epub
 
падключыць
слоўнікі

Віталь Вольскі

Бабраня на двары

 

З учарашняга вечара ўсю ноч і ўвесь дзень ідзе безупынку дождж. Таму азнаямленне з запаведнікам прыходзіцца сёння абмежаваць толькі тэрыторыяй сядзібы.

У пуні, каля дома дырэкцыі, жыве ў клетцы малое бабраня. Яму ўсяго паўтара месяца. Яно вельмі дабрадушнае і лагоднае. Калі да яго падыходзяць, яно падымаецца на заднія лапы і цягнецца насустрач, стогнучы пры гэтым, як дзіця.

Чорнымі пярэднімі лапкамі бабраня бярэ, нібы рукамі, лазінку і, спрытна яе паварочваючы, хутка абгрызае з усіх бакоў зялёную кару. Кормяць яго таксама малаком, хлебам і лісцямі іван-чаю.

Трапіла яно сюды выпадкова. Два тыдні назад яго злавілі на Бярэзіне. Ляснічы Церах плыў па рацэ ў чоўне міма адной з бабровых хатак. На паверхні вады, недалёка ад хаткі, з’явілася бабраня. Яно пераплывала раку, накіроўваючыся да супрацьлеглага берага. Убачыўшы лодку, бабраня змяніла напрамак і паплыло побач з чоўнам, з цікавасцю паглядаючы на Цераха сваімі чорнымі вочкамі.

Ляснічы апусціў руку за борт, схапіў бабраня за хвост і выцягнуў яго з вады ў човен. Бабраня па дзіцячым сваім неразуменні і даверлівасці не спрабавала ні ўцякаць, ні супраціўляцца. Яго прынеслі ў дырэкцыю запаведніка, і вось яно жыве цяпер у пуні.

Мы выпускаем бабраня з клеткі. Няхай крыху пагуляе. Па зямлі яно рухаецца не вельмі спрытна. Забаўна шлёпаючы сваімі вялікімі заднімі лапамі з шырокімі плавальнымі перапонкамі паміж пальцаў, згорбіўшыся і смешна перавальваючыся з боку на бок, яно нязграбна спяшаецца між градак агарода.

Апынуўшыся на двары і агледзеўшыся, бабраня адразу і беспамылкова вызначае правільны напрамак. Чуццё падказвае яму, што вада знаходзіцца параўнальна недалёка, і яно імкліва накіроўваецца ў бок канала, да якога адсюль будзе, мабыць, з паўкіламетра.

Даўшы бабраняці як след пагуляць, яго праз некаторы час зноў садзяць у клетку.

Гэта — першы пасля вайны адлоўлены ў рацэ бабёр, які знаходзіцца пад навуковым наглядам. Да 1941 года ў запаведніку праводзіліся доследы па развядзенні баброў у клетках і вальерах.

Ад мінулага абсталявання фермы захаваўся толькі цэментаваны басейн, у якім трымаліся паддоследныя бабры. На дне, засыпаным зямлёй і пяском, густа расце бур’ян і крапіва.

— Работы тут непачаты край, — гаворыць дырэктар, — але больш за ўсё прыходзіцца цяпер будаўніцтвам займацца. Да вайны запаведнік меў для навуковай работы дастатковую колькасць вытворчых, жылых і гаспадарчых памяшканняў. У Крайцах былі чатыры жылыя дамы, двухкватэрныя катэджы для супрацоўнікаў, добра абсталяваная лабараторыя, клуб, бібліятэка, заалагічны музей і вялікая падсобная гаспадарка. Ад усяго гэтага засталіся толькі абвугленыя руіны. Усё знішчана, спалена, разбурана. Усё трэба будаваць нанава, усім трэба абзаводзіцца з самага пачатку.

1947—1948

 


1947-1948

Тэкст падаецца паводле выдання: Вольскі, В.Ф. Падарожжа па краіне беларусаў: нарысы / Віталь Вольскі. – Мінск, Мастацкая літаратура, 2006. – 319 с.
Крыніца: скан