соня.— Ты адзін? — сядаючы, спытала яна.— А я ад Каці.

— Што з таго?

— Табе прывітанне.

— Навошта хлусіць?

— Ты яе пакрыўдзіў? Яна плача.

— Паплача і перастане... А табе што?

— Мне? — дзяўчына перасмыкнула плячыма.— Шкада Каці.

— Кінь, Соня! — Юрась прыўстаў і сеў на ложку.— Я ведаю, чаго прыйшла.

Твар дзяўчыны паблажэў.

— Чаго? — ціха спыталася.

— Сама ведаеш...— ён памаўчаў.— Дзякую, што наведала. Шчыра дзякую. Цябе праводзіць? Мне да сталоўкі.

Соня не паварушылася.

— Калі ў Кіеў на аперацыю паедзеш? — спытала Соня.

— Адразу, як атрымаю адказ.

— Вазьмі мяне з сабою.

— Цябе?! Дзеля чаго?

— Калі б ты страціў зрок, я цябе не пакінула б... Я б табе... свой аддала!

Яна хуценька ўстала і таропка выйшла з пакоя. Юрась дагнаў яе. Ішлі моўчкі.

— У цябе ёсць каго кахаць,— парушыў маўчанне Юрась.— Я быў у Генькі. ён добры. Памажы яму.

— І памагу! — Соня спынілася, схапіла Юрася за руку: — А вось як ты адолееш сваё каханне? Кінеш яе?

Сказала і заспяшалася прэч.

Юрась адначасова атрымаў два лісты: ад маці і з Кіева. Першым разарваў канверт маці.

«Твой бацька загінуў на фронце. Ты рос сіратой. Я плакала па вас абодвух,— чытаў Юрась.— Цяпер мацярынскаму сэрцу зноў слёзы. Не ведаю, што і сказаць. Можа, трохі пачакаць. Наша медыцына (Юрась заўважыў памылку, усміхнуўся) не стаіць на месцы. Яна і без твайго вока абыдзецца. Ну, а калі надумаў...»

— Мамка! — усклікнуў сын і пацалаваў ліст.— Згодна!

Ён падсеў да століка і, асцярожна падсоўваючы аловак, распячатаў канверт з Кіева.

«Дарагі Юрась! Я атрымліваю многа лістоў ад незнаёмых людзей і ўсё больш і больш пераконваюся ў тым, як у нас багата цудоўных людзей, такіх чулых і спагадлівых, як вы, дарагі мой дружа!

Мне горка заставацца сляпым. І ўсё ж такі ўсёй сваёй істотай я адчуваю наша жыццё і вельмі шчаслівы, што магу быць карысны людзям.

Мяне ўсхвалявала, да глыбіні сэрца кранула ваша высакародная прапанова. Але я вымушан катэгарычна адмовіцца ад яе. Будаваць свой дабрабыт на няшчасці другога я не магу, ды гэта і не пасуе да нашага гуманнага грамадства...»

Юрась аблакаціўся на столік, апусціў галаву на далоні і заплюшчыў вочы.

Ён пасядзеў так каля гадзіны, потым устаў і падышоў да адчыненага акна. На сухой верхавінцы таполі па-ранейшаму ўвіхалася неўтаймоўная стракатая мухалоўка. Блакітнае неба перакрэсліла распушаная нітка дымку — след самалёта. Юрась апрануўся і выйшаў на вуліцу, упрыгожаную сонечным захадам. Вось і яе завулак. Пад ценем цёмна-зялёных каштанаў ён убачыў дзяўчыну ў белай сукенцы.

— Каця! — клікнуў Юрась дзяўчыну.

1962

 


1962

Тэкст падаецца паводле выдання: Гарбук В.С. Горад без папугайчыкаў: Выбр. творы. [Для сярэд. шк. Узросту / Аўт. уступ. артыкула А. Васілевіч; Маст. В. Губараў]. – Мінск, Юнацтва, 1983.— 239 с., іл.
Крыніца: скан