epub
 
падключыць
слоўнікі

Вісарыён Гарбук

Сынава казка

 

 

Разам з бацькам Юрык вярнуўся дамоў з дзіцячага сада. Маці сядзела ў пакоі за сталом. З-за кніг і сшыткаў яе нават не было відаць.

— Вось і мы прыйшлі! — падбег да стала Юрык.

— А-а! — маці пакінула глядзець у сшытак і пяшчотна зірнула на сына.— Я кончу рашаць задачку, тады пагаворым. Добра?

І зноў пачала глядзець у сшытак.

Юрык пастаяў ля мамы, потым асцярожна дакрануўся да яе рукі.

— Усё вучышся?

— Вучуся.

— Хутка экзамены?

— Але, сынок, хутка.

Юрык памаўчаў і зноў спытаў:

— Мабыць, стамілася?

— Стамілася.

— А ты адпачні.

— Няма калі, сынок.

— А ты трошкі-трошкі. Я табе салодкую казку раскажу.

— Салодкую казку?! — здзівілася маці і зазірнула ў вясёлыя, гарэзлівыя вочы сына.— Раскажы, я паслухаю.

— Толькі ты лажыся на канапу.

— Добра,— усміхнулася маці.— З прыемнасцю паляжу крышачку.

Яна ўстала і выйшла з-за стала, падышла да канапы, а калі лягла, закінула рукі за галаву. Юрык падбег да ўзгалоўя.

— Слухаю тваю казку,— сказала маці.

— Заплюшчы вочы,— папрасіў Юрык.

— Заплюшчыла.

— Не, зусім-зусім, каб мяне не было відаць.

— Ужо не бачу.

— А цяпер адкрый рот.

— Рот? Навошта?

— Так трэба? Ну адкрый!

Прыйшлося паслухацца. Пачулася асцярожнае шамаценне паперкі, і маці адчула на языку слівачную карамельку.

— Вось і ўся казка! — радасна сказаў Юрык.

— О-о! — усклікнула маці.—Такую салодкую казку ты мне яшчэ ніколі не расказваў.

— Гэтую цукерку табе даў тата,— даверліва прашаптаў Юрык.— А пра казку я сам прыдумаў.

1971

 


1971

Тэкст падаецца паводле выдання: Гарбук В.С. Горад без папугайчыкаў: Выбр. творы. [Для сярэд. шк. Узросту / Аўт. уступ. артыкула А. Васілевіч; Маст. В. Губараў]. – Мінск, Юнацтва, 1983.— 239 с., іл.
Крыніца: скан