epub
 
падключыць
слоўнікі

Вісарыён Гарбук

Сама знайдзі

 

 

Хельзе Рэйсман з Таліна

 

Хельга асцярожна дакранулася пальчыкамі да высокай, выгнутай дугою бліскучай ручкі. Каляска кранулася з месца і спынілася. Хельга дакранулася яшчэ раз, і каляска, ледзь пагойдваючыся, пакацілася па асфальце.

Абхапіўшы абедзвюма рукамі цёплы ад сонца метал дугі, Хельга ўсё смялей і смялей штурхала каляску перад сабой і не спускала вачэй з дзяўчынкі. «Яе тварык падобны да майго!» — радавалася Хельга.— І пасмачкі валасоў завіваюцца, як у мяне!»

На рагу вуліцы ці то ад лёгкага штуршка пры няўмелым яшчэ павароце каляскі, ці то ад сонечнага зайчыка, што адскочыў ад люстэрка з вітрыны магазіна і трапіў на тварык дзяўчынкі, яна раптам шырока расплюшчыла вочы. «Ой, вочы якія прыгожыя! — у замілаванні падумала Хельга.— Сінія-сінія».

Дзяўчынка смешна закратала ручкамі, пульхнымі, нібы перавязанымі ў запясці, а пад ружовым лёгкім аксамітам засукаталі ножкі, быццам выконвалі практыкаванне пад назвай «веласіпед».

— Хутка прыедзем дадому. Я цябе вазьму на рукі, мая маленькая крахатулька, мая...

Хельга змоўкла і задумалася. Каляска лёгка і плаўна кацілася. Пад густымі кронамі старых дрэў адчувалася прахалода і стаяў мядовы пах ад цвітучых ліп. Амаль пад кожным дрэвам у такіх самых калясках спалі малыя, а побач шпацыравалі з кніжкамі ў руках або сядзелі на лаўках мамы і бабулі. Хельга з гордасцю акінула іх радасным позіркам і зноў звярнулася да дзяўчынкі:

— І цябе, мая Эмачка, я прывязу сюды... — сказала яна і ўзрадавалася: — Ой, як добра! У мяне ж ёсць Эмі — любімая лялька. Зараз у мяне дзве Эмі! Я вас пазнаёмлю. Вы будзеце сябраваць. І ў лялькі вочы сінія-сінія. Яна іх заплюшчвае і пішчыць: «Пі... пі-пі!» У яе ёсць брацік Арно. Ён яшчэ зусім малы...

— Бач ты, якая цудоўная маці! — усклікнула цётка ў ружовым, якая сядзела на лаўцы, калі Хельга параўнялася з ёю. Хельга зразумела, што пахвала адносіцца да яе, усміхнулася, і яе твар заліўся чырванню.

На выхадзе з алеі парку Хельга ўбачыла дзяўчынку, якая, не спускаючы вачэй, сачыла за ёю, а потым нясмела падышла.

— Як яе завуць? — ціха спыталася дзяўчынка.

— Эмі.

— А ў мяне нікога няма,— сказала дзяўчынка.— Мне так хочацца мець браціка.

— А ты папрасі маці,— параіла Хельга.— Няхай купіць.

— Прасіла. І тату прасіла. Не купляюць.

— А ты сама знайдзі!

— Я сама баюся.

— Якая ж ты нясмелая! — рассмяялася Хельга.

Дзяўчынка пакрыўдзілася і адстала.

«Так і будзеш адна забаўляцца з лялькамі»,— падумала Хельга. Але ёй стала шкада дзяўчынку.

— Прыходзь да мяне,— сказала яна, абярнуўшыся.— Я жыву тут недалёка, у наступным правулку. Дом дваццаць, кватэра шэсць. Я табе ўсё раскажу.

У сваім правулку Хельга спаткалася з шумным натоўпам незнаёмых хлопчыкаў і насцярожылася. Хлопчыкі змоўклі і пачціва расступіліся перад каляскай. Сэрцайка Хельгі закалацілася ад гордасці.

Ля ганка свайго дома Хельга сустрэлася з суседзямі — цёткай Онікай і дзядзькам Рудольфам.

— Хе-ге! — усклікнуў дзядзька Рудольф.— Што я бачу? Ты каго вязеш, Хельга?

— Сваю сястрычку.

— Сястрычку?! — здзівіўся дзядзька Рудольф і паглядзеў на цётку Оніку.— Адкуль у яе сястрычка?

— Ты лепш дапамажы Хельзе каляску падняць на прыступкі,— адказала цётка Оніка.

— У цябе ж, здаецца, не было сястрычкі? — не сунімаўся цікаўны дзядзька Рудольф.

— Я сама знайшла!

— Брава, Хеля! — рассмяялася цётка Оніка.— Так яму і трэба адказваць.

У кватэры нікога не было, і Хельга асцярожна ўкаціла каляску ў пакой, узяла малую на рукі, прытуліла да сябе яе гарачае цельца і адчула зусім невядомы дагэтуль прыліў пачуцця пяшчоты. Яна цалавала яе кудзеркі, тварык, ручаняткі і ўперамешку з пацалункамі выказвала ўсе словы пяшчоты і ласкі, якія толькі магла прыдумаць. Хельга насіла малую па кватэры, паказвала ўсе куткі і рэчы і зноў асыпала яе пацалункамі.

— Вось тут мы з табой будзем забаўляцца, мая любая крахатулька. А спаць ты будзеш у спальні, вось тут, побач са мной, каб я чула, як ты прачнешся ноччу... А вось наш тэлефон. Мы можам пагутарыць з татам. Ён на працы. І яшчэ не ведае, што ты знайшлася.

Хельга паклала дзяўчынку ў каляску і набрала нумар.

— Ало! Гаворыць Хельга. Паклічце, калі ласка, майго тату!.. Што?.. Добра. Дзякую.

Расхліснуліся ў прыхожай дзверы. Хельга павярнулася і перапужалася.

Ніколі яна не бачыла такой сваю маму. Задыхаючыся, не зводзячы з дачкі вачэй, маці вобмацкам дабралася да крэсла і ўпала.

— Усе... усе вуліцы абабегла... А цябе... нідзе няма! Чаго я толькі не перадумала!..

Малая ў калясцы падала голас.

Маці ў непаразуменні прыслухалася.

— Дзе ты яе ўзяла?

— Там, каля універмага,— апусціўшы галаву, адказала Хельга.— Вы з татам толькі абяцалі купіць сястрычку. Я і першы клас скончыла на «выдатна». Вось, я сама і знайшла.

Маці кінулася да тэлефона.

1964

 


1964

Тэкст падаецца паводле выдання: Гарбук В.С. Горад без папугайчыкаў: Выбр. творы. [Для сярэд. шк. Узросту / Аўт. уступ. артыкула А. Васілевіч; Маст. В. Губараў]. – Мінск, Юнацтва, 1983.— 239 с., іл.
Крыніца: скан