epub
 
падключыць
слоўнікі

Вісарыён Гарбук

Радасці жыцця

Ранак
З дарогі
Алік пазнае свет
Сустрэча на сцежцы


 

 

Ранак

Я сустрэў цябе сёння, мой таварыш. Па праўдзе кажучы, я шукаў сустрэчы з табой. Ты так радасна мне ўсміхаешся. А я рад бачыць цябе. Ты добра адпачыў? У мяне таксама лішак сіл.

А ранак бадзёрыць сваёй свежасцю. З кожным глытком паветра ўліваюцца новыя сілы. Колькі святла, прастору, неабсяжнага шчасця, колькі радасці навакол!

Я іду насустрач і, вітаючы, выклікаю цябе дужацца. Я лёгка паднімаю цяжар твайго пругкага цела, гэтую цудоўную гармонію мускулаў. І ты, прыняўшы выклік, надзейнай сілай сваіх рук падкідаеш мяне ўгору, сціскаеш. Як прыемна твайму імкліваму націску супроцьпаставіць мае рукі, грудзі, спіну, ногі. Як мне патрэбна іх напружанне!

Я і табе даю магчымасць праверыць моц сваіх мускулаў.

І ты адчуваеш асалоду сваёй сілы. І ты п’еш радасць гэтага змагання, радасць пераадолення сапраўднага праціўніка.

Я сустрэўся з тваім позіркам. Вочы блішчаць, рот ледзь адкрыты, пасмы валасоў у беспарадку. Я засмяяўся. Ты таксама. Хіба нас адрозніш?

1960

 

З дарогі

Стомленая, азяблая з дарогі, я ўвайшла ў пакой. Што гэта такое? Хто яго падмяніў? Чаму такое ласкавае цяпло яго паветра? Колькі сардэчнага клопату да мяне ў гэтым цяпле!

Цішыня... Я разгубілася. Я раней не заўважала яе такой. Не! Яна заўсёды нагадвала мне журботныя думкі. А зараз? У ёй бязмерная гатоўнасць суцешыць мяне!

Што за цудоўнае святло ў маім пакоі? Ці не заблудзілася? Трапіла не да сябе? Усё — даўно знаёмае: кветкі, фіранкі, стол, узоры абруса, кнігі — мае даўнія сведкі дзён адзіноцтва... А гэтыя сцены, падлога, столь. Усё — да болю ў вачах маё і не маё! Яны так клапатліва атулялі мяне з дарогі, казалі мне: мы так сумавалі без цябе.

Скідаю з сябе вопратку. Хопіць ёй сціскаць маё цела. Я ж так доўга была ў дарозе. Спяшаюся расплюхаць ваду і вярнуць сабе свежасць... Не, мяне і тут хтосьці зачараваў. Ні разу мне не даводзілася адчуваць такой пяшчоты ад вады. Эх, як хораша абцерціся калматым ручніком і накінуць мяккі халат!..

Дзівосная вячэра. Такая простая і такая смачная. Як сёння ўсё хораша!..

Я спяшаюся ў пасцель. Шамаціць коўдра. Пругкі матрац і мяккія падушкі. Свежыя прасціны і навалачкі як ніколі пахнуць праменнямі сонца. Чарадзейная пасцель! Ты так клапатліва ахутала мяне, напоўніла грудзі водарам сонца, ап’яняючая радасць успыхнула ў кожнай клетачцы майго цела. Вось-вось захлісне мяне салодкая хваля забыцця.

О сон, якім моцным ты будзеш у гэту ноч!..

Ты мне сёння адчыніў дзверы і назаўсёды стаў поплеч са мной, мой каханы, і толькі таму ўсё так невыказна перамянілася ў маім невялічкім свеце.

1960

 

Алік пазнае свет

Наш Алік — цудоўны хлопчык! Не ўсміхайцеся, ведаем, што вы падумалі: «Ат, свае дзеці — лепшыя на свеце», а скажаце што-небудзь прыемнае... Хто ж у такіх выпадках спрачаецца?! Не, мы не ў захапленні ад талентаў сына, зусім не! Для нас ён не «вундэр», а звычайны хлопчык. Як і ўсе дзеці, ён свавольнічае, дакучае непаседлівасцю. А калі ён з намі, здаецца, што і мы нядаўна нарадзіліся. Каб вы ведалі, якая радасць назіраць, як дзіцянё-немаўлятка ад бездапаможнага лопату ідзе да самастойных адкрыццяў, думак, параўнанняў. Мы пазіраем у вочы адзін аднаму і па-бацькоўску шчасліва ўсміхаемся.

Што цікава: Аліка не адарвеш ад усялякіх машын. Калі іх рамантуюць, ён днямі гатоў тарчаць там. Бацька не разбіраецца так у машынах, як ён... Захавалі мы адзін яго малюнак. Падай, Рурык, альбом з шафы. Ага, вось ён... Фурман сядзіць на калёсах і паганяе каня, але замест лейцаў у яго руках — аўтамабільны руль.

— Як жа твой дзядзька павароты робіць? — пытаюся я ў Аліка.

— Як і ўсе шафёры. Куды руль, туды і конь. Вось праз гэтыя перадачы...

— Гэта аглоблі,— папраўляю я.

— Ой, якое слова! — скрывіўся Алік.— І дзе ты яго выкапала, мама?

Сёлетнім летам наведалася да нас адна знаёмая. Гасцявала цэлы тыдзень. Такая невялічкая, рухавая. А голас — скорагаворка. Меладычны, звонкі... Ну проста званочкам разліваецца. Вясёлая такая... Алік слухаў яе, слухаў дый кажа:

— Пліска!

І так пасавала да нашае Волечкі Алікава мянушка, што мы самі, дарослыя, пачалі яе зваць:

— Пліска.

Трыццаць гадоў пражыла Волечка на свеце, і нікому ў галаву не прыйшло такое параўнанне.

А нядаўна слухалі мы радыё. Гаварылі пра вайну, пра смертаноснасць тэрмаядзернай зброі, а ў канцы перадачы дыктар кажа: «Вы слухалі апошнія паведамленні». Алік зрабіўся сур’ёзны і ўстрывожана пытаецца:

— Мама, мамачка! Дык гэта — апошнія паведамленні? А пасля ўжо нічога больш не будзе?.. І нас не стане...

Расце наш Алік з кожным днём. І трывогі нашы да яго ўжо даходзяць. Учора нанач распранаецца і кажа:

— Мамачка, мае штаны і кашуля ўсё малеюць і карацеюць.

Убачыла, што ў яго збітыя каленкі.

— Дзе ты так? — пытаюся.

— А гэта я ў космас злятаў! — з гонарам адказвае.

Сёння за сталом пытаецца ў нас:

— А калі гэта камунізм будзе?

— Хутка будзе,— адказваем.

— А туды ўсіх пусцяць?

— Не! — адказваем.

— Я так і ведаў! — узрадаваўся Алік.— Кольку не пусцяць, а мяне з Дзінай пусцяць! Мы далі чэснае-прачэснае слова, што тады возьмем сабе ў магазіне толькі па аднаму гарнітуру і па самай цікавай цацачцы.

— А чаму ж Колю не пусцяць? — пытаемся.

— Бо ён сказаў: «А я ўсё сабе забяру, што захачу!»

Ды хіба ўсё запомніш... Я ж казала, што самае цікаваетрэба запісваць... Часу ўсё не хапае. А потым шкадуеш. Выбачайце, мы вам не надакучылі? Не? У вас жа свой гэткі свавольнік. Нават два? Якое гэта шчасце!..

1961

 

Сустрэча на сцежцы

Іду па сцежцы.

Нібы толькі што выплаўлены ў нетрах зямлі, здаецца, яшчэ гарачы, ляжыць на пяску і перабірае нагамі цёмна-сіні з металічным адлівам жук. Нават хочацца ўзяць яго на далонь, ды боязна. Раптам адкінеш і заспяшаешся хукаць на апаленае месца.

Нахіляюся, калі не сказаць схіляюся, перад ім і кажу:

— Вітаю цябе, цуд прыроды! А што ў цябе новага з часу, напрыклад, Карфагена, свяшчэнны скарабей? Маўчыш... Мы вось касмічны карабель накіравалі да Сонца... Чакай, я памагу табе перакуліцца на спіну. Ого, ды ты харобра баронішся нагамі. А людзі атамныя і вадародныя бомбы вынайшлі. Ты ж, мабыць, нічога не ведаеш, толькі што выкарабкаўся на паверхню. Мерцвяком прыкінуўся. Хіба паможа!.. Не бойся, не буду перашкаджаць. Хутка пачнеш ляпіць свае шарыкі, і большага табе нічога не дадзена. Я таксама дзесяткі гадоў па дваццаць чатыры гадзіны ў суткі перакульваю ў небыццё мнагатонныя шары сваіх будняў, а дваццаць пятая ідзе на творчую працу. І, ведаеш што, усё ж такі добра, калі ў жыцці знойдзеш гэтую самую дваццаць пятую гадзіну сутак!

Ну, спрабуй распрастаць скрыдлы, падымайся ў паветра!.. Штосьці кепска ў цябе выходзіць, браток. Скрыдлы ж твае цэлыя?! А ў мяне, бачыш, пасля вайны — мыліцы. Што зробіш? У майго роду сапраўдная гісторыя толькі пачынаецца. Хочацца паскорыць яе прыход, дажыць да новага часу. Вось і скідаеш у мартэны гадоў іржавеючы лом быцця...

І як радасна, што не лішні. Так і жывеш, браток мой...

1958

 


1958; 1960-1961

Тэкст падаецца паводле выдання: Гарбук В.С. Горад без папугайчыкаў: Выбр. творы. [Для сярэд. шк. Узросту / Аўт. уступ. артыкула А. Васілевіч; Маст. В. Губараў]. – Мінск, Юнацтва, 1983.— 239 с., іл.
Крыніца: скан