epub
 
Падключыць
слоўнікі

Віталь Вольскі

Аднаўленне фермы

 

 

Пераначаваўшы на канапе ў дырэктарскім кабінеце, я выходжу раніцай з канторы.

Сонца даўно ўжо разагнала туман і цяпер, пасля халоднай ночы, свеціць асабліва ярка і лагодна.

У сасновым бары стукаюць дзятлы.

Па гонтавым даху дырэктарскага дома жвава скачуць вясёлыя пліскі.

Зігзагамі прарэзваюць паветра стрыжы і ластаўкі.

Шмат чаго змянілася за гэты час у запаведніку. Выраслі новыя будынкі, багата папоўніўся экспанатамі адноўлены заалагічны музей.

Леанід Васільевіч паказвае мне гадавальнік, што будуецца для ласёў.

У сасновым бары, каля самай сядзібы запаведніка, выдзелены для гэтай мэты ўчастак зямлі памерам у адзін гектар. На ўчастку растуць і старыя высокія хвоі, і густы малады падлесак. Глеба тут сухая, пакрытая белым мохам, верасам і бруснічнікам.

Вакол участка, адзначанага слупамі, будуецца паркан з сасновых бярвенняў, дастаткова моцны і трывалы, каб ласі не маглі яго паваліць, і дастаткова высокі, каб яны не маглі цераз яго пераскочыць.

У цёплым сонечным паветры пахне верасам і жывіцай.

— У наступным годзе, — гаворыць Леанід Васільевіч, — ласіная ферма будзе ў нас цалкам адноўлена. Вясной мы адловім некалькі маладых ласёў і будзем іх трымаць у гэтым гадавальніку, хоць і за парканам, але ва ўмовах, вельмі блізкіх да прыродных. Доследы па прыручэнні ласёў, паспяхова распачатыя да вайны, будуць намі працягвацца. Пра гэтыя доследы вам можа расказаць шмат цікавага наш заатэхнік Вадзім Аляксандравіч. Ён займаецца вывучэннем парнакапытных жывёл і наглядае за пабудовай фермы.

Размаўляючы, мы абышлі амаль усю тэрыторыю будучага загона. На супрацьлеглым баку стаіць невялікая група людзей.

— Вадзім Аляксандравіч, хадзіце сюды! — паклікаў Леанід Васільевіч.

Да нас падышоў пажылы хударлявы чалавек у акулярах, які перад гэтым гаварыў аб нечым з рабочымі, аглядаючы прывезеныя бярвенні.

— Калі была створана ўпершыню ласіная ферма? — спытаў у яго Леанід Васільевіч.— Мяне ў той час тут не было.

Вадзім Аляксандравіч дакладна і падрабязна растлумачыў усё, што было яму вядома з практыкі яго работы.

— Доследы па прыручэнні ласёў, — сказаў ён, — пачаліся ў нашым запаведніку задоўга да вайны. У лютым 1936 года, у раёне Вялікай Ракі, былі злоўлены ў загон, памерам у дзесяць гектараў, два ласі ва ўзросце дзесяці месяцаў. Але першыя спробы прыручыць гэтых ласёў скончыліся няўдачай. На такім вялікім участку яны заставаліся дзікія, як і на волі. У маі 1937 года злавілі двух другіх ласянят, самца і самку, і ў ліпені яшчэ аднаго самца. Трымалі іх на спецыяльна для гэтага пабудаванай ферме, дзе яны ўвесь час знаходзіліся пад наглядам людзей. У красавіку і маі 1938 года да іх далучылі чатырох новых ласёў. У 1939 годзе адлавілі для фермы яшчэ двух, а ў 1940-м — шэсць ласянят. Некаторыя з іх былі яшчэ зусім малыя. Іх знайшлі ў лесе адразу пасля ацёлу, слабых, даверлівых і бездапаможных. Яны ледзь хадзілі, няўпэўнена, нібы на хадулях, перастаўляючы свае высокія ногі, калі іх падштурхвалі ззаду.

— Як знайшлі іх у лесе? — зацікавіўся я. — Гэта ж, напэўна, нялёгка?

— Але і не так ужо цяжка, як здаецца з першага погляду, — адказаў Вадзім Аляксандравіч. — Трэба толькі добра ведаць мясцовасць, дзе ходзяць ласі. Калі ласіха народзіць вясной, звычайна ў канцы красавіка ці ў пачатку мая, малога, яна пакідае яго аднаго дзе-небудзь у нізінцы, у густым асінніку, у высокай траве ці ў кустах, а сама адыходзіць убок, каб не прыцягваць да яго ўвагі ворагаў. Час ад часу ласіха падыходзіць да малога, корміць яго сваім малаком, а потым зноў пакідае аднаго. Яна трымаецца на некаторай адлегласці, абрываючы свежае зялёнае лісце і маладыя галінкі бярозы, асіны і ясеня, безупынна нюхаючы паветра і прыслухоўваючыся да кожнага шолаху. Егеру, які хоча знайсці ласяня, трэба падпільнаваць ласіху. Заўважыўшы чалавека, яна не будзе ўцякаць, як заўсёды, а, наадварот, выйдзе наперад, пакажацца яму на вочы і пастараецца адцягнуць увагу ад таго месца, дзе яна схавала сваё дзіця. Для гэтага яна пабяжыць у супрацьлеглы ад ласяняці бок, але пабяжыць павольна, трымаючыся адкрытых месц і скоса паглядаючы назад, каб упэўніцца, што чалавек убачыў яе і ідзе за ёю следам. Час ад часу ласіха будзе спыняцца, каб падпусціць чалавека бліжэй і заахвоціць яго да далейшай пагоні. Такімі хітрыкамі яна стараецца адвесці чалавека далей ад свайго дзіцяці. Вопытны егер ведае, што ласяня трэба шукаць якраз там, дзе ласіха паказалася яму на вочы, у напрамку, супрацьлеглым таму, куды яна пабегла. Па слядах егер хутка знойдзе месца, дзе ляжыць ці стаіць ласяня. Цяпер трэба пачаставаць ласяня малаком з бутэлькі, якую егер павінен мець пры сабе. Пасмактаўшы соску, ласянятка само пойдзе за чалавекам.

— Хіба не спрабуе ласіха абараняць малога? — пытаюся я.

— Звычайна ўсё абыходзіцца добра, — гаворыць Вадзім Аляксандравіч. — Але быў у нас аднойчы выпадак, калі ласіха кінулася на егера. Яна ледзь не збіла яго з ног. Ён выратаваўся толькі тым, што паспеў стрэліць у паветра. Гэта спалохала і далёка адагнала ласіху, а егер узяў малога на рукі і выбраўся з лесу. Вострымі капытамі сваіх пярэдніх ног раззлаваны лось можа забіць чалавека насмерць.

— Чым вы кармілі такіх малых?

— На ферме ласянят паілі спачатку каровіным малаком і аўсяным пойлам з надрэзанай соскі, а потым пачалі даваць ім лісце і маладыя галінкі лазы, асіны і бярозы. Давалі яшчэ моркву, буракі, авёс. Ласяняты ў гадавальніку хутка зрабіліся зусім свойскія. Яны бегалі за агароджай, ганяліся адзін за другім, гулялі. Калі ж да іх набліжаўся знаёмы чалавек, ласяняты падбягалі да яго і тыцкаліся мордамі ў руку, патрабуючы пачастунку. Такім пачастункам з’яўляўся звычайна кавалак хлеба... Тым часам выраслі ласяняты, злоўленыя раней. За тры гады яны ператварыліся ў вялікіх і дужых дарослых ласёў. Кожны з іх быў вышэйшы і дужэйшы за каня. Усе яны прывыклі да людзей, самі падыходзілі да супрацоўнікаў і заўсёды беглі насустрач, калі іх клікалі. Кожны лось у гадавальніку меў сваё імя. Тут былі і Салавей, і Перапёлка, і Ветрык, і Хлопчык, і Сняжынка. У маі 1941 года ў нас адбылася радасная падзея — на ферме ўпершыню нарадзіліся ў няволі малыя ласяняткі. Яны былі свойскія з першых дзён з’яўлення на свет. Такім чынам у гадавальніку стварыўся цэлы статак ласёў розных узростаў, ад трох год і да нованароджаных.

— Ці не спрабавалі злоўленыя ласі ўцячы з гадавальніка?

— Такіх выпадкаў у нашай практыцы не было. Ласёў, якія выраслі на ферме, мы выпускалі пасвіцца на волю, у суседнія лясы, спачатку пад наглядам людзей, а потым адных і на ўвесь дзень. Нашы выхаванцы заўсёды самі прыходзілі пад вечар дамоў на ферму. Калі мы іх клікалі, яны прыбягалі з лесу і днём.

— А якую карысць можа даць развядзенне ласёў?

Вадзім Аляксандравіч ажывіўся. Вочы гэтага звычайна стрыманага чалавека заблішчалі. Мне здалося нават, што ён крыху зазлаваў. Відаць, тэма, якую мы закранулі ў размове, была для яго вельмі блізкая.

— Прыручылі ж людзі ў свой час і аленя ў паўночнай тундры, і доўгавалосага яка ў высакагорных раёнах Кіргізіі, і буйвала ў Закаўказзі, — адказаў Вадзім Аляксандравіч з запалам. — Вы ж ведаеце, якую вялікую карысць прыносіць на поўначы прыручаны алень? На ім ездзяць і ў санях, і верхам. Малако яго п’юць, мяса ядуць. Скура і футра паўночнага аленя ідзе на розныя прамысловыя вырабы, у першую чаргу на адзенне і абутак. Ёсць падставы меркаваць, што і прыручэнне лася, блізкага сваяка аленя, мае ў нашых умовах пэўныя перспектывы.

Лось па сваім характары даволі спакойная жывёліна і лёгка прывыкае да людзей. Вялікі па памерах і вельмі дужы, ён можа быць выкарыстаны не толькі для перавозкі грузаў, асабліва ў лясістых і балоцістых мясцовасцях, якіх так многа ў Беларусі, але і ў мяса-малочнай гаспадарцы. Малако ласіхі багата на тлушч. Мяса лася смачнае і дабраякаснае. Лось хутка расце і ў добрых умовах шпарка набывае вагу. Са шкуры лася вырабляюць падэшвы для абутку, а таксама замшу найлепшых гатункаў. Ласі здольны жыць не толькі на поўначы, але і ў розных кліматычных умовах. На корм яны вельмі непераборлівыя. На волі ласі харчуюцца лісцем і парасткамі асіны, лазы, рабіны, бярозы, ясеня, дуба, чаромхі, карою асіны і сасны, рознымі балотнымі хмызняковымі раслінамі, травой. На пасевы сельскагаспадарчых культур лось ніколі не выходзіць ні ў дзікім, ні ў прыручаным стане. У гаспадарцы шкоды ад яго няма ніякай. Шляхам далейшага адбору на працягу некалькіх пакаленняў карысныя якасці лася можна ўзмацніць, палепшыць і павялічыць.

— Няўжо гэтую дзікую лясную жывёліну сапраўды можна прывучыць да аглобляў і лейцаў? — пытаюся я.

— Можна, — сцвярджае Вадзім Аляксандравіч. — І з кожным новым пакаленнем ласёў, народжаных і выхаваных на ферме, рабіць гэта будзе ўсё лягчэй. Прывучаць маладых ласёў, злоўленых у лесе, да запрэжкі мы пачалі ў паўтарагадовым узросце. Спачатку надзявалі на іх толькі аброць з засцежкай, а потым, калі яны да яе прывыклі, хамут і іншую збрую. Вопыт паказаў, што ездзіць на ласях лепш за ўсё зімой. Лось, запрэжаны ў сані, бяжыць вельмі шпарка, роўным і шырокім ходам, хутчэй за самага добрага каня, але не на вялікую адлегласць, бо пасля 20—30 кіламетраў стамляецца. Летам на ласях ездзіць цяжка, бо яны не церпяць спякоты. У гарачую пару летняга дня з ласём не саўладаць, ён не слухаецца лейцаў, усюды шукае ценю і вільгаці. Калі ж сустрэнецца па дарозе рэчка ці возера, лось можа кінуцца ў ваду разам з павозкай.

— Ці многа ласёў у запаведніку?

— У 1935 годзе на тэрыторыі запаведніка было дзвесце семнаццаць ласёў, а ў 1940 годзе пагалоўе іх вырасла да чатырохсот дваццаці двух. У час вайны шмат ласёў загінула. Прыручаныя ласі, выпушчаныя з гадавальніка на волю, кожны дзень з’яўляліся на двор спаленай фермы і смела падыходзілі да людзей, пакуль не былі ўсе да аднаго перабіты акупантамі. Цяпер ласёў налічваецца ў нас зноў каля двухсот галоў.

Пакуль мы размаўлялі, грузавік прывёз новую партыю бярвенняў для агароджы, і Вадзім Аляксандравіч, скончыўшы свае тлумачэнні, спяшаецца да машыны.

Вакол будучага ласятніка шуміць высокі зялёны бор.

Над грузавіком прарэзліва крычаць сойкі.

Верасы напаўняюць паветра мядовым пахам.

1947—1948

 




Беларуская Палічка: http://knihi.com