epub
 
падключыць
слоўнікі

Вісарыён Гарбук

У садзе ноччу

 

А ведаеце, хто жыве ў пяску пад нашым ганкам? Ніколі не здагадаецеся! Старая-старая рапуха. Чаму старая? Ды яна вельмі многа гадоў там жыве, зрабілася тоўстая і цяжка дыхае.

У пяску ўтульная норка. Калі ўсюды спёка, там халаднавата і цёмна. Днём рапуха ў норцы адпачывае. А ноччу ў садзе палюе. У гэты час па садзе калматы Тузік бегае. Ён у нашых суседзяў жыве. Ох і дурны! Брэша абы на каго. Заўсёды брудны, а стараецца лапы мне на плечы пакласці.

Аднойчы падбег Тузік да рапухі, панюхаў, схапіў зубамі ды як падкіне ўгору! Гульню сабе знайшоў! Рапуха ўдарылася аб зямлю і моцна выцялася. А дурны Тузік пабегаў па сцежках ды — на свой двор.

Ляжыць рапуха ў траве. Цяжка дыхае. Варухнуцца баіцца. Доўга ляжала. А піць і есці хочацца. Цалюткі ж дзень галодная. Кінула свой язычок да ліста, расінку злізала.

Непадалёку груша-дзічка расла. Маленькая. Усяго тры лісточкі. А тут чарвяк-прожар на яе накінуўся. Ні днём, ні ноччу не даваў спакою. Рапуха ўбачыла чарвяка і праглынула. Змучанае дрэўца з палёгкаю выпрасталася.

Потым рапуха перабралася на новае месца. Ціхенька, каб Тузік не пачуў. На траве матылька ўбачыла. Матылёк сабраўся ляцець на яблыню. Хацеў на галінку кучку яек пакласці, каб з іх вусені вывеліся. Калі вусень завядзецца — на дрэвах ні лісця, ні яблыкаў не будзе... Матылёк толькі памкнуўся ляцець, а рапуха — хоп яго! — і праглынула!

У нашым садзе клубніцы растуць. Вельмі смачныя. Асабліва з малаком або з цукрам. А на клубніцы ўсе смаўжы спаўзаюцца. Агідныя такія. Тоўстыя і нібы студзень. Паўзуць і след пакідаюць за сабой. Яны мякаць у ягадах выядаюць. Рапуха ўсіх смаўжоў пералавіла... Мама раніцай назбірала на сняданне поўную талерку клубніц і нават не здагадалася, хто ягады выратаваў.

На каранях старога каштана рапуха злавіла жука-караеда. Ну што ў ім есці? Цвёрды, калючы. Яна ж і жука праглынула!

Так наша старая ўсю ноч і палявала. А калі пачало світаць, яна паскакала дадому, да свае норкі. Зноў спаць да вечара.

Аж па дарозе ёй кацяня сустрэлася. Кацяня ўсю ноч спала ў цёплым закутку. Ранкам пад’ела малака, і захацелася яму пазабаўляцца. Выбегла на ганак і давай са сваім хвастом дурэць. Круціцца, лапкамі хапае. А тут якраз рапуха з палявання вярталася. Кацяня скок да яе з ганка. Рапуха да зямлі прытулілася, вочы лапкамі прыкрыла. Разумная такая. Кацяня да яе носам. І — апчхі! У носе заказытала. А рапуха да норкі — скок! Кацяня зноў да яе: думала, што рапуха гуляе з ім. Хоп — і перакуліла. А рапуха са спіны на жывот ды зноў — скок, скок! Пакуль не схавалася ў норцы.

1963

 


1963

Тэкст падаецца паводле выдання: Гарбук В.С. Горад без папугайчыкаў: Выбр. творы. [Для сярэд. шк. Узросту / Аўт. уступ. артыкула А. Васілевіч; Маст. В. Губараў]. – Мінск, Юнацтва, 1983.— 239 с., іл.
Крыніца: скан