epub
 
падключыць
слоўнікі

Вісарыён Гарбук

Знаходка

 

Ранкам я выбегла на ганак. Гляджу, на прыступцы мамін жук. Мама ім кофту зашпільвае. Зарадавалася я: мама згубіла, а я знайшла. Схапіла, а жук як драпане па далоні! Я з перапуду кінула яго — і ў крык. Прыбегла мама, потым выйшаў тата. А жук ляжыць на сцежцы дагары нагамі і варушыцца, каб як-небудзь перакуліцца.

— Ён за руку мяне драпнуў. Утаплю яго! — сказала я.

— Паспрабуй,— адказаў тата.

Кінула я жука ў начоўкі з вадой, што стаялі на ганку, а ён нырнуў і давай плаваць.

— Бедны жук! І патануць не можа,— засмяялася мама.— Гэта ж плавунец. Ноччу пералятаў з аднае сажалкі ў другую і выпадкова сюды заляцеў.

— А чым ён у вадзе жывіцца? — спыталася я.

— Пражора і драпежнік,— адказаў тата.— Нават на маленькіх рыбак кідаецца.

— Драпежнік?! — здзівілася я.— А які прыгожы! Нават брошкі робяць падобныя на яго.

— Давай, маці, акварыум Танечцы зробім,— прапанаваў тата.— Хай бачыць, хто ў вадзе жыве.

А што такое акварыум, я не ведала. Ажно аква па-латыні — вада. Акварыум, значыцца, куток вадзянога жыцця.

Быў у мяне з марлі сачок, матылькоў лавіць. Узялі мы шкляны слоік, гэты сачок і пайшлі з татам на сажалку.

1963

 


1963

Тэкст падаецца паводле выдання: Гарбук В.С. Горад без папугайчыкаў: Выбр. творы. [Для сярэд. шк. Узросту / Аўт. уступ. артыкула А. Васілевіч; Маст. В. Губараў]. – Мінск, Юнацтва, 1983.— 239 с., іл.
Крыніца: скан