epub
 
падключыць
слоўнікі

Вісарыён Гарбук

«Слімак, пакажы рожкі!»

 

Лідачка расплюшчыла вочы: «Няўжо праспала?» Падскочыла да будзільніка. Так і ёсць! Яна хуценька нацягнула сукенку і зазірнула на кухню.

— А я толькі што збіралася па крапіву ісці,— пажартавала маці.— Мыйся ды хутчэй за стол!

За сняданкам Лідачка засмяялася:

— Мама, ледзь не забылася. Сон бачыла. Такі дзіўны! Ляжу на белай-бялюткай пасцелі, а вакол мяне — кветкі... Учора мы з Надзяй ля рэчкі вянкі плялі. І дамовіліся ў ягады ісці... Ой, што з табой, мама?! — усклікнула дзяўчынка, убачыўшы, як збялела маці.

— Ды... нічога,— сказала маці.— Нешта сэрца сціснула. Не дыхнуць.

Лідачка прыціхла. А паеўшы, папрасілася:

— Можна, мама, у лес схадзіць? Кажуць, суніц поўна. Чаму ты так глядзіш на мяне?

— Пабудзь дома! — папрасіла маці.— Тата павінен прыехаць...

— І яму прынясу. І табе, мамачка... Можна?..

— Толькі не адна, а з Надзяй і Сёмкам.

Лідачка падскочыла да маці, пацалавала яе. Запляла коску, знайшла ў сенцах на паліцы берасцянку і пабегла да суседкі. Надзі і яе браціка не было.

Лідачцы захацелася піць, і яна вярнулася дахаты. Квас быў у сенцах. Дзяўчынка напілася, падышла да дзвярэй у хату і раптам пачула размову.

— Не к дабру гэта,— казала маці.— Некалі маёй сястры прысніўся сон пра брата Мікалая. Нібыта ён спіць, а вакол яго — кветкі. Да змяркання і памёр...

— Не ўсе ж сны праўдзяцца.— Лідачка пазнала голас цёткі Дар’і.— А дзе Лідачка?

— У ягады пайшла,— адказала маці.— Я ўжо шкадую, што пусціла.

Лідачка на пальчыках выкралася з сенцаў і — наўцёкі.

Лес быў недалёка, кіламетры за два. Дарога ішла праз поле і цераз рэчку. Апынуўшыся за вёскай, дзяўчынка спынілася, каб аддыхацца.

«Ну і што з таго, што сніліся кветкі? А потым я прачнулася, і нічога не было...»

Але Лідачка міжволі задумалася. Ёй прыпомніліся дзве смерці, якія яна бачыла.

Першая была год назад. Пад машыну трапіў Юрка, з якім яна сядзела на адной парце. Лідачка ўбачыла хлопчыка ў труне, і ёй здалося, што Юрка проста заснуў. На другі дзень, калі села за парту адна і зразумела, што ніколі больш не ўбачыць гэтага хлопчыка, яна горка расплакалася.

А зусім нядаўна Сёмка пацэліў з рагаткі ў вераб’я. Лідачка ўзяла яго, яшчэ жывога, і яе ўразіла вока птушачкі — невялічкая чорная каралінка,— у якой паступова згасала жыццё.

Лідачцы ўспомнілася гэтая каралінка, і здалося, што так бездапаможна і яна будзе ляжаць на ложку. З яе вачэй паступова знікае жыццё, а Надзя і Сёмка будуць стаяць і моўчкі глядзець на яе.

Вось і рэчка. Гадоў пяць назад — Лідачка не памятае, але ўсе кажуць — тут утапіўся п’яны. Ішоў па кладцы і зваліўся ў ваду.

Кладка — два доўгія бервяны, падчасаныя зверху. Лідачка па некалькі разоў перабягала туды і назад. На сярэдзіне рэчкі садзілася на іх, спускала ногі або лажылася на кладку, сцёбала галінкай па вадзе, прыглядалася да дна, дзе пад белымі каменьчыкамі праплывалі акунькі і плотачкі, адшуквала цёмныя мясціны, дзе хаваліся ракі.

А цяпер дзяўчынка ступіла нагой на кладку, і ёй зрабілася боязна. Адразу ўспомнілася: яна сёння павінна памерці. Толькі таму, што прысніліся кветкі. Глупства нейкае! Лідачка прыціснула кулачкі да грудзей, пачула, як калоціцца сэрца, і ногі нібы здранцвелі. Боязна глянуць уніз. Так туды і цягне. Бярвенні доўгія. Канца ім няма. Прыпомнілася — сом у вірах жыве. Пуд заважыць. Кажуць, адразу цяля заглытвае...

Толькі на беразе Лідачка супакоілася. Яна крышку пасядзела на траве, убачыла вузкую сцяжынку, якая вяла ў лес, і пайшла па ёй.

Лес сустрэў Лідачку пахам смалы і суніц. Усе мясціны Лідачка тут добра ведала. Вось і палянка. Першая ягадка ў рот. І другая... Ягад — хоць кладзіся ды бяры жменямі.

А тыдзень назад зусім зялёныя былі. Ой, дзве разам! Хто ягадцы паклоніцца, той і ўбачыць. Глядзіш — нібы і няма, нахілілася — чырванее. Бач ты — слімак. Таксама — на салодкае. Паўягады выгрыз. «Слімак, слімак, пакажы рожкі!» Лідачка ўголас паўтарыла гэтую просьбу, але не стала чакаць, што будзе. Кажуць, нібы з-за Азёрнага ў лес перабраліся змеі. Цётка Дар’я бачыла. Лісток варухнуўся... Змяя! У Лідачкі перахапіла дыханне.

— Ну і дурніца! — сказала яна.— Лісток ад ягады вызваліўся, а я падумала...

Але насцярожанасць не знікала. Ля кожнага кусціка ёй уяўлялася небяспека. Толькі абяцанне прынесці ягад утрымлівала дзяўчынку ў лесе.

«Добра, што мядзведзі ў нас не жывуць, а ваўкі толькі зімой набягаюць»,— думала яна.

Дзесьці далёка завуркатала. Лідачка прыслухалася. Не, здалося. Ужо мала збіраць, менш палавіны. Зноў грукоча. Ды гэта ж навальніца!..

Стрымгалоў кінулася дзяўчынка з лесу.

Першыя важкія кроплі ўпалі, калі Лідачка дабегла да свае хаты. Адсунуўшы засаўку — маці некуды пайшла,— Лідачка ўбегла ў пакой: «Паспела!»

Яна паставіла ягады на стол, схапілася за яго край, аддыхалася. Потым села на лаўку, агледзелася.

Ой, як страшна! Але пакуль што нічога не здарылася. Толькі да змяркання яшчэ далёка. А мамін брат памёр на змярканні. Раптам і яна да вечара памрэ?

Дзяўчынка падышла да свайго століка ў пакоі, узялася праглядаць сшыткі. Апошняя пяцёрка па дыктанце. А вось тройка па арыфметыцы. Надзька вінавата. Збіла з тропу.

Грошы... Тата даў на партфель і кнігі. «Пайсці ў магазін, можа, купіць шакаладак? Усё роўна паміраць...»

 

Лідачка паглядзела ў акно. Навальніца як быццам прайшла. Дождж скончыўся.

Дзяўчынка схавала грошы ў кішэньку на сукенцы, закрыла дзверы на засаўку і заспяшалася ў магазін. Па дарозе сустрэла Надзю.

— Надзейка мая! Я цябе так люблю! — узрадавалася Лідачка і абняла сяброўку.— Пойдзем па цукеркі!

Купіўшы ласункаў, дзяўчаткі накіраваліся за вёску на ўзгорачак, каб знайсці Сёму. Сустрэлі яго, селі разам і пачалі частавацца.

А калі з’елі цукеркі, Лідачка ўскочыла і крыкнула:

— Давайце пабегаем навыперадкі!..

Толькі позна ўвечары вярнулася яна дадому. Маці падавала бацьку на стол вячэру. На стале стаяла і берасцянка з ягадамі. Лідачка зірнула ў яе і ўрачыста сказала:

— А я ўсё ж такі не памерла!..

1967

 


1967

Тэкст падаецца паводле выдання: Гарбук В.С. Горад без папугайчыкаў: Выбр. творы. [Для сярэд. шк. Узросту / Аўт. уступ. артыкула А. Васілевіч; Маст. В. Губараў]. – Мінск, Юнацтва, 1983.— 239 с., іл.
Крыніца: скан