epub
 
падключыць
слоўнікі

Вісарыён Гарбук

Уладальнік вялікай тайны

 

 

З нядаўняга часу маці пачала пасылаць Рому ў магазін па хлеб і розную дробязь. Ён выбягаў на вуліцу, пераглядваў манеткі, заціснутыя ў кулаку. Раптам у краме скажуць:

— На гэтыя грошы белага хлеба мы не даём. Сёння на іх можна купіць самакат ці канькі з лыжамі.

Або раптам цётка аб’явіць:

— Хлопчык! Ды ты можаш узяць столькі прадуктаў, што і не данесці. І акрамя таго...

Рому ўяўлялася: ён прыносіць дамоў розныя мяшкі і мяшэчкі, пачкі, булачкі, баначкі, урачыста выкладвае на стол. Маці ахкае, а ён спакойна кажа:

— Тут яшчэ здача ёсць.

І высыпае поўную жменю маленькіх-маленькіх манетак. Яны ваўчком круцяцца па паверхні стала і звіняць, звіняць, а маці кажа:

— Толькі цябе буду пасылаць па ўсе пакупкі. Мне ж на тыя грошы, што табе дала, не купіць і сотай долі! А ў тваіх руках яны становяцца чарадзейнымі. Ты — уладальнік вялікай тайны!

1972

 


1972

Тэкст падаецца паводле выдання: Гарбук В.С. Горад без папугайчыкаў: Выбр. творы. [Для сярэд. шк. Узросту / Аўт. уступ. артыкула А. Васілевіч; Маст. В. Губараў]. – Мінск, Юнацтва, 1983.— 239 с., іл.
Крыніца: скан