epub
 
падключыць
слоўнікі

Вісарыён Гарбук

З добрым ранкам

 

Мелодыя свісту такая незвычайная, што я кідаю працу і зазіраю ў расчыненае на вуліцу акно.

— А я і не так яшчэ магу!

Хлопчык, гадоў дзесяці, абкружаны аднагодкамі, засоўвае два пальцы ў рот. Дзяўчаткі, якія стаяць побач, таропка затыкаюць вушы.

— Толік, ты лепш салаўём! — просяць яны.

Усцешаны агульнай увагай, маленькі артыст свішча салаўём. Я ў непаразуменні разглядваю гэтага, здавалася, знешне нічым не прыкметнага хлопчыка.

— Учора настаўніца як крыкне: «Калі ты я-ашчэ хоць раз насваволіш, выганю са школы!»

Абурэнне настаўніцы перададзена так выразна, што міжволі прыгадаўся Райкін.

А Толік разышоўся ваўсю. Пераймаючы стыляжную дзяўчыну, ён выконвае модны танец і пяе:

 

Хачу мужа, хачу мужа,

                хачу мужа я —

Прынца, герцага, барона

                або караля!..

 

Потым ён пераўвасабляецца ў яе напарніка і гэтакім пагардлівым баском адказвае:

 

Нам бы, нам бы, нам бы

                ўсім на дно.

Там бы, там бы, там бы

                піць віно!..

 

— Гэй, артысты! — звяртаюся я да ўсіх.— З добрым ранкам! Мне падабаецца ваша праграма. Яшчэ што-небудзь, калі ласка!

— А я вас ведаю! — не сумеўшыся, звяртаецца да мяне хлопчык.— У вас на акне зялёныя яшчаркі ўсё лета жылі. Дзе яны?

— Толькі што ўчора выпусціў на волю,— адказваю.— А вы ў хоры спяваеце, у спектаклях удзельнічаеце?

— Не.

— Чаму?

— У нас гэтага няма.

— А куток жывой прыроды ў вашай школе ёсць?

— Не-а.

— А што ж у вас цікавае ёсць?

— Нічога.

— А табе толькі б смешнае ды цікавае,— кажу я Толіку.— На сур’ёзнае цябе хапае?

— Хапае.

— Нешта не бачна.

Толік задумваецца.

— Мы ўчора па тэлебачанні глядзелі пра пажар у кватэры на трэцім паверсе. А яна на замку. Адзін хлопчык з верхняга акна па вяроўцы залез у кватэру і дзяўчынку выратаваў. І я б так зрабіў!

— Гэта добра,— кажу.— А вось сваю настаўніцу крыўдзіш. Што ты нарабіў?

— Ніхто яе не крыўдзіць.

— Ён,— засмяяліся дзяўчаткі,— на стол ёй вужа пусціў. А яна думала, што гадзюка.

— Вось бачыш!..

— А што ж яна, не ведае, што — вуж, а што — гадзюка?..

— А ты даўно даведаўся?

— Дык яна ж...

Дзеці размаўляюць са мной, а самі пільна сочаць за ўсімі падзеямі на вуліцы.

— Вунь Зініна мама пайшла з дому,— паведамляе дзяўчынка.

— Пабеглі да Зінкі,— узрадаваўся Толік.— Яна ўчора кардыналаў набыла. А мне малькоў гупі абяцала... Бывайце здаровы, дзядзька!

— Дзякую за канцэрт! — адказваю я.

Дзеці зрываюцца і бягуць. Мяне так і падмывае гарэзліва свіснуць ім наўздагон. Але я ўспамінаю пра іх настаўніцу і міжволі задумваюся. Хто ёй дапаможа зірнуць на гэтых свавольнікаў іншымі вачыма і знайсці да іх сэрцаў дарогу?

1962

 


1962

Тэкст падаецца паводле выдання: Гарбук В.С. Горад без папугайчыкаў: Выбр. творы. [Для сярэд. шк. Узросту / Аўт. уступ. артыкула А. Васілевіч; Маст. В. Губараў]. – Мінск, Юнацтва, 1983.— 239 с., іл.
Крыніца: скан