epub
 
падключыць
слоўнікі

Вісарыён Гарбук

Усе добрыя!

 

На лясную сцежку вынырнулі з-за дрэў і кінуліся да мяне жанчына з хлопчыкам.

— Вы тут не бачылі школьнікаў з настаўнікам? — спытала жанчына.— Усім класам.

— На вялікі жаль...

За яе спіной — велічэзны рукзак. У руцэ гаспадарчая сумка, набітая пакункамі і бутэлькамі, у другой — таўшчэзны кій з жалезным наканечнікам. Тэрмасы, біклагі і нават невялічкая сякера ў чахле звісалі ў яе з усіх бакоў. Толькі ў хлопчыка адзін-адзінюткі фотаапарат на жываце.

— І трэба ж прыдумаць такое! — жанчына з сілай уваткнула кій у зямлю.— Экскурсія за горад, а дзецям толькі ўчора пра гэта сказалі! Барысок, гэта мой унук ад старэйшай дачкі, ужо ў шостым, прыбег у дванаццаць са школы. Я абед гатавала, ля пліты стаяла. Як сказаў пра паход у лес, траха не самлела я, каструлю з варам на сябе ледзь не перакуліла. Увесь дзень, вечар, усю ноч рыхтавалася. І сёння прыцемкам усхапілася.

— А мяне не разбудзіла! — скрозь слёзы сказаў хлопчык.— Я ж прасіў!..

— Ах, Барысок! Перад такім нечаканым сур’ёзным выпрабаваннем ты павінен быў добра выспацца,— сказала яна ўнуку, вырвала і зноў уваткнула кій у зямлю.— Гэта ж злачынства — так рана весці малых немаведама куды! Які жах!

— Ужо дзесяць гадзін,— запярэчыў я.

— А што такое дзесяць? Я ж толькі сёння паходную палатку Барыску адшукала!

— Купілі! Навошта?

— А раптам лівень з навальніцай ды яшчэ з градам! Дзе беднаму дзіцяці схавацца?

— На небе ж ні хмурынкі. Ды і сіноптыкі...

— Надвор’е хавае столькі нечаканасцей, што ні на якое яснае неба нельга спадзявацца,— перапыніла мяне жанчына.— Праз хвіліну ўраган можа наляцець! Дрэвы з карэннем угору паляцяць!..

— Тады і палатка не паможа,— кажу я.

Яна ўставілася на мяне так, нібы я і быў гэтым самым страшэнным ураганам.

— Ой, не, не кажыце! Усё ж такі...

І, пільна агледзеўшы неба, пачала бездапаможна азірацца вакол.

— Дык ты ў шостым? — звярнуўся я да хлопчыка.

— У шостым! — не дала і слова яму вымавіць бабуля.— І яшчэ па класу піяніна займаецца... А прыроду ой як любіць! Усё пейзажы малюе.

— Ты з натуры малюеш?

— Навошта з натуры?! — здзівілася бабуля.— З кніжак. Так яшчэ лепш. Ён у мяне сапраўдны мастак. Ад самога Шышкіна не адрозніш! Мы ўсе яго малюнкі збіраем. Пяць альбомаў ужо зрабілі. Ах, калі б вы маглі пабачыць!..

Раптам яна спахапілася:

— Ну, Барыска, рабіць тут няма чаго. У нас адна, у іх сто дарог. Ды і гарачыня, твая галоўка разбалелася. Ой, як шчокі палымнеюць!.. Не пярэч, сама бачу! Пойдзем дадому!

— Раз вы спазніліся, а рыхтавацца прыйшлося з такім...— я хацеў сказаць камфортам, але чамусьці не асмеліўся,— з такім прадбачаннем, застаньцеся да вечара ў лесе. Унук няхай пабачыць сапраўдныя дрэвы, пачуе птушак...

— Нам ужо не да птушак! — перапыніла мяне жанчына.— Барыска, выпі апельсінавага соку! Ён, здаецца, у гэтым тэрмасе... Не, не тут... І зноў не тое. Ды дзе ж ён?!

— А навошта вам кій такі цяжкі? — не ўтрымаўся я.

— Малады чалавек! — ускіпела жанчына.— Відаць, вы тут упершыню. У гэтым няшчасным лесе паўнютка самых ядавітых змей. Ад аднаго ўкусу дарослы гіне!.. А тут — дзіцё!.. Ну, Барыска, пайшлі!..

Я саступіў са сцежкі, але раптам жанчына павярнулася і, трасучы перада мной кіем, зноў угневалася:

— Самі педагогі вінаваты! У такую небяспеку павялі дзяцей! Без усякай падрыхтоўкі! Бацькі таксама добрыя! Абы дзяцей з рук збыць! Я іх ведаю!.. І ўспомніце мае словы: нікога не прыцягнуць да адказнасці, калі што здарыцца Будзьце ўпэўнены!

1973

 


1973

Тэкст падаецца паводле выдання: Гарбук В.С. Горад без папугайчыкаў: Выбр. творы. [Для сярэд. шк. Узросту / Аўт. уступ. артыкула А. Васілевіч; Маст. В. Губараў]. – Мінск, Юнацтва, 1983.— 239 с., іл.
Крыніца: скан