Адцвітаў бэз. Бялелі свечкі каштанаў. Жывая сетка з пчол, вос і чмялёў вісела ў паветры ля дрэў. Асобныя пчолы і восы зляталі ўніз да водаправоднай калонкі, садзіліся на вільготныя белыя каменьчыкі і прыліпалі да празрыстай жылкі-раўчука.
Удвух з таварышам мы прышкандыбалі сюды, у самы аддалены куток санаторнага саду, і селі на тоўстыя смалістыя бярвенні, нарыхтаваныя на будоўлю.
Паклаўшы ў траву свае неразлучныя спадарожніцы-мыліцы, мы моўчкі сачылі за пчоламі, за вежавым кранам, які паволі рухаўся ўздоўж сцен будоўлі. Над намі быў нясцерпна яркі блакіт паўднёвага неба, пахлі кветкі, куды ні глянеш — радавалася жыццё.
І ўсё ж такі нам было не па сабе. Не, нам ужо ніколі не быць там — на рыштаваннях!..
Раптам над мураванай агароджай, якой быў абнесен сад, падняліся дзве бялявыя галавы. Не звяртаючы на нас увагі, свавольнікі-хлапчукі пералезлі непадалёк.
— Ты ў які клас перайшоў? — спытаўся я ў старэйшага.
— У пяты.
— А ты?
— У трэці.
— Бач, якімі волатамі ўзнімаецца новае пакаленне! — усклікнуў мой таварыш, і ў яго голасе чуўся гонар.
— Змена,— дадаў я.
— Надзея,— дапоўніў таварыш, уздыхнуўшы.— Пра адно мая думка: яны не павінны ведаць гэтых падпорак! — Ён паказаў на мыліцы.
Але вось хлопцы пабеглі да калонкі. Там адзін з іх дастаў з кішэні сваіх кароценькіх штонікаў звычайную соску, праз якую маці кормяць дзетак маленькіх малаком.
Са здзіўленнем мы сачылі, навошта ім соска.
Хлапчукі падышлі да калонкі. Меншы нацягнуў яе на кран, а большы націснуў на рычаг.
— Зменшы напор,— скамандаваў малы.
Струмень вады распёр соску, і яна зрабілася падобнай на прадаўгаваты балон. Перахапіўшы пальцамі краёчкі соскі, малы зняў яе з крана і з крыкам: «Увага, атам!» — наводмаш кінуў сваю «бомбу».
Скачучы, нібы напалоханая рапуха, балон два-тры разы выкінуў вялікі струмень вады і замёр на каменьчыках звычайнай соскай.
Потым гэтая соска стала «кулямётам». Праз маленькую дзірачку вылятала тонкая срабрыстая нітачка вады. Гэта была «кулямётная чарга». Хлопцы ёю «прачэсвалі» бур’ян ля мураванай агароджы.
Мокрыя з галавы да ног, дзеці бестурботна смяяліся, а пасля пералезлі цераз агароджу і зніклі.
— А-а, чорт, увесь настрой сапсавалі! — сказаў мой таварыш і з вялікім намаганнем падняўся на мыліцы.— Хадзем адсюль...
Я мала ведаў свайго таварыша па бядзе, але добра разумеў адно: ён любіў дзяцей.
1959