epub
 
падключыць
слоўнікі

Вісарыён Гарбук

Вясеннім вечарам

 

Невялічкі, прыбраны клапатлівымі дзявочымі рукамі пакой. На акне — фіранкі, на падаконніку — вазоны: далікатны, крохкі «аганёк», які любяць дзяўчаты, духмяная герань. Зачапі яе — усё паветра напоўніцца асвяжаючым водарам.

Ледзь не ўвесь пакойчык займае ложак. На блакітную коўдру і падушкі накінута капа з карункамі. Каля ўзгалоўя — тумбачка. На бялюткай сурвэтцы — кнігі і розная дробязь: люстэрка, пудра, алоўкі. Каля акна — столік і тры табурэткі. Каля дзвярэй — печка і завешаны шырмай куток.

Над сталом электралямпачка, святло ад якой мае звычай увесь час гаснуць без папярэджання. На такія выпадкі побач вісіць газовачка з патрэсканым шклом.

Каля стала — тры дзяўчыны з падручнікамі і сшыткамі. Яны рыхтуюць урокі.

Большая з іх, Патаніна Тася, невысокая бландзінка з ветлівым спакойным тварам,— жыхарка гэтага пакоя. Яна працуе і вучыцца завочна ў педагагічным вучылішчы ў Лепелі. Справа ад яе — флегматычная таўстуха Іра, злева — худзенькая тэмпераментная Галя — дзесяцікласніцы, яе суседкі-сяброўкі. Яны заўсёды прыходзяць сюды рыхтаваць урокі і амаль увесь час трацяць на пабочныя гутаркі.

Змяркаецца. Як і заўсёды, першай размову пачынае Тася. Але сёння яна надзіва разгубленая і няўважлівая да заняткаў.

— Дзяўчаткі! Нешта мне зусім у галаву нічога не лезе. Як раздумалася я ўчора, дык і сёння хоць крыкам крычы...

— А што здарылася? — здзіўляецца Галя.

— Што? Ты пытаешся што? — не спяшаючыся, разважліва, нібы з самой сабою, спрачаецца Тася.— Я сама ў сябе пытаюся што? І не знаходжу адказу.

— Гэта бывае,— спакойна згаджаецца Іра.

— Праз месяц мне споўніцца дваццаць тры гады,— працягвае Тася.— І ніхто яшчэ на мяне аніякае ўвагі, нават не прыгалубіў... Не, некаму ўжо больш падумаць пра мяне. Усё скончана!

— Хіба ж ты пачвара якая? — запярэчыла Іра.— Прывабная, характар лагодны, як і ў нас... Не ўсё ж адразу!..

— Зусім не прывабная... Каму я патрэбная такая? Ні геройскіх учынкаў, ні выдатных здольнасцей, ніякае самавітасці.

— А хіба толькі такія выходзяць замуж?.. Ну, не! — не згаджаецца Галя.

— Ды і хлопцаў майго ўзросту ўжо нікога няма. Адны загінулі, а хто вярнуўся з вайны — даўно жанаты. Вось працую сакратаром райсавета. Заўжды поўна народу. А выбару няма. Іншы пагутарыць з табой больш ласкава, чым трэба, або пажартуе. Ведаеш, што ўсё гэта нічога не значыць. А ў галаве, у думках — нібы кінакадры з твайго жыцця: мы разам працуем, чытаем кнігі, у нас хлопчык! Абарвеш гэтую ўяўнасць, і такая горыч... Заскачуць пальцы па літарках машынкі, нібы шалёныя, і ўсё тут.

Апусціўшы галаву, Тася абгортвае вакол пальца і зноў распускае блакітную стужку, якой пераплецена тугая каса, і гатова заплакаць.

— Сапраўды, цяпер на танцах дзяўчат больш, чымся хлопцаў,— кажа Іра. Яна глядзіць шэра-блакітнымі вачыма на Галю.— Вось мой кавалер, Галечка. Скажы, непаседа, ты закахана ў мяне?

— Не,— жартуе сяброўка.— Па-першае, ты мне заўсёды гатова здрадзіць. А па-другое, я не люблю, калі ў дзяўчыны ў галаве вецер.

— У цябе самой вецер! — рэжа Іра.— Косця праўду казаў, што колер тваіх вачэй падобен на Балтыйскае мора: ніколі не ўловіш адцення яго колеру. А вочы — люстэрка душы.

— Не, дзяўчаткі, я сур’ёзна,— кажа Тася.— Тут і то няма выбару. А скончу вучобу, паеду на вёску. Там пасля вайны і зусім нікога не знойдзеш. Уся моладзь, як толькі падрасце, у горад ірвецца... Я і так стараюся нічога не браць пад увагу, заняцца працай, вучобай... Нават папракаю сябе за ныццё, маладушша. А надумаеш, ну хіба я зусім бязвольная? Не такое было, і перажыла... Ат!

Яна махнула рукой і стукнула па сшытку.

— Ад самой сябе, мабыць, не ўцячэш. Як вольная хвіліна, так і сумуеш.

— Гэта ў цябе, Тася, з вясной,— па-свойму ацэньвае яе настрой Галя.— Мне таксама вясной сумаваць хочацца... Або паехаць кудысьці далёка-далёка, на поўдзень, да мора.

Твар дзяўчыны ажывіўся, вочы заблішчалі.

— Аднойчы ў сне я лётала. Ды так дзівосна. Куды хутчэй за самалёт... Сама нібы птушка. Нават да зорак заляцела. Прачынаюся і ціхенька смяюся, каб маму не разбудзіць. Так у гэтую ноч і не заснула. Раптам зажадалася ў каго-небудзь закахацца!.. Іра, як ты лічыш, Алег прыгожы?

— Калі ён табе падабаецца,— нечакана дзеля самой сябе з іроніяй адказала Іра,— то прыгожы!

Галя пачырванела і паспешна схавала твар у лісты падручніка. Іра засмяялася.

— Чаго хаваешся? Спаймала?!

— Ніколькі не спаймала. Калі гавораць пра хлопцаў, я заўсёды чырванею. Гэта ў мяне з дзяцінства.

— Алег? Чый Алег? — нібы прачынаючыся, спыталася Тася.

— Наш аднакласнік,— адказала Іра.— Агульная сімпатыя. Толькі Галечка раўнуе.

— Нікога я не раўную,— узлавалася сяброўка.— Я значна вышэй гэтага перажытку.

Тася падняла галаву і адкінула косы назад. Прыплюшчыўшы вочы, яна ўздыхнула і, нібы ў сне, усміхнулася.

— У мяне быў Алег,— сказала яна.— Разам раслі. Напярэдадні вайны мне споўнілася шаснаццаць гадоў. Я восьмы клас скончыла. Нават не памятаю, як закахалася... Куды ні пойдзеш, усе мае думкі аб ім. Вочы такія сур’ёзныя, крыху з усмешкай. Вейкі доўгія, выгнутыя. Раз ужо нават стаяла побач. На першамайскім мітынгу, ён абняў маю постаць адной рукой. Зірнула яму ў вочы і не змагла глядзець... Вечары два разам правялі і нават не пацалаваліся. А потым вайна. Праз год ён пайшоў у партызаны, абяцаў мяне ўзяць, ды не выйшла... Загінуў... Летась ездзіла дахаты восенню. Як усё-ўсё ўспомнілася! Яго магілка ў лесе пад Межыцамі. І бярозка расце. Абняла яе і так наплакалася.

— У тым самым баі і мой стрыечны брат загінуў,— сказала Галя.— Мне семнаццаты, а яму ўжо дваццаць сем было б. Віця заўсёды мяне яблыкамі частаваў. На руках гушкаў. Усё гімнастыкай займаўся.

— Вось гэта было першае і апошняе каханне,— засмучаная, скончыла Тася.— Мае вусны так і засталіся нецалаванымі. Нават у сне не бачыла, каб хто цалаваў.

— І мяне,— заварушылася Іра.— А ў сне я раз цалавалася.

Вочы яе зрабіліся хітра насцярожанымі.

— Са мной? — спыталася Галя.

— Ты мне і без пацалункаў абрыдла.

— А мне, дзяўчаткі,— неяк вінавата засмяялася Тася, нібы саромячыся,— усё сніцца хлопчык. Такі пухленькі, ручаняткі за шыю абдымаюць!

Яна горача ўздыхнула.

— О, як мне хочацца мець такое дзіцятка! Прачнешся і адчуваеш яго цельца ля сябе. Нібы да грудзей прытуліўся пульхнымі вуснамі. І так табе хораша стане...

— Я люблю дзяцей,— з цёплай, пяшчотна задуменнай усмешкай кажа Іра.— Асабліва малых. Вачаняткі на цябе так і ўтаропіць. Я і ў лялькі вельмі любіла гуляць.

— А я — не! — адазвалася Галя.

— Значыць, з цябе будзе кепская маці,— зрабіла вывад Іра.

— Гэта не доказ. Я проста яшчэ не думала пра гэта.

— І я раней не думала,— уздыхнула Тася.— А з гадамі само прыйшло.

— Ну дык і добра! Зусім натуральная з’ява! — абагульніла Іра.

— Ах ты, таўстуха, філосаф дамарослы! — перакуліўшы да сябе на калені, Тася пачала калаціць Іру.— Ты ж добра ведаеш, бо чытаеш кнігі: нашы пачуцці павінны прыносіць нам і шчасце і радасць. Бяры што хочаш: каханне, сям’ю, мацярынства, дружбу... А вайна ўсё зрабіла трагедыяй, усё ў мяне адабрала: і першае каханне, і сям’ю, і нават права быць матуляй... Ой, якая ж ты тлустая: ні да адной костачкі не дабярэшся. Нібы мячык, і шчокату не баішся.

— Яна прывыкла. Яе ўсе тузаюць і скубуць у класе.— Галя ўсхапілася і кінулася на сяброўку.— Я ведаю, дзе яна баіцца. За вухам.

— А-я-яй! — крыкнула Іра і паспрабавала вызваліцца. Пачалася валтузня. Са стала пасыпаліся кнігі, сшыткі. Тася і Іра зваліліся на падлогу. З крыкам: «Мала кучы!» — на іх навалілася Галя.

Пасля заўзятай барацьбы, засопшыся, са шчаслівым смехам, дзяўчаты пачалі прыводзіць сябе ў парадак.

Пад столлю тлеючым святлом азначыліся валаскі электралямпачкі.

— Не, дзяўчаткі! — ажывілася Тася.— Закончу вучобу, паеду ў вёску вучыць дзяцей. Тады будзе ў мяне радасць. Хоць і не поўная, а радасць. Даб’юся, каб дзеці мяне любілі, як я калісьці любіла сваю настаўніцу. А там...— Тася прыцішыла голас.— Можа, хоць інвалід знойдзецца... Хай без рук, без ног... Сляпы... Хіба я яго не пакахаю? Ды як яшчэ! І будзе ў нас хлопчык...

— А калі дзяўчынка? — зацікавілася Галя.

— А, кінь ты сваё! Што я пажадаю, тое і будзе!

Дзяўчаты засмяяліся.

— Хіба гэта залежыць ад жадання? — здзівілася Іра.

— Я жартую.— Тася зноў зрабілася задуменнай.— Проста мне не хочацца, каб мая дачка мела такі лёс, як і я.

 

— А калі новая вайна — сын загіне. Выгадуеш і зноў адна застанешся,— зморшчыўшы лоб, кажа Іра.

— Я тады адразу на фронт! — як даўно вырашанае, кідае Тася.— Буду помсціць ворагу за ўсё! А можа, больш не будзе вайны? — мяркуе Тася.— І што рабіць, каб яе не было? Можа, толькі і трэба, каб кожнаму сумленна працаваць? Толькі мая праца здаецца мне такой драбніцай, такой бездапаможнай перад усёй гэтай навалай, што ўсё думаецца: не, не тое трэба! А як знайсці гэтае большае — не ведаю. — Незадаволена я сабой! — абагульняе Тася свае развагі.

— Ты ў нас сапраўдны Барух Спіноза! — нечакана ўскліквае Іра.

— Чаму? — здзіўляецца Тася.

— Я чытала пра яго. Ён усё жыццё пакутаваў за лёс народа. Вялікі філосаф... Ой, дзяўчаткі! — падхопліваецца Іра.— Зноў мы загаварыліся! Трэба хоць дзесяцігодку скончыць. Там відней будзе... Можа, і ва універсітэт трапім... Пойдзем, мой ненаглядны кавалер, спаць. Ты забылася — заўтра фізіка, а Яўстафій Парамонавіч такі строгі. Ой, якая цемра на вуліцы!.. Дождж! Трымай мяне, Галю!..

Дзяўчаты развітваюцца. Тася праводзіць іх і, вярнуўшыся, зноў садзіцца за стол. Сядзіць доўга, нерухома. Потым дастае з тумбачкі шкляны слоік з малаком, лусту чорнага хлеба. Пад’еўшы, яна сцеле ложак, выключае святло, распранаецца і са словамі: «Ну што ж, дабранач табе, Тася!» — залазіць над коўдру.

1948

 


1948

Тэкст падаецца паводле выдання: Гарбук В.С. Горад без папугайчыкаў: Выбр. творы. [Для сярэд. шк. Узросту / Аўт. уступ. артыкула А. Васілевіч; Маст. В. Губараў]. – Мінск, Юнацтва, 1983.— 239 с., іл.
Крыніца: скан