epub
 
падключыць
слоўнікі

Вісарыён Гарбук

Тайна перазвону

 

 

 

Прыйшоў Рома з мамай у прадуктовы магазін, дзе шмат усяго-ўсякага, чаго толькі можа захацецца. Маці звяртаецца да прадаўшчыцы:

— Адважце, калі ласка, кіло цукерак! Вунь тых, шакаладных.

Прадаўшчыца бярэ з прылаўка празрысты мяшэчак, насыпае ў яго цукерак, кладзе іх на металічную талерку на важкай падстаўцы. Талерка то апускаецца, то падымаецца, а па лічбах на белай сценцы вагаў узад-уперад бегае стрэлка. Яна паказвае, многа ці мала ўзята цукерак.

Вагі ўжо не цікавяць хлопчыка. Ён ведае: кілаграм цяжэй за паўкілаграма і ў ім у два разы больш цукерак або яблыкаў. Дзесяць кіло і зусім цяжка несці. А ён сам у трусах і тапках важыць дваццаць тры кілаграмы і дзвесце грамаў.

Цукеркі ўзважаны. Мама вымае з сумкі грошы, пералічвае, аддае прадаўшчыцы і толькі потым бярэ цукеркі. Цяпер цукеркі сталі мамінымі, і яна можа рабіць з імі, што пажадае. Чаму, каб нешта купіць, патрэбны манеткі? Што ў іх такое захавана?

Да папяровых грошай Рома доўга быў абыякавы. Яго цікавілі бліскучыя кружочкі з дзіўным перазвонам. Відаць, у кружочках уся таямніца, якая дазваляе іх уладальнікам купляць, што пажадаюць. Але што ж гэта за таямніца?

1972

 


1972

Тэкст падаецца паводле выдання: Гарбук В.С. Горад без папугайчыкаў: Выбр. творы. [Для сярэд. шк. Узросту / Аўт. уступ. артыкула А. Васілевіч; Маст. В. Губараў]. – Мінск, Юнацтва, 1983.— 239 с., іл.
Крыніца: скан