epub
 
падключыць
слоўнікі

Вісарыён Гарбук

Заўважаная памылка

 

Я рашаў задачы. Засталася адна. Думаў — самая лёгкая. Як ні біўся — не паддаецца.

З мукі спяклі хлеб. Па кілаграму буханка. Трэба даведацца, колькі атрымалася буханак, калі прыпёк склаў чацвёртую частку.

Варта мне было дайсці да слова «прыпёк», як успамінаўся пагорак, дзе я загараў на сонцы, калі да бабулі ў вёску ездзіў у госці.

На пагорку раслі кветкі. Як здорава пахлі! Іх водарам так і хацелася дыхаць. І бабуля гэтыя кветкі любіла. Называла чабаром. Нават у яе хаце пахла гэтым чабаром!

На тым пагорку і вакол усё звінела, стракатала. Аднойчы ў траве нешта варухнулася. Амаль перад самым носам я ўбачыў яшчарку! Сама зялёная, вочкі рудыя, з залацістым абадком. Мы ўтаропіліся адзін на аднаго і замёрлі. Толькі з рота ў яшчаркі язычок выскакваў. Мабыць, ад здзіўлення. Чорны, тонкі, дзіўна раздвоены. Выскакваў і хуценька хаваўся.

Эх, каб зноў лета! Забрацца б на той самы пагорак, на самы прыпёк! Бабуля смяялася, што мяне дома ніхто не пазнае, такі чорны зрабіўся ад загару!.. «І чаму такі дзіўны язык у яшчаркі?» — усё не выходзіла з маёй галавы.

Пачуўся тэлефонны званок. Я схапіў трубку.

— Сань, гэта ты?!. Вось добра, што пазваніў. У цябе задача з прыпёкам атрымалася? Не? І ў мяне — не выходзіць. Што? Да цябе? Лепш ты прыходзь.

Санька не прымусіў чакаць сябе.

— Чытай задачу! — загадаў ён мне.

— Ды я сто разоў яе чытаў.

— Ну, давай мне. Значыцца, колькі атрымалася буханак, калі прыпёк... Эх і люблю я гэты прыпёк!..— Санька пракаўтнуў слінкі.— Калі буханка добра падсмажана, я па дарозе ўсе вуглы аб’ем, пакуль дамоў данясу. Так смачна! А нядаўна,— Санька засмяяўся,— прыехалі госці, я пабег у магазін, усяго накупіў, а пра гасцей забыўся. Сеў сабе ў альтанку пад дрэвам, што ў парку, і давай скарыначкі абломваць.

— І я скарынкі люблю,— сказаў я.— Чым чарней, тым смачней. Усё, што ў маці падгарае, мне пакідаецца. А тата не церпіць гэтага прыпёку.

— Дык што ж такое прыпёк? — пачаў разважаць Санька.— Ясна: добра падсмажаныя, нават падгарэлыя скарынкі... А калі мука гарыць, уся яе вага ў чад ператвараецца. У звычайны дым.

— І на адну чацвёртую частку зменшыцца вага мукі, што ў задачы! — падтрымаў я Саньку.— Усё проста. Хуценька падлічым!

— А ў падручніку ў адказе больш...— сказаў здзіўлены Санька.

— Цю! — свіснуў я.— Што ж гэта такое?

— Нават калі вялікі пень згарае, ад яго жменька попелу застаецца! — гарачыўся Санька.— Памятаеш у лагеры наша вогнішча?

Я моўчкі кіўнуў галавой і сказаў:

— Можа, памылка?

— Яўная памылка! — ускочыў Санька.— І не проста памылка, а заўважаная! Разумееш, намі заў-ва-жа-на-я! Ведаеш што! Мой тата ўчора па падпісцы энцыклапедыю атрымаў. Таўшчэзная таміна! А ў ім лісток. Так і называецца: «Заўважаныя памылкі». Вось тата абураўся! «Такое,— кажа,— аўтарытэтнае выданне, і памылкі!»

— А тут звычайны задачнік,— сказаў я.

— Потым тата прачытаў,— успомніў Санька,— што за ўсе дасланыя заўвагі і пажаданні выдавецтва будзе вельмі ўдзячна... А што, калі мы пашлём у выдавецтва пісьмо?

— Абавязкова пашлём! — усклікнуў я.— Так і напішам: «Заўважаная памылка».

— І нам проста ў школу з самога выдавецтва падзяку прышлюць! — узрадаваўся Санька.— Вось гэта будзе здорава!

Санька пайшоў дамоў, а я сяджу і думаю: «А раптам гэта не памылка?!»

А што тады?..

1973

 


1973

Тэкст падаецца паводле выдання: Гарбук В.С. Горад без папугайчыкаў: Выбр. творы. [Для сярэд. шк. Узросту / Аўт. уступ. артыкула А. Васілевіч; Маст. В. Губараў]. – Мінск, Юнацтва, 1983.— 239 с., іл.
Крыніца: скан