epub
 
падключыць
слоўнікі

Вісарыён Гарбук

Вось дзіва

 

У школу для Ромы маці ў пергаментны мяшэчак наклала мудрагеліста пакручанага, салодкага, падсмажанага ў масле, храбусткога печыва, ад якога так смачна пахла. Маці сказала, што яно называецца хворастам.

На перапынку ў класе Рома выцягнуў мяшэчак з партфеля. Таня, якая сядзела ззаду, адразу пацягнула носам паветра і нахілілася да Ромы.

— Дай пакаштаваць!

— Купі! — сарвалася з языка ў Ромы.

— А што табе даць? — зусім не здзівілася Таня. Аказваецца, нават мамчын хвораст можна прадаць! І ён сам назначае цану! Вось дзіва!..

— Па капейцы.

— Дзевачкі! — крыкнула Таня.— Ромка хвораст прадае. Умомант яго акружыла дзятва і раскупіла ўсе хварасцінкі. У прадаўца апынулася жменя манетак.

«А калі б я сказаў — дзве капейкі,— разважаў хлопчык,— узялі б ці не? А пяць?»

Але Рома не смуткаваў. Капейкі яму больш за ўсё падабаліся. Шкада, так хутка скончыўся яго гандаль.

1972

 


1972

Тэкст падаецца паводле выдання: Гарбук В.С. Горад без папугайчыкаў: Выбр. творы. [Для сярэд. шк. Узросту / Аўт. уступ. артыкула А. Васілевіч; Маст. В. Губараў]. – Мінск, Юнацтва, 1983.— 239 с., іл.
Крыніца: скан