epub
 
падключыць
слоўнікі

Вісарыён Гарбук

Што важней

 

Галачка і яе маці зайшлі ў магазін. Сярод высокіх гор з цукерак і печыва стаяла прадаўшчыца. Яна звярнулася да Галачкі:

— Што ты збіраешся купіць у нас, малышка?

Галачка не адказала.

— Як жа цябе, птушанятка, завуць?

Дзяўчынка нахмурылася і нават адвярнулася ад прадаўшчыцы.

— Што з табой здарылася? — здзівілася маці.— Ты забыла сваё імя?

Галачка маўчала.

— Ты чаму не адказала? Чаму не сказала, як цябе зваць? — спытала маці ў дачкі, калі яны выйшлі з магазіна.

— Я не малышка і не птушанятка. Я вялікая! — растлумачыла Галачка.

— Ты паводзіла сябе, як самая звычайная малеча. Не адказала ні на адно пытанне. Як жа прадаўшчыца магла даведацца, што ты ўжо вялікая?

Маці змоўкла, а Галачка задумалася. Так яны моўчкі ішлі па вуліцы, пакуль да іх не падышоў дзядуля, падобны на дзеда-мароза, і не сказаў:

— Добры дзень!

Галачка раней за маці так ветліва і выразна адказала: «Добры дзень, дзядуля!», што ён ласкава паглядзеў на Галачку і спытаў:

— Як жа цябе, унучка, завуць?

— Мяне завуць Галачкай,— заспяшалася дзяўчынка.— Толькі скажыце, што я ўжо вялікая!

— Раз называеш сваё імя, значыць, не маленькая,— згадзіўся дзядуля.— А яшчэ чым ты дакажаш, што вялікая?

Галачка трохі падумала.

— Я... Я сама... умею есці лыжкай і відэльцам. А яшчэ туфлікі надзяваю. Сама іх зашпільваю.

— І дапамагаеш маме,— падказаў дзядуля, угледзеўшы, што Галачка трымаецца за маміну сумку.— Так-так, ты сапраўды вялікая дзяўчынка.

Галачка так узрадавалася, што ўсім, хто стаў пападацца ім насустрач, пачала казаць:

— А мяне завуць Галачкай. І я ўжо вялікая.

Але дарослыя або не звярталі на Галачку ўвагі, або з усмешкай пазіралі на яе.

— У цябе ж не пытаюцца,— сказала маці.

— Няхай усе ведаюць, што я вялікая.

— Выхваляцца сабой, дачушка, непрыгожа. Калі людзі ўбачаць, што ты навучылася рабіць добрыя справы, тады і скажуць, якая ты.

— Чакай, калі скажуць! — пакрыўдзілася нецярплівая Галачка.— А можа, і не скажуць.

І, памаўчаўшы, напомніла:

— Я ж сама сёння надзела туфлікі. І ты мяне пахваліла.

— Правільна,— згадзілася маці.— Значыць, што важней: твае словы ці твае справы?

1961

 


1961

Тэкст падаецца паводле выдання: Гарбук В.С. Горад без папугайчыкаў: Выбр. творы. [Для сярэд. шк. Узросту / Аўт. уступ. артыкула А. Васілевіч; Маст. В. Губараў]. – Мінск, Юнацтва, 1983.— 239 с., іл.
Крыніца: скан