epub
 
падключыць
слоўнікі

Вісарыён Гарбук

Тайны застануцца з намі

Дакументальная аповесць

Ад Масквы да самага Берліна
Хто з нас больш рассеяны
Калі трэба хітраваць
Рассеянаму давяраюць тайну
Раптоўнае знікненне
Хто салдата і школьніка робіць нясмелым
Галодныя кнігі
Нараджэнне тайны
Загадкавая прапажа
Жартуйце, але не з тайнай
Галоўны экзамен


 

Ад Масквы да самага Берліна

Каб схавацца ад сонца, мы з Ігарам селі на лаўку ў цяні каштана. У заўсёды бялюткай кашулі, сініх спартыўных штанах, не па ўзросту высокі, Ігар нагадваў старшакласніка, хаця вучыўся толькі ў чацвёртым. Ён раз-пораз адкідваў назад валасы і весела расказваў, як учора ноччу, запылены і змораны, вярнуўся з ваенна-спартыўнай гульні «Зарніца». Ігар удзельнічаў у галоўнай баявой аперацыі, пранік у распалажэнне праціўніка і захапіў «языка».

— Прабіраюся праз хмызняк. Зірк — вартавы! Зусім незнаёмае хлапчаня. З нейкай іншай школы. Я — з-за куста і яму на рот далонь! Ён на калені, аўтамат выпусціў. Перапужаўся — сама смерць! А ў мяне як на тое — нічога няма, я ж не разгубіўся і шэптам: «Толькі пікні!» Загадаў: «Рукі назад! Пайшлі!» Прывёў у штаб, і ён пра ўсё расказаў. Разумееце, пра ўсё чыста!

— А ты б на яго месцы не спалохаўся?

— Ніколечкі! — запэўнівае Ігар.— Я і ў рукі б не даўся. Ён варон лавіў.

— Ты сапраўдны салдат.

Як і належыць сталаму хлопцу, Ігар не звярнуў ніякай увагі на маю пахвалу.

— Нашы дзейнічалі смела і хутка! — сказаў ён.— Нават баявы атрад заслалі ў тыл праціўніка!

На хвілінку ён змоўк і нечакана спытаў:

— А вы жывога шпіёна бачылі?

Я ўсміхнуўся.

— Абавязкова жывога? А калі мёртвага?

Ігар усхапіўся з лаўкі.

— Вы самі яго забілі?!

— А з кім тады весці допыт?

Ігар развёў рукамі.

— А калі іншага выйсця не было?

— Не, Ігарчык, у нас справы ішлі па-іншаму. «Як хлопцу растлумачыць?» — уздыхнуў я.

Яму абавязкова давай сапраўдных шпіёнаў! Якія неадступна крочаць за табой, нястомна падслухоўваюць, адшукваюць любыя сакрэты. Было і такое. Але мы працавалі інакш.

— За намі заўсёды цікавала яго здань,— нарэшце кажу я.

— Здань?! — здзіўляецца Ігар.— Ад Масквы да самага Берліна? Раскажыце!

 

Хто з нас больш рассеяны

— Ды ты сядай! — кажу.

Ён сядае каля мяне. Памаўчаўшы, я пытаюся:

— Ты часта губляеш ключы ад сваёй кватэры?

Чырванеючы, Ігар нахіляе галаву.

— Мама і вам паспела паскардзіцца?

— Не, гэта працяг нашае размовы. Відаць, і ты бываеш рассеяны?

— Мы цяпер усе рассеяныя! — упэўнена кажа Ігар.— Усё бягом, усе спяшаемся.

— А на фронце, у арміі можна быць рассеяным?

Ігар марудзіць з адказам.

— На вайне? — перапытвае.— Крыху можна, ледзь-ледзь.

— Што значыць ледзь-ледзь?

— Не ведаю.

— І я да вайны гэтага не ведаў! Быў настаўнікам, любіў паэзію. Сам складаў вершы. І нават ганарыўся, што рассеяны. Інакш, які з мяне паэт!.. Што твае ключы, Ігарчык! Аднойчы летам я ў цягніку зняў з сябе паліто, кепку, павесіў там на вешалку, а пры перасадцы забыў і ўспомніў толькі дома ў праліўны дождж.

Ігар засмяяўся:

— Можна тату і маме пра вас расказаць? Я толькі з дзесятак самапісак дзесьці пасеяў ды яшчэ, праўда, ключы... А яны незадаволены!

— Што ж, кажы,— згаджаюся.— Толькі гэта не апраўданне. А цяпер зноў вернемся да ключоў. Не, Ігар, не да тваіх хатніх, а да іншых. Да тых, якіх ніколі нельга губляць.

 

Калі трэба хітраваць

— Наша часць будавала ваенныя рубяжы,— пачаў я сваё апавяданне.— У пачатку вайны — абарончыя, потым — наступальныя. Яны дапамагалі стрымліваць праціўніка, біць фашыстаў, гнаць іх да самага Берліна. І кожны наш крок, кожная наша справа павінны былі заставацца для ворага поўнай тайнай! Здаралася, мы ўзводзілі дзве пабудовы. Адну — замаскіраваную, сапраўдную, другую — крышачку прыкметную. Несапраўдную.

Расказваю і паглядаю на Ігара. Можа, яму нецікава слухаць не пра шпіёнаў.

— Несапраўдную! — здзіўляецца ён.— А навошта?

— Каб...— пачаў я і спахапіўся.— А ты здагадайся.

— А я-ак?

Бачу, у ваенна-інжынерных справах яму самому не разабрацца.

— Ты ведаеш што-небудзь пра зенітную або артылерыйскую батарэі? З фільмаў, напрыклад.

— Ведаю... Трохі.

— А пра камандны або назіральны пункт?

— Таксама.

— Цяпер уяві, што адны з іх сапраўдныя, а другія — падробка.

— А з чаго вы несапраўдныя збудаванні рабілі?

— З бярвенняў і дошак.

— І потым нікога там не было?

— А ты як думаеш?

Ігар засмяяўся.

— Вораг разбамбіць бярвенні, дошкі, а сапраўдныя батарэі застануцца.

— І нашы салдаты смяяліся, бачачы, як гэтыя бярвенні разлятаюцца ў шчэпкі.

 

Рассеянаму давяраюць тайну

— Дык вось,— працягваю я.— Мы канчалі будаўніцтва рубяжа і рыхтаваліся да пераезду на новы. Нечакана мяне выклікаў да сябе камандзір часці.

— Мікалай Мікітавіч цяжка хворы, няма каму ехаць на новае месца. Мы рашылі ахову дакументаў будучага рубяжа даручыць вам. Вось ключ ад сейфа. Падрабязней пра ўсё вам раскажа Саша.

Сашам мы клікалі памочніка Мікалая Мікітавіча. Ён быў маладзейшы за ўсіх нас.

Са скрыні стала камандзір дастаў ніштаваты ключ і падаў мне.

— Сейф прынясуць салдаты.

— Пастараюся апраўдаць ваш давер! — адрапартаваў я.

— Што за адказнасць кладзецца на вас, спадзяюся, ведаеце? — спытаў камандзір.

— Так точна, ведаю! Дазвольце ісці!

Прыйшоў у свой аддзел, дзе ўжо нікога не было, і пазіраю на ключ. Неўзабаве салдаты прынеслі сейф. Падышоў да яго, адкінуў цяжкое века, памацаў халоднае, са слядамі зялёнай фарбы, тоўстае жалеза. Відаць, даўнавата яно служыць... Зачыніў сейф на замок. А куды дзець ключ? Не дзень і не два ў дарозе. Паклаў ключ у кішэню, пераклаў у другую, трэцюю... І ўсё штосьці не тое. Згубіць можна. Раптам у дзверы пастукалі — і на парозе сакратар.

— Да камандзіра!

Хуценька ўсе паперы замкнуў у нашу агульную, са звычайных дошак скрыню — і бягом. Вярнуўся з пакетамі сакрэтных дакументаў.

«Вось яны — тайны будучага рубяжа! — радуюся.— І не камусьці, а мне давераны! Ад іх аховы залежыць жыццё многіх. І маё таксама».

— Чаму ваша? — спытаў Ігар.

— А калі я згублю гэтыя сакрэты і яны трапяць да ворага, што са мной будзе?

— Разумею,— сказаў Ігар.

Я змоўк. Усё гэта — далёкае мінулае, а для майго юнага сябра і зусім даўніна. Чаму ж яна хвалюе мяне і так цікавіць Ігара?

— А далей што? — пытае ён.

 

Раптоўнае знікненне

— Далей?.. Я руку ў кішэню, у другую... абмацаў сябе, як кажуць, з галавы да ног,— няма ключа ад сейфа! Дзесяткі разоў праверыў: няма — і ўсё тут!

Добра памятаю: разам з іншым ключом, маленькім, які на месцы, паклаў у кішэню. Пальцы яшчэ адчуваюць добра адшліфаваную форму і халодны цяжар, а ключа няма.

Абшукаў пакой, зазірнуў у нашу агульную скрыню, нават столь абвёў вачыма.

Губляюся ў здагадках, успамінаю. З нашага пакоя прабег калідорам, прайшоў праз пакой сакратара, зайшоў да камандзіра. Той жа дарогай назад. Некалькі дзесяткаў крокаў, нідзе нікога, на ганку вартавы...

А ключ знік!

Прыдумаў нейкае пытанне і зноў зайшоў да камандзіра. Ці не пакінуў у яго? Не. І камандзір звычайна пазірае на мяне, размаўляе са мной.

— А вы з пакетамі пайшлі да яго? — пацікавіўся Ігар.

— Пад гімнасцёрку запіхнуў. Усё яшчэ сам спадзяваўся адшукаць прапажу.

— I я сам бы шукаў,— падтрымаў мяне Ігар.

 

Хто салдата і школьніка робіць нясмелым

— Стоп! Я забыўся табе сказаць: сакратаром у нас працавала дзяўчына Валя. І яна, калі з ключом я выйшаў ад камандзіра, ціха, але з насмешкай сказала: «Знайшлі каму даверыць тайну — паэту! Ды ён усё пагубляе!»

— І вы пакрыўдзіліся! — упэўнена сказаў Ігар.

— Ніколькі. Разгубіўся. «А Валя ж праўду кажа!» І парашыў: «Не буду рассеяны! Усяго сябе мабілізую, выхаваю!» І вось табе — мабілізаваў!

Зноў іду міма Валі. Які сорам! Прызнацца? Можа, чымсьці дапаможа. Хоць бы паспачувала! Я ж не раз чытаў ёй вершы. Падабалася мне Валя. А прызнацца не асмельваўся.

Ігар вытрашчыў вочы.

— Вы — салдат і... не асмельваліся?!

— Нічога дзіўнага. Дзяўчына і салдата можа зрабіць нясмелым.

— Праўда?! — узрадаваўся Ігар і нават засмяяўся. А потым уздыхнуў.

— Я адной дзяўчынцы... таксама Валя... хачу напісаць запіску. Каб дружыць. І баюся.

— Разумею цябе,— паспачуваў я.— А чаго ж ты баішся?

— Такая насмешніца...

— Мабыць, ты сам чымсьці гэтай дзяўчынцы павінен спадабацца.

— А чым?

Я нават не ведаў, што параіць.

— Можа, сваёй знаходлівасцю або ўвагай...

— А як я даведаюся, што спадабаўся?

— Яна ж смелая! — узрадаваўся і я, што Ігар не адкінуў мае парады.— Сама скажа. Ці напіша.

— Вам сама напісала?

— Не-е,— уздыхнуў я.— Не сказала і не напісала.

— Ясна,— толькі і адказаў Ігар. І, памаўчаўшы, дадаў: — Не, ваша Валя нічога не ведала пра ключ.— Хлопчык задумаўся.— А ведаеце, вы разам з паперамі ў агульную скрыню ключ паклалі. Вас нечакана паклікалі, а вы пра гэта забыліся.

Я здзівіўся. Лёгка і проста Ігар рашыў маю тагачасную пакутлівую загадку.

— Чаму так думаеш?

— Калі я зачытаюся на ўроку цікавай кнігай, а мяне знянацку выклікаюць да дошкі,— усё з галавы! Забудзеш, на якім уроку сядзіш!

 

Галодныя кнігі

Нездарма Ігар часам не ведаў, на якім уроку сядзіць. Цікавых кніг у яго было многа. Ледзь не кожны ранак праз гэтыя кнігі бывалі спрэчкі з маці.

— Не дам грошай на сняданак у буфеце,— казала яна Ігару.— Бяры тэрмас і бутэрброд. Усё роўна не снедаеш, а купляеш кнігі.

Маці акідвала сына жаласлівым позіркам.

— Зірні на сябе ў люстэрка! Прывід — і толькі!

— Мама, з мяне смяяцца будуць. Скажуць: «Тэрмас ідзе! Тэрмас прыйшоў!» І куды я яго дзену? У парту?! Не ўлезе ж... І да класнай дошкі з тэрмасам ісці?!

Апошні довад чамусьці бянтэжыў маці. А Ігар ішоў у атаку:

— Ну мамачка, ну мілая! Дай лепш грошы і гэтыя яблыкі. І вось гэтыя цукеркі. І вось гэты піражок...

— У апошні раз веру! — урачыста абвяшчала маці.

Дні праз тры-чатыры Ігар прыносіў новую кнігу. Ён асцярожна паказваў яе мне і папярэджваў:

— Толькі ні слова маме!

А мне і казаць не трэба. Яго маці магла ночы не спаць, усё чытала прыгодніцкую літаратуру. Часам сама пыталася ў сына:

— У цябе, Ігар, нічога новага няма на вечар?

Толькі і чакаў хлопчык гэтага пытання. Ззяючы ад радасці, ён падаваў ёй чарговую кнігу.

— Зноў галодная кніга! — абуралася маці.— Чаму не прасіў на яе грошай?

— Не было калі, мамачка. Яе ж у адзін момант расхапілі!

Маці ведала: сын кажа праўду.

— І што з табой рабіць? — яна змаўкала, але, мусіць, нічога не прыдумаўшы, спахаплялася: — А цікавая?

— Во! — Ігар выстаўляў угору вялікі палец, што азначала: выключная, цудоўная!

 

Нараджэнне тайны

Новая сустрэча пад каштанам адбылася ў нас на другі дзень вечарам.

— Якія навіны? — спытаў я ў Ігара.

— Валя «Конніка без галавы» ў мяне папрасіла.

— Цудоўна! А ты?

— Сказаў: «Прыходзь, возьмеш».

— Тваю бібліятэку ўбачыць, ахне і стане яе чытачом.

— Не прыйдзе,— уздыхнуў Ігар.— Кажа, сам прынясі. Лепш раскажыце, што ў вас на новым рубяжы здарылася.

Я задумаўся.

— Здаралася многае,— сказаў нарэшце.— Пра што расказаць, не ведаю. Ну, слухай. Абарончы рубеж будавалі вакол горада. Мы размясціліся на ўскраіне ў невялічкім дамку з выхадам у сад. Мне далі маленечкі пакой. На акно павесілі краты. Сяджу побач з сейфам, прымаю і выдаю тайны. Як і Саша Хлапкоў, вяду строгі ўлік: ад каго што прымаю, каму што выдаю. Прымушаю распісвацца. Трэба ведаць, як нарадзілася тайна, у каго і калі была.

— А як у вас тайны нараджаліся? — перабіў мяне Ігар.

— Проста,— кажу.— Былі вакол горада ўзвышшы, лес, рака. Прыехалі сюды нашы разведчыкі мясцовасці. Мы іх называлі рэкагнасцыроўшчыкамі. Усю мясцовасць вакол горада абгледзелі, параіліся між сабою і рашылі: тут і тут пабудаваць агнявыя пазіцыі для артылерыстаў, мінамётчыкаў, а тут — камандны пункт. Вось так злучыць іх траншэямі, пераходамі. Каб ні з якога боку не прарвацца ворагу да горада, калі ён пойдзе ў наступленне. Сваё рашэнне запісалі, дакладна пазначылі на картах. І, як толькі запісалі і пазначылі, усе гэтыя карты, запісы зрабіліся зусім сакрэтнымі.

— Нарадзілася ваенная тайна! — урачыста ўсклікнуў Ігар.

— І вось аднойчы камандзір загадаў, каб падрыхтаваў я палкоўніку са штаба арміі звесткі пра ўвесь рубеж.

Падрыхтаваў. Чакаю.

Прыязджае палкоўнік:

— Праз паўгадзіны ў мяне даклад. Калі ласка, дайце мне звесткі неадкладна! Заўтра ў дванаццаць нуль-нуль я зноў павінен быць у вас, тады і распішуся...

Я тут жа аддаў палкоўніку ўсе тайны пра рубеж. Ён — бягом да машыны. Чую, ад’ехаў. А калі ад'ехаў, я захваляваўся. Што нарабіў?! Злачынства!

— Чаму? — запярэчыў Ігар.— Палкоўнік жа пазніўся. І сказаў: вернецца.

— Так. Выручыў, паверыў. Нібыта і радавацца трэба. А зразумеў: парушыў парадак аховы тайны.

— Ён жа са штаба арміі! Яму ўсе верылі.

— Ігарчык! Мы ўсе верылі адзін аднаму. Інакш нельга. Аднак верыць — адно, а несці асабістую адказнасць за тайну — другое. Раптам палкоўнік не прыедзе?

— Чаму?

— Неадкладна дадуць яму новае заданне. Або...

Я запнуўся. Ігар насцеражыўся.

— Што «або»?

— Будзе забіты па дарозе. Цяжка паранены трапіць да ворага.

— І пра тайну даведаюцца фашысты,— задумаўся Ігар.— Тады ўсё роўна: з распіскай ці без распіскі.

«Вось дык Ігарчык!» — здзівіўся я.

— Усё роўна для перахопленай тайны. А для тых, хто клапоціца пра яе, ці ж усё роўна? След тайны абрываецца ў мяне!

Я адчуваў, як хацелася Ігару давяраць палкоўніку. А хіба мне не хацелася? Але ж сутнасць не ў гэтым.

— Вы не пайшлі да камандзіра? — спытаўся ён.

— Я выйшаў у сад. Была цёплая восень. Пад нагамі слалася аранжавае лісце. Сінела неба. Высокі дзед з белай барадой у саматканай кашулі абкопваў танюткія дрэўцы. Падышоў да яго. «Мне ўжо не есці гэтых яблыкаў, пра ўнукаў клопаты,— спакойна сказаў ён.— Вайне ж хутка канец».

Мне зрабілася крыху лягчэй на сэрцы. Была толькі восень сорак трэцяга года. А стары такі ўпэўнены!..

Я вырашыў пачакаць да заўтра, да дванаццаці нуль-нуль.

— Правільна! — усклікнуў Ігар.

Назаўтра дакладна ў абяцаны час палкоўнік увайшоў да мяне ў пакой. «Вось і я. Дзе распісацца?»

— Я так і ведаў! — узрадаваўся Ігар.

— Няхай каменні з неба ляцяць, ні адна тайна не выйдзе з гэтага сейфа бясследна! — сказаў я сам сабе, калі зачыніў за сабой дзверы палкоўнік.

А мне ўспомнілася...

 

Загадкавая прапажа

Аднойчы, яшчэ на папярэднім рубяжы, Саша выдаў мне карты. Паводле ўсіх правіл, вядома. Іх неабходна было размножыць і адаслаць будаўнікам. Добра памятаю: прынёс у аддзел, раздаў таварышам. Гадзіны праз дзве адна з карт знікла. Я — да Сашы.

— Яна ў вас,— адказвае той.

Нас у аддзеле было чацвёра. Мы ўвесь дзень шукалі. Памятаю, як узрушана хадзіў па пакоі мой таварыш Эдуард Стэндэр; нізка схіліла над калькай галаву Тамара Дзяругіна, дзяўчынка з Варонежа. А ў вочы Надзі Собалевай, цёмныя, поўныя слёз, немагчыма было глядзець. Адзінаццацігадовая Надзя і яе маці ў сорак першым уцякалі ад фашыстаў з-пад Нара-Фамінска. Нашы салдаты знайшлі іх у полі зусім знясіленымі. Яе маці стала ў нас друкаваць на машынцы, а Надзя навучылася чарціць карты.

— Вы ёй даверылі ўсе тайны? — здзівіўся Ігар.

— А чаму не даверыць?

— І ў яе быў сапраўдны аўтамат?

— Не, зброі дзяўчынка не мела.

— Ясна...

— Што — ясна? Дзяўчынка сама прасіла навучыць яе страляць з асабістай зброі. І мы навучылі.

— А мяне б узялі, калі б вось так знайшлі ў полі?

— У нас былі і такія, як ты.

Ігар уздыхнуў.

— Шкада, што мяне тады не было...

Ігар — добры субяседнік. Не спяшаўся даведацца, а што ж у канцы падзеі. Сачыў за яе развіццём.

— Вокны былі зачынены? — спытаўся ён.

— Акрамя форткі.

— Карта не птушка...

— Тамара пра чалавека-невідзімку ўспомніла. Маўляў, зайшоў да нас у пакой і выкраў. Чытаў пра яго?

— Герберта Уэлса. А як жа! Мне і цяпер шкада невідзімку.

— Толькі ў нашым уяўленні...

— Ён быў шпіёнам! — падхапіў Ігар.

— Вось тады нам асабліва зразумелым стаў сэнс прымаўкі: «Пакуль беражэш тайну, яна — твая палонніца. Як толькі яе згубіў або перадаў не па адрасу, ты — яе палоннік».

— І вы сядзелі, нібы палонныя,— уявіў сабе Ігар.

— Так. Але паступова пачалі думаць, што карту Саша выдаў не нам, а іншым, у яго аднойчы было такое. Па чарзе заходзілі да Сашы, запытальна пазіралі на яго. А Саша маўчаў.

— І карта знайшлася ў Сашы,— заключыў Ігар.

— Не, у нас.

— Дзе?!

— Самім было дзіўна!..

Ігар адчуў сябе следапытам.

— Падклеілася да другой карты? — заспяшаўся ён.

— Не.

— Склалася ўдвая, а вы думалі: чысты ліст?

— Не.

— У кнігу трапіла?

— І не ў кнігу.

— А-а, успомніў! Як у майго таты, у скрынку стала паклалі, а яна — за скрынку!

— За скрыню закацілася! За тую, у якую раней трапіў і мой ключ ад сейфа. Скрыня стаяла ля самай сцяны, яе века ўвесь дзень было адкінута. Толькі вечарам зачынілі века, зірнулі, а між сцяной і скрыняй на падлозе згорнута ў трубачку — наша карта!

— Вы потым спыталіся ў Сашы: ён таксама шукаў?

— І не падумаў. Мы, Ігар, нявопытныя, яшчэ не разумелі, што ніколі не паўтаралі адну і тую ж памылку. Так упячатвалася яна ў памяць!

Раптам Ігар ускочыў з лаўкі.

— У мінулае неўзабаве можна будзе вярнуцца,— фантазіруючы, сказаў ён.— На машыне, ой, выбачайце, на ракеце часу.

— І папярэдзіць усе памылкі? — спытаў я.

— Вядома.

— Калі ты на ёй паляціш,— папрасіў я,— успомні пра нас!

— Абавязкова! — усміхнуўся Ігар.

 

Жартуйце, але не з тайнай

Мы зноў сядзім з Ігарам пад каштанам. Пялёсткі кветак падаюць на зямлю. Чмялі, пчолы яшчэ прылятаюць сюды, але, зрабіўшы два-тры развітальныя аблёты, спяшаюцца далей.

А мне чамусьці ўспомніліся надпісы на кожным тэлеграфным слупе, якія папярэджвалі нас усю вайну: «Праезд толькі па дарозе». Ігар бачыў здымак дарогі з гэтым клапатлівым надпісам у маім франтавым альбоме.

— Было ў нас трое сяброў,— сказаў я.— Міхась, Пятро і Мікола. Вясёлыя хлопцы, але зусім не падобныя адзін на аднаго. Старшы тэхнік-лейтэнант Міхась Швяцоў быў вялікім аматарам жартаў. Ён адгадаваў сабе даўжэзную бараду і прычосваў на абодва бакі. Ужо ў Берліне пасля вайны, калі Міхась ішоў па вуліцы, немцы дзівіліся. А адзін немаладога веку немец нават спытаў у Міхася: «Вы таксама з татальных?» Ты ведаеш, што за такія татальныя?

— Старыя, хворыя,— сказаў Ігар.— Пад канец вайны фашысты нават старых і школьнікаў на фронт пагналі.

— Ведаеш... Ну, а другі наш таварыш, інжынер-капітан Пятро Котаў, любіў спяваць. Дзе ён, там і песні. «Вниз по матушке по Волге...» — асабліва задушэўна атрымоўвалася ў яго. А трэцім быў старшы тэхнік-лейтэнант Мікола Капелькін. Аднойчы генерал чамусьці раззлаваўся на яго. А Мікола, як і трэба, па ўсёй форме стаіць перад ім, але... усміхаецца! Генерал як крыкне: «Што за смех? Безадказнае свавольства!»

— Я, таварыш генерал, ніяк не смяюся,— яшчэ больш пачаў усміхацца Мікола.— У мяне з дзіцячых гадоў такое засталося.

— А генерал? — развесяліўся Ігар.

— Пахітаў галавой, усміхнуўся і сказаў: «Эх ты, Коля-Мікалаша, дзіцё з яснымі вачыма!»

З таго часу і мы яго так клікалі. Жартавалі, што нават у сне ён усміхаецца.

— І Коля-Мікалаша таксама рабіў гераічныя ўчынкі?

— Аднойчы ў штабе арміі правяралі карту пярэдняга краю варожай абароны. Мікола на гэтай карце знайшоў недакладнасць. Узнікла спрэчка. «Я асабіста праверу!» — сказаў ён.

— І сам пайшоў?

— Так, сам. Ноччу, у завіруху. Немцы яго заўважылі, абстралялі, але ён разведаў усё, што выклікала сумненне. Толькі калі з горкі пад кулямі каціўся, шапку згубіў. А ў Берліне ў час баёў з-пад агню вынес цяжка параненага капітана Фёдара Федарцова. У шпіталі капітан памёр... Ты ведаеш, дзе ў Берліне героям штурму горада пастаўлены наш помнік?

Ігар адмоўна пакруціў галавой.

— На Ціргартанскай плошчы, ля былога рэйхстага. Сярод іншых высечана на помніку і капітанава прозвішча. А ля помніка днём і ноччу ў пачэсным каравуле стаяць нашы маладыя салдаты.

— І я ў Дзень Перамогі ля агню Вечнай Славы стаяў! — сказаў Ігар.— Усе ідуць міма цябе, увесь горад! Сцягі, кветкі, музыка...

Мы памаўчалі.

— З вашымі таварышамі здарылася нешта нечаканае? — вярнуў мяне Ігар да пачатку размовы.

— Пятро і Мікола паехалі ў штаб арміі па пакеты. Вярнуліся. Пятро расшпіліў сваю планшэтку.

— Мікола, пакеты ў цябе?

— Не-е,— заўсміхаўся той.— Я думаў, ты ўзяў.

— Цьфу, чорт! — раззлаваўся Пятро.— А я думаў — ты!

— Яны не дамовіліся, каму з іх браць пакеты?! — здзівіўся Ігар.

— Як бачыш, і такое магло здарыцца.

Пятро зноў адправіў Міколу ў штаб, а сам падняўся на трэці паверх у наш пакой. Прылёг адпачыць, а Міхасю сказаў:

«Прыедзе дзіцё з яснымі вачыма, разбудзіш».

Хвілін праз сорак у двары загуў «студэбекер». Пятро адразу ж расплюшчыў вочы.

— Міша, спусціся, калі ласка, спытай, ці прывёз Мікола пакет.

Міхась неўзабаве вярнуўся, прычыніў за сабой дзверы і, заікаючыся, амаль пошапкам сказаў:

— П-пеця, н-няма пакетаў!

Здавалася, незвычайная сіла падкінула Пятра з ложка. Ён кінуўся з пакоя ўніз і загрымеў па прыступках. Міхась у гэты час чамусьці ўсміхнуўся і лёг на свой ложак. Раз’юшаным тыграм неўзабаве ўварваўся ў пакой Пятро і з крыкам кінуўся да Міхася:

«Ты... ты... ты...— задыхаючыся, паўтараў ён.— Ты з чым... надумаў жартаваць?!!»

«Пеця... друг... даруй! — лепятаў Міхась — Я... я табе... хацеў падарыць... хвіліначку радасці...»

«Радасці?! — закрычаў Пятро.— Якой радасці?»

«Ды ты пачакай!.. Ды ты выслухай! — маліў Міхась.— Вось спачатку... ты напалохаўся... А калі, калі даведаўся, што пакеты цэлыя, ты ж так узрадаваўся! Праўда ж, узрадаваўся?..»

«Эх ты, барадаты дзівак! — толькі і сказаў Пятро.— А ведаеш, мая першая думка была пусціць сабе кулю ў лоб...»

«Кулю?!» — Міхась збялеў і апусціў галаву.

— І я не разумею...— перабіў мяне Ігар.

— ...Уяві сабе той час. Наша армія вось-вось павінна ісці ў наступленне. Разведчыкі ёй падрыхтавалі месцы будучых прарываў і праходаў праз варожыя рубяжы, пазначылі іх на картах. А Пятру падумалася, што гэтыя карты яны згубілі.

— І затрымалі наступленне,— зразумеў Ігар.

— Так, і што затрымалі наступленне, і што падвялі пад удар ворага нашых салдат.

— Ад інфаркту Пятро мог таксама адразу памерці,— заклапочана сказаў Ігар.— Ад такога хвалявання...

— Мог...

Ігар энергічна ўскінуў галаву, устаў.

— Я ніколі не буду жартаваць з тайнай! — сказаў ён.— Ніколі!

 

Галоўны экзамен

— Валя прыходзіла па кнігу? — спытаўся я ў Ігара наступным вечарам.

Ігар спахмурнеў.

— Ану яе!

— Чаму?

— Яна нядобрая.

— Вось табе і маеш! Захапляўся, хацеў сябраваць, і раптам — нядобрая!

— Пакрыўдзіла?

— Мяне?! — здзівіўся Ігар.— Няхай паспрабуе!

— Ты ж прыносіў ёй «Конніка без галавы»?

— Прынёс і не даў. Яна слініць старонкі і загінае лісты.

Вось яно што!

— Ты б сказаў: «Нельга псаваць кнігі!»

Ігар фыркнуў:

— Няхай яе тата з мамачкай выхоўваюць!

І, каб спыніць непажаданую размову, тут жа папрасіў:

— Раскажыце, калі ласка, яшчэ пра што-небудзь. У вас жа ўсе выпадкі здараліся толькі па разу,— удакладніў хлопчык.— І ніколі не паўтараліся.

— Як здорава ты захапіў «языка» — успомніў я.— Другі раз той салдат не будзе варон лавіць. Так і ў нас было... Прыходжу неяк да сябе ранкам у пакойчык, дастаю ключ ад сейфа, устаўляю ў замочную шчыліну, спрабую павярнуць — не паварочваецца. Націскаю — тое ж самае. Не адамкнуць замка, і толькі!

Выняў ключ, агледзеў. Нібыта ніякіх змен. Зазірнуў у замочную шчыліну — нічога не відаць. Рашыў павярнуць сейф шчылінай да святла.

Бяруся за века, сейф жа не лёгкі, і з сілай — р-раз! Века ўгору, я бокам аб стол, ад стала — да сцяны. Ледзь-ледзь утрымаўся на нагах.

— Вы яго не замкнулі! — засмяяўся Ігар.— Усё было цэлае?

— Мігам перагледзеў, пералічыў... Усё ў парадку!

— Нікому пра гэта не казалі? — пацікавіўся Ігар.

— Табе першаму. Я ж сам з сабой вёў барацьбу. І, скажу табе, гэта, Ігар, быў мой апошні выпадак рассеянасці. Неўзабаве паправіўся старшы лейтэнант Мікалай Мікітавіч Руканаў. Я перадаў яму сейф з усімі сакрэтамі.

— Вы страшэнна ўзрадаваліся! — усклікнуў Ігар.

— Канечне! За два месяцы ад маёй рассеянасці і следу не засталося.

— Вось каб і мне так,— уздыхнуў Ігар.— А то бясконца губляю то аўтаручкі, то падручнікі, то кнігі.

І нечакана сціснуў кулакі.

— Пазбаўлюся рассеянасці. Абавязкова! — запэўніваў ён сябе.

— Варта вельмі захацець,— падтрымаў я.

— А мяне дзед так і вучыць: хочаш пазбавіцца якога-небудзь недахопу, стаць валявым — пераконвай сябе: «Пазбаўлюся! Усё роўна пазбаўлюся! Стану, якім хачу!»

Ігарава рашучасць мяне радавала.

А над намі сінела высокае бясхмарнае неба, і неўтаймоўныя ластаўкі лёталі ў ім па сваіх усё новых і новых трасах.

1975

 


1975

Тэкст падаецца паводле выдання: Гарбук В.С. Горад без папугайчыкаў: Выбр. творы. [Для сярэд. шк. Узросту / Аўт. уступ. артыкула А. Васілевіч; Маст. В. Губараў]. – Мінск, Юнацтва, 1983.— 239 с., іл.
Крыніца: скан