epub
 
падключыць
слоўнікі

Вісарыён Гарбук

У каго ёсць грошы

 

 

Рому здавалася, што ў дарослых заўсёды ёсць грошы. Варта пакапацца ў сумачцы або пашукаць у кішэнях. Нават калі днём ці вечарам іх няма, да раніцы, пакуль усе спяць, яны ўсё роўна там з’яўляюцца.

Пазней ужо Рома даведаўся, што тата і мама атрымоўваюць грошы за сваю работу. Гэтыя грошы яны называюць зарплатай. Тата кажа, што без любімага занятку жыць не можа. Гэта яго радасць. А работа ў таты цікавая: па ўсім горадзе вазіць пасажыраў. Сам Рома не раз ездзіў на тым аўтобусе.

Рома ганарыўся сваім бацькам, бачачы, з якой павагай усе да яго ставяцца.

У маці таксама цікавая работа. Яна ў кіёску прадае паштоўкі, часопісы з малюнкамі і газеты.

Газеты да мамы прывозяць ранкам, і перад кіёскам становіцца вялікая чарга. Бывае, Рома памагае маці: ён залазіць на табурэтку і падае пакупніку паштоўку, якую той просіць. Маму ў горадзе амаль усе ведаюць і заўсёды цёпла вітаюцца з ёю.

Калі не працаваць, грошай не будзе. А каб навучыцца працаваць, трэба хадзіць у школу. Гэта ясна.

1972

 


1972

Тэкст падаецца паводле выдання: Гарбук В.С. Горад без папугайчыкаў: Выбр. творы. [Для сярэд. шк. Узросту / Аўт. уступ. артыкула А. Васілевіч; Маст. В. Губараў]. – Мінск, Юнацтва, 1983.— 239 с., іл.
Крыніца: скан