epub
 
падключыць
слоўнікі

Вісарыён Гарбук

Тата, вяртайся хутчэй!

 

Дагэтуль на паштоўках Валерык адно малюнкі разглядваў. А ўчора маці прынесла некалькі паштовак, паклала перад ім.

— Тата і ад цябе чакае пісьма. Напішы яму.

І яшчэ маці сказала:

— Нашу фабрыку занеслі на Дошку гонару. Мы атрымаем прэмію.

Калі раней мама так гаварыла, Валерык добра ўяўляў: вежавы кран падымае маміну фабрыку высока ўгору і пераносіць на вялізную чырвоную дошку, што ляжыць на зямлі.

Самому смешна, што так думаў. Быў маленькі і не толькі не ведаў, што такое спаборніцтва, а нават не ўмеў маляваць і пісаць. Цяпер Валерык ведае — Дошка гонару стаіць у парку. На ёй ёсць фота мамы і фота цёткі Галі — Наташынай мамы з суседняй кватэры. Ён адразу іх убачыў. Мама ўсміхаецца, а цётка Галя нібы пачула, што ляціць рэактыўны самалёт, і ўглядаецца ў неба, дзе ён.

Сёння нядзеля. Валерык прачнуўся рана і разам з мамай вытрусіў у двары дывановыя дарожкі. Потым дапамог чысціць бульбу.

Паснедаўшы, маці пайшла ў горад, а Валерык пабег на пясчаны ўзгорак, дзе заўсёды збіраюцца яго сябры. Ля іх стаяў Валодзя. З каробкі, на якой з блакітных хваль выглядалі смешныя дэльфіны, Наташа частавала сяброў цукеркамі. Узяўшы цукерку, Валерык сказаў:

— Давай гуляць у спаборніцтва.

— Бяжым, хто хутчэй? — прыгатавалася Люда.

— Не, будзем будаваць, хто што захоча. У каго лепш атрымаецца, таго прэміруем...

— Каробкай цукерак,— падхапіла Наташа.

Дзеці рассыпаліся па ўзгорку.

Наташа хуценька набудавала з пяску дамоў на цэлую вёску. Ля кожнага наставіла сцяблінак лебяды. З залацістых кветак дзьмухаўцу выклала газоны, сярод іх расставіла лаўкі.

Так захапілася, што яшчэ прыдумала пляцоўку для дзіцячых гульняў, шпакоўні, сажалку для карасёў. Люстэрка сажалкі дзяўчынка выклала з кавалкаў шкла.

Валодзя ўзяўся ўзводзіць сцены Брэсцкай крэпасці з равамі і насыпамі вакол. Амбразуры хлопчык выкладваў каменьчыкамі. З амбразур высоўваліся дулы вінтовак і кулямётаў. Як і заўсёды, будаваў Валодзя моўчкі і ўмела. Але цяпер неўзаметку для хлопчыка сцены крэпасці атрымоўваліся больш тоўстыя, равы глыбейшыя, а валы вышэйшыя.

А Люда ніяк не магла прыдумаць, з чаго пачаць, і мітусілася, цікавячыся, хто што будуе.

— Я так не хачу! — казала яна.— А я не так зраблю!

Яна выкапала глыбокую яму, але раптам закідала яе і пабегла ў зараснікі бур’яну. Назбірала палак, наламала лісцяў дзядоўніку. З палак дзяўчынка ўзвяла каркас, абклала лісцямі. Атрымаўся шацёр.

Пад яго зялёным купалам Люда наставіла галінак, навесіла нітак павою. Потым збегала дамоў, прынесла фігуркі медзведзянят, клоунаў, Бураціна, якія яна сама намалявала на тоўстай паперы і выразала. Рассадзіла іх па «канатах» і «трапецыях». Над уваходам у шацёр прымацавала паперку з надпісам «ЦЫРК» і закрычала:

— Пачынаецца вясёлае відовішча. Спяшайцеся ўбачыць!

А сама кінулася зірнуць, хто што зрабіў.

— Ва ўсіх гатова,— сказала яна Валерку.— А ў цябе?

— І ў мяне гатова,— адказаў Валерка.

— А што гэта?

— Дом з ліфтам.

Усім падабаўся Валерыкаў дом з ліфтам. Падабалася Валодзева Брэсцкая крэпасць. І Наташын пасёлак. І Людзін цырк.

— А каму ж каробку? — спытала Наташа. Здавалася, пацешныя дэльфіны на малюнку таксама чакалі пераможцу.

— Каму? — Валерык зірнуў на дэльфінаў і таксама не ведаў, што адказаць. Ва ўсіх па-рознаму, і ўсё падабаецца.

— Давайце пабяжым навыперадкі,— прапанавала Люда, якой не цярпелася пабегаць.— Хто першым дабяжыць да вунь тых тэлеграфных слупоў і вернецца назад, атрымае прэмію.

Усе пабеглі. Першыя вярнуліся Люда і Наташа. За імі — Валодзя і Валерык.

— А каробка адна,— сказала Люда.

— І цукерка адна,— раскрыўшы каробку, сказала Наташа.— Давайце адкусваць па кавалачку.

Адкусілі па кавалачку, і ўсім захацелася піць. Пабеглі да Валерыка дамоў, напіліся, Валерык павёў сяброў да століка, дзе ляжалі віншавальныя паштоўкі.

— Мне яшчэ трэба тату пісьмо пісаць,— сказаў ён.

— А ў мяне такая ёсць! — усклікнула Люда і схапіла адну з паштовак, дзе ў сіняе неба ўзляталі і рассыпаліся рознакаляровыя агеньчыкі ракет.— Гэта «Аўрора» на блакітнай Няве. А гэта касмічны карабель ляціць на Месяц,— пераказвала Люда змест малюнкаў і перадавала іх з рук у рукі.

— Ой, а гэта што такое?

На стале, дзе працаваў Валерыкаў тата, Люда ўбачыла вялізную ракавіну.

— А я ведаю,— сказала Наташа.— Гэта аманіт.

— Тата з экспедыцыі прывёз.

— Які цяжкі! — Люда з напружаннем падняла ракавіну, перадала яе Валодзю.

— Давайце каменны дзённік глядзець,— прапанавала Наташа. Яна правяла далонню па вечку адной са скрынак на стале — скрынкі былі падобны на вялізныя тоўстыя кнігі — і адкінула вечка.

Каменны дзённік... Валерык ганарыўся гэтымі скрынкамі, дзе ў кожнай ячэйцы было столькі цікавага, незвычайнага. Камяні, дзеля якіх тата і яго сябры ездзілі па ўсёй краіне! Людзі цярпелі пякельную гарачыню пустынь і лютую сцюжу Поўначы, узбіраліся на горы, спускаліся ў прадонні, забіраліся ў пячоры. За час пошукаў у рукзаках за плячыма яны перанеслі не адну тону камянёў.

Вяртаючыся дадому з чарговай экспедыцыі, тата нязменна папаўняў свой дзённік новымі знаходкамі. Калі яму хацелася палюбавацца калекцыяй, успомніць пра сяброў і перажыць ранейшыя прыгоды, ён клікаў Валерыка.

— І таварышаў пакліч,— казаў бацька.— Вы ж разам рыхтуецеся ў экспедыцыю.

Часам іх збіралася так многа, што не было куды пасадзіць, а часцей за іншых прыбягалі Наташа і Валодзя. Яны ўтраіх уладкоўваліся на крэсле, слухалі апавяданні Валерыкавага бацькі і па чарзе разглядвалі кожны камень...

— Гэта пірыт,— асцярожна ўзяўшы з ячэйкі гронку залацістых крышталяў, сказала Наташа.— Зірніце, як зіхаціць, нібы праменьчыкі загараюцца!

Валодзя таксама выцягнуў са скрыначкі кавалак чырвонага каменя і сказаў:

— А гэта кінавар. З яе фарбу робяць. Дзе яна знаходзіцца, там у зямлі шмат жалезнай руды.

— З Марухскага раёна Паўночнага Каўказа,— дадаў Валерык.— Там на адхоне гары тата за мядзведзіцай назіраў. Яна сваіх дзяцей вучыла мурашнікі пад камянямі знаходзіць...

— Успомніла, успомніла! — узрадавалася Люда.— Дзядзька Толя зімой расказваў. Мядзведзіца падыдзе да каменя, агледзіць яго, потым лапамі ці плячом штурхне з гары. А малыя не разумеюць і штурхаюць абы-як. Мядзведзіца за гэта іх лапай — шлёп-шлёп!

— А памятаеце, дзядзька Толя пра баброў расказваў,— сказала Наташа.— Там яны шукалі... Ой, забылася!

— Сільвініт,— Валерык падняў вечка з другой скрынкі.— Соль з Салігорска, толькі горкая. Яе па полі рассейваюць, каб ураджай быў лепшы.

Дзеці слухалі Валерыкаў пераказ аб пошуках сільвініту і аб тым, што на рэчцы Беседзі яго тата прасядзеў ноч на дрэве не варухнуўшыся, але ўсё ж такі сваімі вачыма пабачыў, як бабры пілуюць дрэвы і рамантуюць плаціну.

Усе па чарзе лізнулі горкія крышталі, нібы сапраўдныя даследчыкі, і паморшчыліся.

— А дзе наша знаходка? — успомніла Наташа.— Пакажы!

Гэта быў асаблівы гонар Валерыка і Наташы! Кавалак вапняку з маленькімі ракавінамі. Адшукалі яго сярод цэлай гары зямлі і камянёў, выкінутых экскаватарам.

Тата так радаваўся! Сказаў, што з гэтай знаходкі ў дзённіку пачынаецца новая старонка. І паабяцаў узяць дзятву з сабой у экспедыцыю на ўсё лета.

— Ой, як у вас цікава! — сказала Люда.— Мы да цябе заўтра прыйдзем.

Сябры пайшлі. Валерык вярнуўся да свайго століка і ўзяў адну паштоўку. Ссунуўшы бровы, прыжмурыўшы вочы, ён пільна ўглядаецца ў нешта такое, што вельмі далёка. А разглядзець усё роўна трэба.

Вось так, ссунуўшы бровы, пазірае перад сабой бацька, калі сядзіць за сталом або ходзіць па пакоі і падлічвае, ці многа знойдзена багацця ў падземных кладоўках. Тады Валерык стараецца як мага цішэй займацца сваімі справамі.

Першы ліст. Трэба пра ўсё напісаць. Пра маміну прэмію і з кім ён гуляе. Што чытае і як навучыўся маляваць. Валерык сядае за стол і на адваротным баку паштоўкі выводзіць вялікімі літарамі: «Дарагі тата!»

Хацелася напісаць, каб тата хутчэй вяртаўся дадому і прывозіў многа ўсяго-ўсяго, але месца на паштоўцы не хапала. Прыйшлося дапісаць напалову меншымі літарамі: «Прыязджай хутчэй! Твой Валерык».

1968

 


1968

Тэкст падаецца паводле выдання: Гарбук В.С. Горад без папугайчыкаў: Выбр. творы. [Для сярэд. шк. Узросту / Аўт. уступ. артыкула А. Васілевіч; Маст. В. Губараў]. – Мінск, Юнацтва, 1983.— 239 с., іл.
Крыніца: скан